— Клем, — гукнуў Рой бармену-янкі, — я сабраўся ў пекла, дык дай мне якога-небудзь мядзведжага пойла, каб хутчэй дабрацца туды. Дай мне гэтага Блэк-энд-Блю. Даставай бутэльку.
Рой яшчэ памятаў, як наліў сабе, Зелу; памятаў, што Клем наліў па шклянцы сабе і Джэку Прату, адзінаму сент-эленскаму блазну. А пасля ўсё перамяшалася, паплыло — і ён не ведаў, што адчуваў і, асабліва, што рабіў. Цьмяна помніў усё новыя порцыі выпіўкі, тое, як падаў і падымаўся зноў, і як яго нехта біў; хлапчукі, якія дражнілі яго на вуліцы: «Ты п'яны, Рой, ты буяніш, Рой». Але ён ужо не помніў, як пераконваў іх: «Ну што вы, хлопцы. Хіба ж я п'яны?» — і як шпурляў у іх камянямі, калі яны не супакойваліся.
А пасля хлапчукоў у памяці быў правал да таго самага моманту, калі ён прачнуўся ў густой цемры, увесь хворы і збіты. Галава ажно трашчала, яму было блага. Ён ляжаў нерухома, імкнучыся разабрацца, дзе ён. Гэта яму доўга не ўдавалася, ён крыху паварушыўся і раптам адразу зразумеў:
— Джыні, — сказаў ён ціха.
Тая, што ляжала побач, не зварухнулася. Рой таксама не варушыўся і доўга прыслухоўваўся, як яна дыхае ў глыбокім сне. Пасля ён асцярожна злез з ложка і ледзьве выстаяў, бо так моцна пахіснуўся. Ён ведаў, дзе мусіў быць яго касцюм, але доўга не знаходзіў яго. Седзячы на падлозе, ён нацягнуў шкарпэткі і боты і тут заўважыў, што акно крышку пасвятлела.
Апрануўшыся, ён прашаптаў яшчэ раз: «Джыні!» Яна не адказала, і ён падышоў да яе. Рой не мог чакаць больш і як мага хутчэй выбраўся з пакоя. На кухні ён цяжка ўздыхнуў і пачаў шукаць сваю брызентавую куртку і пакет. Яны ляжалі ля акна на куфры. Апрануўшы куртку, ён пачаў шукаць шапку і знайшоў яе ў кішэні разам з чатырма кавалкамі мыла «Люкс». У пакеце былі два слоікі — падарунак місіс Бэртан і два іншыя, яшчэ цёплыя, пакладзеныя туды Джын Эндрус. Ён не глядзеў, што яна яшчэ паклала туды, але яму давялося запаліць лямпу, каб напісаць запіску з просьбай перадаць трыста даляраў Джэку Бэртану.
Яму зноў стала так блага, што ён сеў на куфар і схапіўся за галаву. Яго апаноўваў сорам, і ён імкнуўся хутчэй выйсці з гэтага здранцвення, каб пайсці не сустрэўшыся з Джыні. Уласна, ён ведаў, што хацеў сысці не толькі ад Джыні, але і ад сябе. Найбольш страшныя і ганебныя для яго былі гадзіны п'янага забыцця. Раней Джыні Эндрус расказвала яму, якія гадасці вытвараў ён у п'яным выглядзе, непаўторную брыдоту. Гэта заўсёды гняло яго, ён заўсёды баяўся зрабіць паскудства, нават проста звычайную няветлівасць. З часам яна перастала сароміць яго, зразумеўшы, што яму самому невыносна сорамна. Наадварот, яна старалася суцешыць яго, нагадваючы, якім ён можа быць добрым і бяскрыўдным. Але Рой не ведаў, у што верыць, і чым больш яна падбадзёрвала яго, тым больш ён сумняваўся. Пакаянне было непазбежна, і ён хацеў пакінуць яе вось так, сярод ночы, — каб толькі не сутыкнуцца днём вочы ў вочы з ёй і з самім сабой.
Ён ціхенька прычыніў уваходныя дзверы і на хвілінку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калі ён праходзіў міма акна спальні, Джыні пачула яго цяжкае дыханне і сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабіць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён і пайшоў, і паміж імі зноў зіма, яшчэ адна доўгая канадская зіма.
На ферме ні Сэм, ні Руф яшчэ не ўставалі, бо толькі бралася на дзень. Рой пастараўся іх не разбудзіць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабівацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лічыць вырашаным. Калі б ён дачакаўся Сэма і сказаў яму, што Джэк нойме і заплаціць работніку, Сэм мог бы не пагадзіцца, і Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, які павінен расказаць Сэму і тым самым зрабіць яго адмову немажлівай. Сэм прыме работніка. Сэм не паедзе, не пакіне ферму. Джэк Бэртан уладзіць усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.
Рой пераапрануўся і амаль што бягом пусціўся ў горад.
У Дзюкэна ён прайшоў праз заднія дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, і Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацаніў спрыт і дзелавітасць Піта Дзюкэна. Нават новыя пасткі былі распакаваны і прымацаваны як след — звонку мяха. А пад пасткі была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.
Рою яна была патрэбна як ніколі.
— Малайчына, Піт, — сказаў ён і адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.
Яго адурманеную галаву і абпалены язык ашаламіла новым ударам.
— Ух! Гэтая і быка зваліць! — прамовіў ён голасна.
Рой закінуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кішэню і рушыў у дарогу. Кожны раз, калі яму хацелася глынуць, даводзілася абапірацца аб дрэва, каб мяшок не перакуліў яго, калі ён закідваў галаву. Было нязручна, і халодны спірт сцякаў па падбародку на патыліцу.