— Гэтая і быка зваліць! — паўтараў ён пасля кожнага глытка.
Ён піў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, і каб вытравіць з памяці ўсе тыя непрыемнасці, якія засталіся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як — ён ні разу не мог успомніць. Затым Сэм. Сэм хоча кінуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца і неяк уладзіць справу. Трэба было застацца і самому прапанаваць Сэму наняць работніка, а не пакідаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовіцца. Гэтая паўмера Роя можа толькі падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца і з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусціць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работніка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен — і той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, які не здаецца, які не дасць выжыць сябе з фермы ні зямельным банкам, ні адсоткам па закладной, ні драпежнікам і рвачам, ні падаткам, ні недахопу інвентару, зямлі, дапамогі, асушэння, грошай і прадбачлівасці. Сент-Элен будзе існаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе і Рой, там, у самай глыбіні лесу. «Не, не здамся! Вытрымаю!» Ён усё яшчэ адчуваў і ўсведамляў.
Ён зноў выпіў. На гэты раз ужо за сябе: ён развітваўся з Сент-Эленам, пакідаючы там занадта мала сябе; пакідаючы прывід Эндзі, якога там мо і няма, хоць хто ведае; пакідаючы ўсё не вырашаным. Рой апошні раз ішоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта і ў мінулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў і ў мінулыя гады, але зараз павінна адбыцца канчатковая праверка, так гэта ці не так. Вось тады ўсё і пачнецца. Пайсці на поўнач і пакінуць Сент-Элен. А што пасля? — безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Ці будзе тут Сэм і старая ферма, ці будзе тут Джыні і ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей і пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёліна. Чым больш назіраў ён за звярамі, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек і мае патрэбу ў людзях. Лес і пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусіць дапамагчы яму. Сент-Элен, і Сэм, і Джыні, і Джэк Бэртан, і сама гэтая скупая, дзікая зямля.
Рой ужо дабраўся да той мясціны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазіла на голы гранітны грэбень. Каб пераканацца, што існуе Сент-Элен, яму трэба было азірнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагі на нагу, ён чакаў, ці не з'явіцца дымок, маленькая чорная фігурка, грузавік, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, і Сент-Элен бачыўся такім, нібыта ён прайграў сваё змаганне з лесам і хутка знікне. Такім Рой і панёс яго з сабой у лес, калі збочыў з дарогі ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкім грузам, з п'янымі вачамі і п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку і шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкі разбілася аб камяні, п'яны да непрытомнасці, акрамя ног, якія яшчэ пераступалі, і інстынкту накірунку. Менавіта яны і вялі Роя ў глыбіню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць зусім пакінула яго.
Раздзел чацверты
Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся і вывеў яго з маленькай скалістай бухты. І адразу ж ён укленчыў на адно калена і пачаў грабці, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па ціхай вадзе. Яго дужыя рукі так дакладна прыкладвалі сваю сілу, што не было ні рыўкоў, ні затрымкі, а толькі настойлівае і роўнае слізганне цвёрдага брызентавага корпуса, які разразаў ваду.
Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера і галоўнай з яго хацін і была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты і зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзіла ручай, што атрымалася азярцо з крутымі, густа зарослымі лесам берагамі. Ідэальнае месца для мускуснага пацука — андатры. Не надта глыбока, дно і берагі густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалістам і чаротам і дуплістымі карчамі — важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхні вады скрозь вытыркаліся травяністыя, злепленыя з гразі і галінак астраўкі. На большых былі норы андатры, на меншых яны спакойна харчаваліся, будучы ў бяспецы ад сваіх ворагаў. Рой скіраваў човен да аднаго з такіх астраўкоў. Некаторымі з іх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, і зараз, калі човен выйшаў на адкрытую ваду, з іх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых і чарнакрылых дзікіх качак і свістух. Яны ўзняліся невялікімі шумнымі купкамі і зніклі.