— Ваша прападобнасць, вельмі шаноўны айцец інспектар Скоці Малькольм, — прамовіў Рой.
— Дык што, ты і на самай справе туды збіраешся? — спытаў Скоці.
Рой засмяяўся.
— А што, там і праўда процьма баброў, Сахаты?
— А як жа, — сказаў Мэрэй, які з кожным глытком станавіўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлівым.
— Тады чаму б не пайсці, — сказаў Рой. — Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.
— Пакажы ім, Рой! — падтрымаў Самсон.
— Вось мы з табой і пакажам усяму свету, Самсон, — сказаў Рой.
— Мы з табой, — паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.
— Самсон, — сказаў Рой, — даю пяцьдзесят даляраў, што ты не выкінеш Скоці за дзверы. Даю сто, што зачэпіш яго за парог!
Тут засмяяўся нават Мэрэй.
— А я даю яшчэ пяцьдзесят, што не скінеш Роя ў возера, — сказаў ён Самсону.
Скоці гаротна дапіваў гарэлку, а тым часам выклікі станавіліся ўсё больш адчайнымі.
— Хто лепшы стралок ва ўсім Муск-о-гі? — раптам спытаў Рой.
— Я! — закрычаў Самсон.
— Ну што ж, паглядзім, як ты падстрэліш мыш у тым кутку з трыццаціпяцікалібернага ружжа Скоці, — сказаў Рой. Ён узяў рэмінгтон Скоці і падаў яго Самсону. — Пяць даляраў!
— Дай патронаў, — папрасіў Самсон у Скоці.
Скоці зірнуў на свайго напарніка.
— Толькі не маімі патронамі, — адрэзаў ён.
— Ну, хопіць, Скоці, — прасіў Самсон.
Іншыя назіралі за іхняй перапалкай, чакаючы, што яна ператворыцца ў сварку. Яшчэ ніколі ў іх не заходзіла так далёка. Скоці быў раз'юшаны, а Самсон поўны самаўпэўненай ганарлівасці, і абодва п'яныя.
— Калі вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым, — сказаў Скоці.
— Перастань, Скоці, — сказаў Рой. — Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабіць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоці разарваў пачак і даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй і Скоці — на другім, усе ў адзін рад ля адной сцяны хаціны. Падстрэшша, з якога вылазілі мышы, было на іншым канцы, на верхнім бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглі бегаць вакол усёй хаціны, але часцей за ўсё яны з'яўляліся над дзвярыма. Гняздо, відаць, было ў іх у куце, за складзенымі цуркамі.
Чацвёра паляўнічых чакалі з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.
— Калі куля дасць рыкашэт, — сказаў Скоці, — яна каго-небудзь з нас укакошыць.
— Мо і цябе, Скоці, — сказаў Рой.
Самсон выстраліў.
Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккім наканечнікам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусім побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны і правалілася ў бярозавыя цуркі. Гук выстрала і віск рыкашэта прымусіў усіх прыгнуцца і на імгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоці ўсклікнуў:
— Ён заразіў твае пяць даляраў, Рой!
— І праўда, халера, патрапіў, — сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хваліцца сваім майстэрствам.
Нават Скоці не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсіх. Гук выстрала не прымусіў мышэй уцякаць, а толькі ўстурбаваў іх, і Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калі яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
— З такога ружжа нельга прамазаць, — сказаў Мэрэй.
Вінтоўка Скоці была новенькая, і яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механізма. Гэта было першае, што набыў Скоці на дэмабілізацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае і трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлінт[2], і Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага і дрэнна збалансаванага.
Самсон карыстаўся самаробнымі валавянымі кулямі, вялікімі цяжкімі балванкамі, якія зблізку забівалі напавал, але на адлегласці больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхаліся.
— А ты паспрабуй са сваёй бранябойкі, — папрасіў Рой Самсона. — Паглядзім, як лупіць гэтая гармата па маленькіх мышах.
Самсон паспрабаваў і прамахнуўся, валавяная куля зрабіла дзірку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў іх гулкім рэхам ад усіх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
— Хопіць, — сказаў ён. — Смальні вось з гэтага. — І ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнічы вінчэстэр з рычажным механізмам затвора, сама жаданае ружжо лесавікоў усёй Амерыкі і асабліва канадскіх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабін. Ложа ў яго было пашчапанае, механізм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калібра яно мела зычны голас, і першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабіў з яго два стрэлы: адзін раз патрапіў, другі прамазаў.