Выбрать главу

Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.

— Відаць, сарваўся, — сказаў Скоці, утрымліваючы човен на месцы.

— Ды не. Гэта сістэма «Віктар» са складаным засцерагальнікам, яны безадмоўныя. Сама спрытная андатра, і тая не вызваліцца. А гэтая, відаць, ссунула старажок.

— А чаму ты не паставіш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсці збоку?

— Тады цягне за ланцужок.

Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялікая яміна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзілася над узроўнем вады, ніжняя — пад вадой. У пошуку кала, якім была замацавана пастка, Рой апусціў рукі глыбока ў ваду.

— Ты што, дастаеш яго? — спытаў Скоці.

— Не. Забіваю глыбей.

Рой падрыхтаваў пастку і паставіў яе ў нары пад вадой.

— Цяпер не выцягне, — сказаў ён.

Затым Рой зрэзаў тры ці чатыры сцябліны чароту і ўваткнуў іх у гразь ля пасткі як сціплую прынаду.

Яны аб'ехалі ўсё балота, агледзелі ўсе пасткі: і ў харчэўнях, і ў начлежных норах, і на купінах, дзе пацукі пачаргова пакідаюць сляды пахкага ліпкага мускусу, выклікаючы на спатканне або на паядынак; і ля дупляных карчоў, якія служылі ім уборнымі. Нідзе, нічога.

— Засталося яшчэ два, — сказаў Рой.

— Здаецца, ты можаш паставіць крыж на гэтым балоце, — сказаў Скоці.

Але ў апошніх пастках было па андатры.

— Неблагія, — сказаў Скоці.

— Сярэднія, — запярэчыў Рой, кідаючы пацукоў у човен. — Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.

— Дзве на дзесяць пастак — гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзіцца, але раптам ён прыняў рашэнне.

— Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.

— Хіба табе не хапае пастак?

— Не.

— Дык навошта здымаць іх?

— Пустая справа, Скоці. Пустая справа.

Яны знялі чатыры з дзесяці пастак і пераправіліся на другі бераг возера, дзе і прыпыніліся сярод густых водарасцей. Скоці вылез першы і прытрымліваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногі. Ён закінуў мех за плечы і перадаў ружжо Скоці. Стаўшы на калені, Рой хуткім рыўком закінуў човен сабе на галаву, і яны пачалі перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалі човен на плячах, а барты ўпіраліся ў перадплечча. Галоўнае было — трымаць раўнавагу, і Рой свабодна размахваў рукамі, ідучы за Скоці па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.

Яны не размаўлялі. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмі малы, каб прабіць сасновыя галіны, навіслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў ліць на іх цэлыя ручаі вады, і яны ішлі то мокрымі прагаламі, то нагрэтымі сухімі алеямі з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так і дайшлі яны да перавала. Пераадолеўшы яго і пачаўшы доўгі спуск, яны ўсё часцей траплялі на мокрыя прагалы і праз гадзіну пакручастага спуску прамоклі да касцей і выбраліся да вузкага канца возера Акулы.

— Спусці човен на ваду, а я пагляджу. Тут у мяне дзве пасткі на норак, — сказаў Рой. Ён апусціў човен на водмель і пайшоў па беразе паміж скаламі і бураломам. Пасткі стаялі ля ўвахода ў жыллё норак, ля самай вады. Рой зірнуў на гладкую скалу, якая спускалася да пляскатай пясочнай водмелі, і яшчэ раз падумаў, што няма лепшага месца для норкі. Але ў гэтыя пасткі за ўсю вясну не трапіла нічога. Зараз таксама нічога не было, і ён зняў іх.

— Ты становішся занадта разборлівы, Рой, — сказаў Скоці, калі ўбачыў пасткі. — Навошта ты зняў і гэтыя?

— Тут няма больш пушнога звера, — сказаў Рой.

— Ты занадта патрабавальны, — Скоці залез у човен. — Звер прыходзіць і сыходзіць, — дадаў ён.

— Ён сыходзіць, сыходзіць і сышоў ужо! — сказаў Рой. — Ва ўсякім разе адсюль ён сышоў.

— А ты на сябе проста дурноту напускаеш, — сказаў Скоці, і ад моцнага ўдару вясла нос чоўна так нырнуў у ваду, што Рою давялося двойчы спрацаваць вяслом, каб яго выраўнаваць. — Ты гэтулькі гадоў даказваеш, што ўчастак пусты, але кожны раз нейкім чынам спраўляешся. Пушніны становіцца меней і дзічыны таксама, але гэтую справу можна паправіць. Так бывала заўсёды.

— А зараз не тое. З кожным годам звер адыходзіць усё далей на поўнач.

Ад дажджу вада стала нібыта мёртвая, і нос чоўна лёгка рэзаў яе падатлівую паверхню. Хоць час набліжаўся да поўдня, бачнасць праз дождж была дрэнная.

— Сыходзіць на поўнач, — паўтарыў Скоці. — Усе вы зацыкліліся на гэтым. Усе збіраюцца ісці на поўнач.