Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якіх ранкам падстрэліў з берага. Ён кінуў іх на дно лодкі і зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.
Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкі. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакінуў Сент-Элен. Ведаў толькі, што прачнуўся сёння раніцай у сваёй хаціне на балоце, што яго моцна ванітавала і што нейкім чынам ён захаваў цэлым свой мяшок — нават яйкі. Горшае мінулася, але і зараз ён з цяжкасцю мог засяродзіцца на тым, што робіць. Яму даводзілася напружваць памяць, каб не прапусціць пастку. Ён ведаў, што на гэты раз, як ніколі, трэба не прапусціць ніводнай. Абловам на гэтым балоце заўсёды пачынаўся ў яго зімовы сезон, і заўсёды гэта было паказчыкам, якога можна чакаць палявання. Ён ужо набліжаўся да першай пасткі, як раптам пачуў, што яго клічуць з водмелі перад хацінай.
— Рой! Рой Мак-Нэйр!
Човен уткнуўся ў вялізны камяк зліплых водарасцей.
— Хто там? — гукнуў Рой. — Гэта ты, Джэк?
Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кідае ці мо, што вярнуўся Эндзі Эндрус.
— Гэта я. Скоці Малькольм.
— Скоці? Прывітанне, Скоці, зараз прычалю. — Голас Роя прагучаў ціха і блякла, губляючыся ў балотным зарасніку. Кароткімі ўдарамі вясла ён павярнуў човен да хаціны. — Хіба ты ў Сент-Элен?
— Не. Я з табой у лес, — адказаў Скоці.
— Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогі, бо праз паўгадзіны мяне тут не было б.
Скоці Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлі Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалі яны разам. Іхнія ўчасткі знаходзіліся на паўночны захад ад Роя, і праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоці выйграваў дваццацікіламетровы пераход па высокіх хрыбтах, якія вялі ў яго гаспадарку.
— Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, — сказаў Скоці і нагнуўся, каб схапіць човен за нос. — Ну і шпарыў жа ты. Я ішоў палову ночы, каб дагнаць цябе.
Скоці Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, і падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткі, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту і гадоў на дваццаць — складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнічы і трапер, не тое што Рой, які меў выгляд рабочага ліцейшчыка па дарозе на завод. У Скоці была хоць і паношаная, але сапраўдная паляўнічая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былі паляўнічыя боты, з гумовымі галоўкамі і высокімі халявамі з мяккай скуры.
— Глядзі, не намачы свае боцікі, — сказаў Рой, калі Скоці апусціў свой цяжкі мех на дно чоўна. Боты ў Скоці і ў лесе заўсёды былі вычышчаны да бляску, і кожны год хто-небудзь дражніў Скоці, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды і падпаляць лес.
— Глядзі, не патапі лодку, — не застаўся ў даўгу Скоці.
Калі ён усеўся, узяў у рукі другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусіў адпусціць яго і схапіцца за борт, бо Рой адхінуўся назад і моцна нахіліў човен.
— Што здарылася, Рой? — гукнуў Скоці цераз плячо. — Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?
— Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.
— Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.
— А ты даўно стаў непітушчым?
Скоці не адказаў. Скоці не быў непітушчым, з гэтым ён мусіў згадзіцца, але ён заўсёды дакладна адрозніваў дабро і зло, нават у самім сабе, і асабліва ў Роя, які часта не спраўджваў яго надзей.
Яны адштурхнуліся ад берага і паплылі да першай пасткі Роя.
— Як гэта ты яшчэ не вылавіў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? — сказаў Скоці.
— Андатра ў гэтым балоце не звядзецца ніколі, Скоці. Яшчэ не было ніводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.
— Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?
— Тры, часам чатыры пацукі на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзіць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткі і даю ім падрасці. Дзіўна, Скоці, але я заўсёды вылоўліваю сама старых і сама вялікіх пацукоў, а потым ідуць усё драбнейшыя.
Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з іх дваіх) ён быў знатаком. Усе траперы ставілі пасткі на розных звяроў, але большасць з іх спецыялізавалася на нейкім адным. Рой заўсёды працаваў у сваім стылі — быў спецыялістам масавага аблову. Ён спецыялізаваўся на тых пушных звярах, якія збіраюцца ў вялікай колькасці ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацін і на балоце; яны нікуды з месца не сыходзяць і штогадовым прыплодам не толькі аднаўляюць колькасць, але і павялічваюцца. Скоці аддаваў перавагу больш палахліваму і рухомаму, але і болей каштоўнаму зверу: норцы, куніцы, ласцы — зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкі, вадапоі, начлегі.