Выбрать главу

Цяпер яны па-сапраўднаму спяшаліся, і было не да размовы. Толькі зрэдку Рой адкідваў галаву і смяяўся, смяяўся з іхняга спаборніцтва, смяяўся з напружаных і рухомых плячэй Скоці, якія мільгалі перад ім, смяяўся ад зваблівай радасці зноў быць у лесе паблізу ад сваёй хаціны.

Урэшце Рой замучыў Скоці: ён быў маладзейшы, да таго ж гэта быў звыклы шлях Роя, які спяшаўся дамоў. Вечарэла, а Рой быў нястомны ў змаганні з цемрай. Рой, калі сказаць праўду, гроб за дваіх, калі яны ўцягнуліся ў вузкі заліў возера і перад імі на самым беразе раптоўна з'явілася нізкая драўляная хаціна, якая нібыта прысела на вялізным пляскатым валуне.

— Вось табе і прыемнае відовішча, — сказаў Рой стомленаму Скоці. — Хаціна ў лесе, вяртанне паляўнічага дадому.

— Дзе яго нехта чакае, — дадаў Скоці.

З коміна ішоў дым, і калі яны спынілі човен у скалістай бухце, дзверы хаціны адчыніліся і з іх выйшлі двое.

Раздзел пяты

— Сахаты! — усклікнуў Рой.

Гэта быў мажны мужчына. Паводзіў ён сябе бяспечна, хадзіў няспешна. З бяспечнасцю сапраўднага ляснога валацугі пераадолеў ён дваццаць ярдаў, якія аддзялялі хаціну ад вады. Ён быў вельмі падобны на ляснога звера, імем якога яго назвалі, і Рою заўсёды здавалася, што яму былі б да твару і магутныя рогі сапраўднага лася.

— Няўжо гэта Рой? — прамовіў Мэрэй, і ў гэтых словах не было таемнага сэнсу, усё было як на далоні, упэўнена і спакойна да апатычнасці.

— А адкуль ты ведаў, што гэта не інспектар? — радасна гукнуў Рой, даючы волю сваёй радасці.

— Ды яшчэ з таго берага чуваць, як ты рагочаш, — сказаў Мэрэй.

— Хэло, Самсон, — звярнуўся Рой да другога. — Я прывёз табе твайго напарніка.

Самсон быў зусім іншы. Недзе пасярэдзіне паміж моцна збітым мацаком Роем і моцнай высокай фігурай Сахатага. Калі б не было побач Мэрэя, Сахаты здаваўся б волатам. Але не за рост узнагародзілі яго мянушкай. З-за густой чорнай барады назвалі яго Сахатым. З-за барады і яшчэ з-за рашучых рухаў, рашучай паходкі і рашучай постаці: поўная процілегласць Мэрэю, які ўзвышаўся над ім па волі прыроды, а не па сваёй уласнай волі.

— Ты што, п'яны? — спытаўся Самсон у Роя.

— Спытай у Скоці, — адказаў Рой. — Ён то цвярозы, але зусім стаміўся.

Мэрэй і Самсон пацягнулі ў хаціну мяхі і ружжы, а Рой са Скоці тым часам выцягнулі човен з вады і перавярнулі яго на берагавое каменне. Рой падняў двух злоўленых пацукоў і накіраваўся да хаціны так шпарка, быццам выбіраўся ў вялікі пераход. Скоці зусім знясілена шкандыбаў за Роем.

— Ты толькі панюхай, Скоці, — сказаў Рой, калі яны ўвайшлі ў хаціну.

Калі Рой убачыў распалены агонь і варыва, ён зусім растаў.

— А што ў цябе на патэльні? — спытаў ён у Мэрэя.

— Ды вось падстрэліў аленяня ля Нябеснага возера, — адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкі ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кінуў мяса на вялікую патэльню і заняўся кухарствам, а Рой і Скоці прыселі на адзін з ложкаў, каб разабраць мяхі.

— Як маецца твой сябар інспектар? — спытаў Мэрэй.

— Збіраецца зімой адведаць нас, — сказаў Рой.

— Ты, вядома, запрасіў яго? — прабубніў Самсон.

— Вядома! — адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзіны чалавек, які можа кінуць выклік інспектару, за што яго і дражнілі, быццам яны з інспектарам сябры закадычныя.

— А ў нас і пастка для інспектара падрыхтавана, — сказаў Самсон.

Пайшла гаворка пра інспектара, якая станавілася тым больш ажыўленай, чым большымі былі пагрозы. Больш за ўсіх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоці, які заявіў, што інспектар, уласна, выконвае свае абавязкі.

— Эх, інспектар, інспектар! — толькі і прамовіў Мэрэй.

Рой, здымаючы боты і шкарпэткі і раскладваючы іх на падлозе ля печы, слухаў і падахвочваў іншых. Седзячы на ложку і хістаючы тоўстымі босымі нагамі, якія не даставалі да падлогі, ён паволі прывыкаў да сяброўскіх абдымкаў сваёй хаціны.

— Падкінь дроў, Сахаты, — сказаў ён у такт сваім развагам. — Нарэшце паляўнічы вярнуўся дадому!

Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закід, але Мэрэй толькі ціха ўсміхнуўся, і гэта засмуціла Роя. Ён заўсёды імкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусіць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклі, але Мэрэй хіба што зрэдку кідаў лянівую заключную рэпліку. Адзіны раз ён засмяяўся, калі Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.

Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцізорык з доўгім лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкі слінай на брусок, падвастрыў нож і пачаў абдзіраць скуркі з андатры.

— Ты калі-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў? — спытаў Рой.