— Ды тут ніколі не было янотаў, — адказаў Мэрэй.
— Яны ўсе сышлі на поўнач, — укалоў Роя Скоці.
Рой засмяяўся:
— Праўда твая, Скоці. А вось у мінулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткі. Аднойчы ноччу, седзячы на купіне, я бачыў, як ён распраўляўся з маім пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як і я зараз. Калі ён скончыў, я яго застрэліў. Атрымаў гатовую скурку пацука і ў дадатак янота.
— Ты, відаць, яго выдрэсіраваў, — сказаў Самсон. — Калі назіраеш, як ты распраўляешся з гэтымі пацукамі, можна падумаць, што ў цябе ёсць індзейская кроў.
Рой сцягваў скуркі на індзейскі манер — ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якія, наадварот, пачыналі з хваста. Яны паспрачаліся, як ужо дзесяткі разоў спрачаліся пра гэта. Рой даказваў, што, здзіраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркі і не рвеш яе, у той час як Скоці і Самсон даказвалі, што тады скурка перасыхае, псуецца і ломіцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымліваць сама высокую цану за пушніну, хоць гэта на самай справе было вынікам больш якаснай апрацоўкі скуркі, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гі. Але і гэта не спыняла спрэчкі, і яны доўга яшчэ пярэчылі адзін аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў ніякай цікавасці да розных спосабаў разбірання пацукоў. Здзіраеш з пацука скурку… Ну, і здзірай… Вось і ўсё!
— Янот, — сказаў Скоці, — ведаў, што рабіў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, — працягваў Скоці. — І больш ахайнага, чым ён. Які звер, акрамя яго, перш чым з'есці мяса, памые яго ў вадзе?
— І як толькі ён яго не падсмажвае? — насмешліва зазначыў Рой.
— Ну, але гэтае, ва ўсякім разе, падсмажана, — сказаў Мэрэй пра свае біфштэксы з аленя. — Давайце талеркі.
Яны елі, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбітага да сцяны. Як і ўсё ў хаціне, стол быў самаробны, але не крывы і моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хаціну так моцна, што Самсон запэўніваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хаціны яна была занадта вялікая — дваццаць футаў на васемнаццаць, і без адзінай шчыліны. Акрамя стала тут было два ложкі, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькі столік з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя і невялікая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў і прагібаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхі былі складзены бярозавыя цуркі, і Рой, на хвіліну адарваўшыся ад яды, падкінуў некалькі цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў і адчыніў дзверы.
— Тут задыхнешся з табой, — закрычаў ён.
— Снегавік Самсон! — паскардзіўся Рой. — Ты калі-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хаціне.
У супрацьлегласць хаціне Роя, у Самсона была хілая хібара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценні. Скоці, які жыў разам з ім, казаў, што зімой у ёй зусім невыносна, але Скоці ніколі не скардзіўся, бо згодна з яго перакананнямі, ён мусіў улічваць правы іншага. Яны абое пакутвалі ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як і чаму пакутуюць.
— Як гэта ты не задыхнуўся ў сваім танку на фронце? — сказаў Рой Самсону. — Ты, відаць, свідраваў дзірачкі ў брані, каб дыхаць свежым паветрам.
— Калі станавілася горача, — сказаў Скоці, — ён выскокваў і бег побач.
Франтавыя справы былі тым адзіным, чым Скоці і Самсон дражнілі адзін аднаго. Яны разам пайшлі на фронт і служылі на адным танку, гэтаксама як і зараз жылі ў адной хаціне. Яны ваявалі ля Арнгема, вызвалялі Данію, перапраўляліся цераз Рэйн, а пасля вярнуліся дамоў, заняліся паляваннем; адзін яшчэ больш загрубелы, другі з ідэямі. Між сабой яны захоўвалі мір тым, што ніколі не спрачаліся, хоць Рой за апошнія два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць іх. Адзін да аднаго яны адносіліся з павагай, нават калі спрачаліся пра ваенныя справы, у іхніх перапалках не было з'едлівасці, зусім не было.
— Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хаціну ў заказніку, — спакойна заявіў Мэрэй, пакінуўшы сваю валавяную талерку і абапёршыся на стол.
— Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасці такіх законапаслухмяных грамадзян, — зазначыў Рой, наліваючы ўсім па вялікаму кубку кавы.
— А я думаў усіх вас запрасіць туды з сабой, — сказаў Мэрэй.
— Зел ужо запрашаў мяне, — азваўся Рой.
— А як вы? — спытаўся Мэрэй у астатніх.
— А там норка водзіцца? — спытаў Самсон.
— Што толькі там не водзіцца, — адказаў Мэрэй. — Усяго на ўсіх хопіць. Там можна налавіць столькі, што хопіць на шмат гадоў наперад, асабліва бабра. Нідзе не бачыў гэтулькі бабровых хатак, Рой.