Выбрать главу

Рой і сам не быў перакананы, ці правільна ён робіць, калі здымае пасткі. Хто ведае, мо гэтая пакорлівасць адчаю і зборы на поўнач — усё гэта толькі адлюстраванне яго краху ў Сент-Элене.

— А як жа іначай, Скоці, — звярнуўся ён да дужай спіны і моцнай патыліцы спераду ад сябе. — Усім нам давядзецца альбо ісці на поўнач, альбо асесці на ферме ў Сент-Элене. Так што выбірай, Скоці. Выбірай любое з двух.

Увесь час паездкі па возеры яны не пераставалі спрачацца.

— Паслухай, але з гэтым ты мусіш згадзіцца, — сказаў нарэшце Скоці, калі яны пачалі працягваць човен цераз вузкую перамычку да апошняга возера. — Калі ты не перастанеш здымаць адсюль пасткі, то гэтай зімой пушніны ў цябе не будзе.

Зараз Скоці цягнуў човен на галаве, а Рой ішоў спераду, пасміхаючыся з таго, што Скоці ў спрэчцы, як і заўсёды, занадта прымае ўсё да сэрца. Але міжволі хацелася падзяліць аптымізм Скоці адносна іх будучыні, і хоць сам Рой занадта цвяроза глядзеў на рэчы, каб з ім пагаджацца, усё ж слухаць яго было прыемна. На імгненне гэта ажывіла ў ім страчаную веру ў свой паляўнічы ўчастак.

Перш чым выпраўляцца на апошняе возера — возера Т, галоўную базу паляўнічай гаспадаркі Роя, яны спыніліся паснедаць у адной з яго старых, закінутых хацін. Калісьці паляўнічым цэнтрам Роя былі Мускусная затока і першая збудаваная на ёй хаціна. Пазней ён перасунуўся на поўнач і збудаваў гэтую хаціну на возеры Т. Яшчэ пазней, дзесяць гадоў таму, ён перайшоў яшчэ далей на поўнач і збудаваў сваю трэцюю хаціну на другім беразе возера, да яе было дзве гадзіны на лодцы. Як і многія азёры Канады, гэтае возера было названа з-за сваёй формы, якая нагадвала вялікую літару Т. Зараз яны знаходзіліся ля асновы літары, а каб патрапіць у апошнюю хаціну Роя, трэба было падымацца па сярэдняй палачцы, павярнуць налева і плысці да канца папярочкі.

— Дзе твой ключ? — спытаў Скоці, калі яны скінулі мяхі ля парога хаціны і атрэсліся ад дажджу.

— А чаму ты не хочаш раскласці вогнішча тут, на паветры? — спытаў Рой.

— Навошта? Хіба ты зняў печку?

— Не, яна стаіць на месцы, — адгукнуўся Рой і дастаў ключ з цвіка пад страхой.

Скоці адчыніў дзверы, і яны ўвайшлі.

Рою гэтага не хацелася, ён не любіў заходзіць у свае закінутыя хаціны. Яна была збудавана моцна, сухая, але ўнутры неверагодна занядбаная. У ёй стаяў цяжкі пах гнілі, і ўсё было запаскуджана мышамі. Мышы пагрызлі матрац, і ўся хаціна аж да самых крокваў была ў рэштках мачалы і расліннага пуху. Усюды — на паліцах, на груба змайстраваных сталах, у печы і нават у лямпе былі мышыныя гнёзды. Рой і Скоці затупалі нагамі, і большасць мышэй схавалася, але некаторыя засталіся і нахабна пазіралі на нечаканых гасцей.

Адна не магла выбрацца са слоіка, пакуль Скоці не паваліў слоік, а тады шуснула прэч. Рой сплюнуў у далонь тытунёвую жвачку і папусціў гэтым камяком ў апошнюю мыш, якая сядзела на печы. Ён не трапіў, але мыш схавалася ў адчыненай канфорцы і болей не паказвалася. Гэта была вялікая беланогая палёўка, іншыя ж былі звычайныя шэрыя хатнія мышы і адзін пацук, на якога Скоці доўга паляваў, выганяючы бярозавым паленам з усіх куткоў, і нарэшце забіў, калі той кінуўся ў адчыненыя дзверы.

— Навошта ты яго забіў? — спытаў Рой.

— Заўсёды забіваю пацукоў, — сказаў Скоці. — Ненавіджу гэтых гадзін!

— А чым яны больш гідкія за мышэй? Забіваеш адных, забівай усіх!

— Не, пацукоў я не пераношу, — адказаў Скоці.

Рой не спрачаўся. Іншым часам ён прымусіў бы яго яшчэ раз выкласці свае тэорыі пра дабро і зло ў свеце жывёл. Але Рой ужо забыўся пра Скоці. Аглядваючы хаціну, ён адчуваў, што час і жыццё бягуць надта хутка. Яшчэ параўнальна нядаўна гэтая хаціна ў глыбіні лесу жыла паўнакроўным жыццём — і здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца. Зараз яна была занядбана і амаль што разбурана. Яшчэ крыху — і пазы разыдуцца, страха праваліцца, бярвенні патрэскаюцца, падлога прагніе і ўся пабудова разваліцца. Пакуль што яна выглядала моцнай, але Рой ведаў, што яна асуджана. Гэта было своеасаблівым напамінкам, што лес можа праглынуць усё — чалавека, хаціну, увесь пасёлак Сент-Элен. Рой падумаў, што нават не лес разбурае справы рук чалавечых, а само жыццё апераджае іх. Рой не мог бы вызначыць гэта больш дакладна, але часам у яго ўзнікала думка, што ў гэтым вінаваты чалавек, што прырода заўсёды будзе перамагаць людзей, калі людзі не справяцца з прыродай яе ж зброяй. Ён цвёрда верыў у перамогу чалавека над прыродай, але гэтая хаціна была доказам, што ён часткова пераможаны, што звер сышоў ад яго сваім шляхам, на поўнач, і што хутка яму давядзецца ісці туды таксама. Гэта было правобразам таго, што чакае і Сент-Элен, калі голы граніт і бясплодная зямля перамогуць Сэма і фермера Джэка.