— Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх, — сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азіраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свінарнік і куратнік, затым пограб, і толькі пасля ўсё іншае.
— Мэй, — звярнуўся Джэк да жонкі, — у цябе нічога не знойдзецца Рою ў дарогу?
Місіс Бэртан ужо выставіла перад Роем два слоікі: адзін — з парэчкамі, другі — з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш — госць ці гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запіхаў у кожную кішэню па слоіку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ён купіў іх сабе, але ў яго быў яшчэ адзін пакецік у мяшку ў Дзюкэна.
— Пайду, наведаю Сен-Клэра, — сказаў ён Джэку і хутка ўстаў.
— Толькі глядзі, каб у цябе не было з сабой грошай, — папярэдзіў Джэк, праводзячы Роя. — Калі хочаш з ім выпіць, лічы, што тваіх грошай не будзе.
— І адкуль у табе гэты закон і парадак, Джэк? — сказаў Рой. Яны пастаялі моўчкі. — Дык я прышлю табе тры сотні. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да Каляд — на возеры.
— Хутчэй, што так, Рой.
— Дык, значыць, месяца праз паўтара.
— Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!
Рой ужо каціўся па схіле да дарогі, ногі яго ўздымалі клубы пылу, і вецер адносіў іх. Пылу было не вельмі многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавілася ўсё больш густой, і хутка Джэк бачыў толькі пыл, а пасля і хмарка знікла сярод дрэў.
Раздзел трэці
Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокі, меншы за Роя і худы. Французы Сент-Элена сцвярджалі, што сваімі запалымі шчокамі, праніклівым позіркам, сінню на падбародку і слабым, такім слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было ніякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасці, ён бачыў у Зеле штосьці больш зразумелае, напрыклад — насільшчыка, які ненавідзіць сваю працу.
Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкім канцы лясной расчысткі Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялізную бярозу, і ўсё цела яго паўтарала ўзмахі сякеры.
— Цяжкая праца для ляснога валацугі! — звярнуўся да яго Рой.
Зел абапёрся на бярозу і перадыхнуў.
— Гэта ўсё інспектар, каб на яго ліха, — сказаў ён.
Рой засмяяўся.
— А хіба дрэнны інспектар? Захоўвае закон і парадак.
— Пачакай, хутка здаволіцца. Я пра гэта паклапачуся.
— Ты лепш пра сябе паклапаціся. Калі ён убачыць цябе ў лесе, тут табе і канцы.
— І яму будуць канцы! — сказаў Зел і правёў Роя праз гушчар, які ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, заціснутая скаламі і лесам, ужо часткова зарасла ліпай, ядлоўцам і густымі парасткамі бярозак. Ёй было толькі чатыры ці пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, які давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справіцца з бярозай вялікім садовым нажом або з дапамогай пала, і за сякеру браўся толькі дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб'явіў вайну наступу лесу, купіўшы гэтую высечку летам і ачышчаючы яе да зімы. Рой цаніў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамітым чалавекам у Сент-Элене, калі толькі Сент-Элен і дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асабліва.
— Выпі! — Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкім пойлам, падазрона празрыстым і бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалі куртка і нож. — Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!
Рой выпіў і адчуў на нёбе лёгкі прысмак анісу, але калі гэтае пойла абпаліла гартань, ён зразумеў, што п'е амаль голы спірт. Яны выпілі зноў.
— Гэтая штука даканае цябе, Зел, — сказаў Рой.
— Не гэта, дык іншае, — з сумам азваўся Зел, і яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця — жадання жыць.
Гэта прыгнятала Роя. У лёсе Зела ён убачыў лёс усіх звераловаў, пазбаўленых права на паляванне. Ён прапанаваў французу выпіць яшчэ, і сам таксама глынуў.
— А мо інспектар яшчэ верне табе твой участак? — сказаў яму Рой.
— Забярэ яго ў Брэка Гарта і аддасць мне? Напэўна ж не!
— А чаму ты не пойдзеш на поўнач, на новыя тэрыторыі? Тут нам усё адно няма чаго рабіць, ты ж гата ведаеш. Чаму ты не дасі дзёру на поўнач, Зел?
— А жонку і дзяцей кінуць тут?
— Пражывуць, пакуль ты там увойдзеш у сілу.
Зел пакруціў галавой, і Рой зразумеў, што ўсё гэта ён шмат разоў перадумаў і адкінуў усе варыянты як безнадзейныя, яшчэ нічога не зрабіўшы.
— Інспектар пахаваў мяне тут, — сказаў Сен-Клэр, — і ён нацкуе на мяне ўсіх інспектараў на поўнач ад Муск-о-гі. Але ўсё роўна ён не выжыве мяне з Сент-Элена. Я пайду ў лес і ўсё адно буду займацца паляваннем, хоча гэтага інспектар ці не, а калі сустрэнемся — тым горш для яго.