Выбрать главу

— Не турбуйцеся, Мак-Нэйр, — сказаў ён афіцыйным тонам. — Я не маю справы ні да падаходнага, ні да ўсялякага іншага падатку. Мне патрэбна іншае: злавіць вас знянацку з незаконнай пушнінай. Падумаеш, падаходны падатак! — ён засмяяўся, зарагатаў вар'яцкім смехам, ляпнуў Роя па калене і зноўку зарагатаў, назіраючы, як той ачуньвае ад нечаканасці.

Рою было ўжо дастаткова. Ён устаў, збіраючыся ісці.

— Толькі не трапляйцеся мне разам з Мэрэем альбо Зелам Сен-Клэрам, — дадаў інспектар. — Я ведаю, што яны карысталіся вашай хацінай, і калі я злаўлю іх там, то і вас у дадатак.

Рой яшчэ не дараваў інспектару яго дзіўнага жарту з падаходным падаткам.

— Толькі калі выберацеся гэтай зімой, — сказаў ён, — асцерагайцеся. У мяне вакол хаціны расстаўлены некалькі мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкі чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, інспектар.

— Мядзведжыя пасткі і неспадзяваная куля! Добра, буду асцярожны, Рой. Вось, вазьміце. Захаваў спецыяльна для вас. — Ён падаў Рою стос супрацьпажарных плакатаў, ведаючы, як яму падабаецца іх кідкі драматызм. — Калі збіраецеся назад у лес?

— Яшчэ не ведаю.

— Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькі вы вып'еце.

Гэта залежала ад Сэма, але Рой не збіраўся дакладваць пра гэта інспектару. Ад думкі пра Сэма Рою сапраўды захацелася выпіць яшчэ, але ён ведаў, што спачатку трэба разабрацца з Сэмам. Не паддаючыся спакусе, ён проста з канторы інспектара перасек вуліцу і чыгунку, прайшоў міма царквы і, пераадолеўшы некалькі гранітных градаў, дабраўся да фермы Джэка Бэртана.

— Місіс Бэртан! — паклікаў ён яшчэ з парога. Унутр ён не заходзіў. Яму было цяжка проста вось так зайсці ў хату, нават у хату Джэка. Ён толькі ўсунуў у дзверы галаву. — Дзе Джэк, місіс Бэртан?

Выйшла місіс Бэртан, сарамлівая, абы як апранутая жанчына з невыразным тварам; маленькая і добрая істота.

— Добры дзень, Рой, — сказала яна. — Джэк недзе каля хлява. Як вам жывецца?

— Цудоўна. А як вашая сям'я? Яна пачырванела, відаць, таму, што была бачна хуткая прыбаўка яе сям'і.

— Джэк рамантуе хлеў, — зноўку перавяла яна гаворку на свайго мужа.

Рой ссунуў на патыліцу сваю суконную шапку і пайшоў шукаць Джэка. Той стаяў на лесвіцы, выраўноўваў і прымацоўваў драніцы на страсе хлява. Хлеў быў стары, з дошак, на сасновых слупах. На месцы некаторых згніўшых слупоў засталіся ямы, тыя слупы, што засталіся, ледзьве падтрымлівалі страху. Хата таксама была накрытая драніцамі, а сцены злеплены з гладкай і цвёрдай гліны. Хата, высокі хлеў з кароўнікам, нізкі свінарнік — усё збілася на голым, пранізаным ветрам лапіку зямлі. Адзінае дрэва, маладая сасна, адзінока расла ля загарадкі з дроту, якая цягнулася па схіле да дарогі. Гаспадарка была старой і занядбанай, але зблізку яе ажыўляў шум жылля — дзіцячы плач, брэх сабакі, піск парасяці, рык каровы — усе гэтыя гукі і пахі фермы.

— Глядзі, не зваліся і не развалі гэтую крывульку, — гукнуў Рой Джэку. — Злезь, пакуль няма ветру і пакуль ён не паваліў цябе разам з тваім хлявом.

Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забіваў цвікі ў драніцу і мацюкнуўся, калі яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кішэню, а пласкагубцы — за пояс, надаўшы тым самым аб'ёмнасць сваёй гнуткай, худой фігуры.

— Не, гэты хлеў не паваліцца, — сказаў Бэртан. — Я знарок пакідаю зверху дзіркі, каб вецер свабодна праходзіў, толькі таму ён і трымаецца.

Рой паглядзеў на дзіркі.

— Спрытны ты фермер, Джэк, — сказаў ён. — Шкада, што мой Сэм ніяк не справіцца з фермай.

— Ён прасіў цябе застацца на зіму?

Рой кіўнуў.

— Ён ужо тыдні два таму казаў, што збіраецца прасіць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?

Яны зайшлі ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна і пуста, стаяў ядавіты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькі мыканне гадавалай цялушкі, якое рэхам адбівалася ад высокай страхі. Некалькі свіней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нічога не было. Пазней, бліжэй да снегу, хлеў запоўніцца жывёлай — сведчаннем фермерскіх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свіней, двое коней, дзве казы і пяць клетак з ангорскімі трусамі. Усё гэта ўціснецца ў хлеў і будзе грэцца ўласнай цеплынёй і дыханнем.

— Уявіць не магу, што будзе з фермай, калі я не застануся, — разважліва прамовіў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогі ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нічога парадзіць яму. — Бяда яшчэ вось у чым, — працягваў Рой. — Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставіць крыж і што для дробнага фермера тут усё скончана. — Ён пачакаў, спадзеючыся, што Джэк будзе адмаўляць гэта, адмаўляць, што ўся іхняя акруга вымерла.