Рой падняў маленькую палявую мыш, якую выпусціла сава. Мыш была жывая, але ўся здранцвела са страху. Рой паклаў яе ў бяспечнае месца паміж двух карчоў і вярнуўся да савы. Яна смяротна разбілася. Рой адышоўся, двойчы стукнуў бярозавым суком па яе галаве, і сава сцішылася. Ён падумаў: «І чаму гэта сава, начны птах, задумала паляваць днём? Відаць, ад старасці? Альбо з голаду?» Ён паглядзеў, як шмыгнула далей ад страху апрытомнелая мыш, пасля рушыў па дарозе далей.
Ён збочыў з яе, калі ўбачыў агні крамы Дзюкэна. Ён перасек пустку і збіраўся нырнуць у піхтавы маладнячок, калі спераду, крокаў за пяцьдзесят, з'явіўся чалавек, які, відаць, чакаў яго. Рой рэзка павярнуўся і імгненна знік, з усяе сілы дзеручыся праз густы зараснік. Ён спыніўся толькі тады, калі пачуў, як яго кліча знаёмы голас. Калі павярнуўся, дык убачыў за спінай худую постаць з сякерай у руцэ і пачуў смех Джэка Бэртана.
— А ты становішся неабачлівым, — сказаў той. — Я заўважыў цябе за мілю, яшчэ на спуску.
— Фермер Джэк! — радасна ўсклікнуў Рой. — Што ты тут робіш?
— Падпільноўваю цябе, а ты прэш як мядзведзь.
— Я так і ведаў, што гэта ты, бо іншай такой худзізны няма ў цэлым Сент-Элене.
— Ты думаў, што гэта інспектар, — адказаў Бэртан.
Рой пасмяяўся і з Бэртана і з сябе.
— Аднак што ты тут усё-такі робіш? — спытаўся ён яшчэ раз.
Бэртан узяўся за сякеру:
— Карчую вось гэтую пустку.
— Дык ты батрачыш на матухну Дэніс?
— Я фермер, — сказаў Бэртан. — У сваім жыцці я не буду ні на каго батрачыць. Дровы матухне Дэніс, зямля мне.
— Абкрадваеш бедную старую, — сказаў Рой.
— Ты мяне паслухай, — адказаў Бэртан. — Адным цудоўным днём інспектар падпільнуе цябе і, калі ўбачыць, што ў тваім мяшку пушніны звыш нормы, адбярэ ў цябе ўчастак, а самога аддасць пад суд!
Гэта была помста, але гэта было і цвярозае папярэджанне чалавека, што ведаў, якім няшчасцем было б для Роя пазбаўленне свайго паляўнічага ўчастка і права на паляванне. А гэтае няшчасце пагражала Рою падчас кожнага вяртання ў Сент-Элен, бо ён, як зарэгістраваны трапер[1], меў права на пэўную колькасць скурак кожнага пушнога звера і не больш.
Спыні і абшукай яго інспектар зараз — гэта было б канцом для Роя-паляўнічага, бо, вядома ж, у яго за спінай было шмат больш за норму, і Джэк Бэртан гэта добра ведае.
— Ну, інспектару яшчэ трэба злавіць мяне, — прамовіў Рой.
Згадка пра даўні паядынак з інспектарам была прыемнай для Роя, але папярэджанне Бэртана на імгненне засмуціла яго.
— Адным цудоўным днём ён зловіць цябе, Рой, — сказаў Бэртан і перавёў гаворку на іншае. — Як паляванне? — спытаўся ён, абмацваючы заплечны мяшок Роя.
— Вясновы бабёр, андатра, — прамовіў Рой, — некалькі лісіц і катоў. Мала становіцца, Джэк, вельмі мала.
— Калі ж ты збіраешся выправіцца на поўнач, Рой?
— Калі так будзе працягвацца, дык не затрымаюся. Вылаўлены ўвесь участак. Хіба што за Чатырма Азёрамі знойдзеш ладную бабровую хатку. А норак мне за цэлы год ніводнай не трапілася. Канчаецца для нас паляванне, Джэк.
— Пра гэта ты казаў яшчэ чатыры гады таму.
— Казаў і зараз кажу, — мірна запярэчыў Рой. — З Муск-о-гі скончана. Можна аддаць тэрыторыю Бобу і іншым Аджыбуэям.
У свой час Муск-о-гі быў паляўнічай тэрыторыяй індзейскага племені Аджыбуэяў. Гэта яны назвалі так недаследаваную прастору, якая раскінулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Піянеры выжылі адтуль індзейцаў, і на працягу двухсот гадоў заказнік Муск-о-гі добра служыў паляўнічым і дробным фермерам. Ён і зараз карміў іх, асабліва тых трынаццаць трапераў, якія мелі там паляўнічыя ўчасткі; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гі хутка паляўнічым не будзе чаго рабіць.
— Праўда, Джэк, — сказаў ён, — вось і дапаляваліся.
— Дык што ж цябе тут трымае? — спытаўся Бэртан. — Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнічыя Муск-о-гі разявяць рот на новыя ўчасткі на поўначы, і на будучы год ты застанешся са сваім інтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? — Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлівае Роя. Рой любіў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач і адрэзаць сябе ад сваіх, стаць бяздомнай лясной скацінай. Але, з іншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было іншага жыцця.
— Але калі ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. — Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, і пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.