— Пайшлі адсюль, — сказаў ён Скоці. — Лепш перакусім на паветры.
Яны замкнулі дзверы хаціны і расклалі цяпельца ля самага возера.
Гэтая паласа вады была для Роя сапраўдным домам. Ён любіў плысці па ёй і назіраць, як яна рассоўваецца перад ім у шырокае палатно возера, як растуць высокія скалы, а затым становяцца ніжэйшымі і знікаюць, схаваныя густымі зараснікамі піхты, елак і соснаў. Менавіта тут ён зноў пачынаў асабліва востра адчуваць лес. Для яго гэтае возера было пачаткам бязлюднага краю, які распасцёрся неабжыты і некрануты да самага заліва Гудзона. Тое, што на карце паміж возерам і Арктыкай былі пазначаны паселішчы і гарады, не мела значэння. Гэта былі вялікія канадскія лясы, і чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалі яго. Калі дождж сціх і неба пасвятлела, перад ім узніклі знаёмыя скалы, дрэвы і хрыбты. Яны так выразна адбіліся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць іх, і ўсё адно кожны раз знаходзіў нешта новае, асабліва калі вяртаўся з Сент-Элена.
— Ты прыкмеціў, што сасна і елка абганяюць бярозу, — сказаў ён Скоці.
Яна знаходзіліся на памежжы асновы і перакладзіны літары Т. Насупраць іх, за сама шырокім плёсам, быў круты схіл хрыбта, які цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мілі. Яны добра бачылі лес па ўсім схіле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба і агню.
Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснікі моцнай бярозкі, ужо аголенай блізкай зімой. Бярозы ярка бялелі на фоне чорнай зямлі, скал, што прыпіралі іх да схіла. Але якім частым ні быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавіны піхты і елкі станавіліся ўсё больш шматлікімі. У барацьбе за сонца паміж маладымі бярозкамі і хваёвымі дрэўцамі марудлівыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралі верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калі толькі апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знішчаць увесь хваёвы маладняк.
— А што я табе заўсёды кажу, Рой, — прамовіў Скоці. — У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знікае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як і гэтыя піхты.
Рой задзёр галаву і засмяяўся.
— З цябе атрымаўся б добры святар, Скоці.
— Не разумею, чаму гэта заўсёды ўзбрыдзе табе ў галаву, — сказаў Скоці.
— Заўсёды спадзяешся ўбачыць тое, чаго на самай справе няма, — настойваў Рой.
— А на тых астравах ты ставіў пасткі? — спытаў Скоці, перастаўшы веславаць, калі яны выйшлі на шырокае месца.
Справа ад іх, у самым цэнтры возера, над вадой уздымаліся два зарослыя рэдкім лесам астраўкі — вяршыні дзвюх падводных скал.
— Не, калі замерзне, я стаўлю там дзве пасткі на лісу, — адказаў Рой.
— Ты губляеш добрыя мясціны для спажывы, — зазначыў Скоці. — На такія вось астраўкі норкі залазяць у гнёзды качак і чаек. Пастаў тут пару пастак, Рой.
— Але праз тыдзень-другі ўсе птушкі паляцяць, — сказаў Рой. — А з імі сыдуць і норкі.
— Дык гэта ж праз некалькі тыдняў. І ўсё адно, калі возера замерзне, норкі там абавязкова будуць.
Рой ужо даўно страціў надзею злавіць хоць адну норку на гэтых астравах, але зараз яго перапаўняла энергія. Лес завалодаў ім, і ён павярнуў човен да выспы.
— Ладна, угаварыў ты мяне, Скоці! — гукнуў ён. — Давай, мо паспеем паставіць пастку-другую і да змяркання вярнуцца дамоў.
Іх аб'яднанымі намаганнямі дванаццаціфунтовы човен хутка рэзаў ціхую ваду. Яны так стараліся, што нос чоўна задраўся, а карма асела. Адхінуўшыся, яны знарок перанеслі цэнтр цяжару назад, каб плысці на адной карме і такім чынам зменшыць супраціўленне вады. Трэба было быць першакласным грабцом, каб так моцна грабці пры такой нераўнамернай і вялікай нагрузцы, але абодва былі майстрамі сваёй справы. Яны хваліліся адзін перад адным, стараліся разагнаць лодку як мага мацней кожны пад час свайго грабка. Удары вёслаў былі ўсё больш хуткія і рэдкія, човен усё больш задзіраў нос, але нікому з іх не ўдавалася перамагчы. Зрэшты, вага і сіла тут не мелі значэння. Патрабавалася майстэрства і вынослівасць, і абодва не здаліся да самай выспы.
Дапамагаючы адзін аднаму, яны паставілі тры пасткі на абедзвюх выспах. Працавалі спорна і хутка, скарыстаўшы дзеля прынады адну з падстрэленых Роем качак.
— Хутчэй, Скоці, — сказаў Рой і адштурхнуў човен ад берага, ледзь дачакаўшыся сябра. — Я зусім не збіраюся прагульваць цябе па возеры. Бярыся за вясло. Я з табой так папрацую, што ты да хаціны ледзьве дойдзеш. Давай, Скоці! Давай!