Выбрать главу

— Дык як, Самсон? — спытаў Рой. — Пойдзеш туды?

— А ты? — спытаў Самсон.

— Мо і пайду, — падахвоціў яго Рой. — Асабліва калі пойдзеш ты.

Скоці ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлівую справу. У мінулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную і небяспечную, і Скоці чакаў бяды.

— Калі вы, сябры, надумалі стаць мільянерамі, — сказаў ён, — чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказніку.

— Ды ніхто цябе там і не ўбачыць, у заказніку, — сказаў Мэрэй.

— Вельмі нават проста! — заявіў Рой.

— А яшчэ прасцей папасціся, — папярэдзіў Скоці.

— Яго прападобнасць, айцец Скоці Малькольм, — сказаў Рой. — Чаго, уласна, ты баішся? Інспектара?

— Нічога я не баюся, і інспектара таксама, — сказаў Скоці. — Вам, сябры, проста не церпіцца парушыць закон. Толькі і чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краіна?

— Менавіта тым, чым з'яўляецца і зараз, — адказаў за ўсіх Рой.

— Трэба ж ва ўсім адрозніваць дабро і ліха, — настойваў Скоці.

— Тады гэта ліха, — сказаў Рой. — Пойдзем, Самсон?

На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.

— Скоці? — усклікнуў ён. — Што ты на гаты конт думаеш?

— Не, вы ўжо без мяне!

Самсон паціснуў плячыма, і гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца і прыставаў да Скоці аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.

— Ладна, адзін або ўсе, — сказаў ён. — Але толькі кожны са сваімі пасткамі.

Скоці адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваімі павучаннямі, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху і дастаў бутэльку гарэлкі.

— Мара звералова, — сказаў ён Рою. — Пачынай!

— За вашу прападобнасць! — усклікнуў Рой і адразу ж прыклаўся да бутэлькі, быццам чалавек, які паміраў ад смагі.

Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносіўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказніку. Разыгрываў на гэты конт ён і Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзіць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнівае Самсона рызыкоўнай ідэяй таму, што яна і самога яго зачапіла за жывое. Заўсёдная гісторыя. Даўнішні выклік Самсону пераплысці возера ўзнік з насмешлівай заўвагі Самсона, нібыта Рой старэе. Ён перакінуў насмешку на самога Самсона, і так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацісямігадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, і Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослівыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, і Рою даводзілася аднаму змагацца са спакусай і самастойна рабіць выбар.

— Даўжыня таго возера каля дзесяці міль, — расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапівалі гарэлку. — З усіх бакоў у яго ўпадаюць рэчкі, і на кожнай — бабровыя плаціны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсіх запрудах, відаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцісот дарослых баброў. Так, Рой?

— А чаму ж ніхто іх там не ахоўвае? — спытаў Рой.

— Не ведаю, — сказаў Мэрэй, — але ўжо больш як пяць гадоў туды ніводзін абходчык і носу не паказваў. Нам трэба толькі перакінуць туды адзін з тваіх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўліваць адну рэчку за другой. І ўся гэта першагатунковая пушніна на адным пятачку!

Адзін з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат і ведаў гэта, як ведалі і Рой, і Самсон, і Скоці. Але Мэрэй умеў прасіць, ён не лічыўся з тым, пра што просіць, умеў прасіць з мімаходнай абыякавасцю. Рой ухіліўся ад прамога адказу.

— А скуль ты ведаеш, што абходчыкі туды не зазіраюць? — спытаў у Мэрэя Скоці.

— Яны заўсёды пакідаюць свае сляды, — сказаў Мэрэй. — Забіваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера ніякіх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазіў. Ва ўсякім выпадку, да бліжэйшага кардона там не менш як трыста міль, і гэта на самай ускраіне заказніка.

— А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? — сказаў Рой.

— Я ў гэтым цалкам перакананы, — сказаў Мэрэй.

— Ты і мінулым разам быў перакананы, аднак жа трапіўся, — сказаў Скоці. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкіх учынкаў, і лічыў сваім абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугі.