Затым мышы пэўны час не паказваліся, але ўсе чацвёра цярпліва чакалі.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, і калі перапалоханыя мышы зноў замітусіліся з кута ў кут, уверх па сценах і ўніз па бярвеннях, — адзін паляўнічы за другім спускаў курок, і ўсе разам прыгіналіся, калі куля рыкашэціла над іхнімі галовамі альбо скакала каля іх на падлозе. Толькі Скоці не страляў. Ён любіў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лічыў жорсткай забаўкай.
— Гэтыя беланогія мышы нікому не робяць шкоды, — казаў ён. — Навошта вы іх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нічога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткі, зацягваюць у нару і робяць з іх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад ці ўсведамляў, што ён забівае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робіць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робіць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер ці чалавек. У яго была старая вінтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнічае ружжо. Гэта зрабіла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але біла ружжо даволі трапна па асноўнай дзічыне — ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
— Глядзіце, — сказаў Рой у час чарговай перадышкі.
Невялікая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу і знікла ўслед за ёю. Яна мільганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецілі.
— Яна ў мяне свойская, — сказаў Рой. — Ловіць мышэй.
— Вось гэта мішэнь, — дадаў Мэрэй. — Рухомая мішэнь, тое, што трэба.
Усе пагадзіліся. Калі назіралі за ласкай, якая ганялася за мышамі, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знікала ў сама маленькай дзірцы і вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.
— Давайце прыбавім святла, — сказаў Мэрэй і падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвяліла падстрэшша, дзе схавалася ласка.
— Даю дзесяць даляраў, што ніхто не пападзе ў ласку, — сказаў ён.
Рой лічыў гэтак жа. Ды ён і не хацеў пападаць у ласку.
Яна з'явілася ў хаціне летам, калі ёй было некалькі месяцаў — яшчэ ў карычневай скурцы. А зараз яна ўжо насіла сваю белую зімовую апратку і амаль што вырасла. Рой не хацеў, каб яе падстрэлілі, але яму хацелася паспрабаваць выйграць у гэтай амаль безнадзейнай гульні.
Яны сядзелі і чакалі, і кожны падрыхтаваў ружжо.
Самсон свістаў і пішчаў, імкнучыся выклікаць ласку са сваёй схованкі.
Скоці насцярожана маўчаў.
Рой хістаўся, хоць і меў насалоду ад гэтага спаборніцтва.
Мэрэй чакаў, нібыта ні пра што і не думаў.
Раптоўнае з'яўленне ласкі імгненна выклікала выстрал. Адбылося гэта так хутка, што ўсе здзівіліся, а яшчэ больш яны здзівіліся, калі ўбачылі, што ласка, разарваная куляй амаль папалам, звалілася ў рукамыйны таз.
Усе зірнулі на Скоці.
— Не люблю ласку, — сказаў ідэаліст Скоці. — Яна заўсёды на некага палюе — крыважэрная. Забівае дзеля таго, каб забіць.
— Вось гэта быў выстрал! — шчыра здзівіўся Самсон удачы сябра.
Роя гэта амаль працверазіла, а Мэрэй гучна засмяяўся.
— Не сярдуй, Рой, — сказаў Скоці, адчуваючы, што Рой незадаволены. — Трымай! — ён зноў палез у мех і дастаў яшчэ адну бутэльку гарэлкі. — Гэтая яшчэ мо смачнейшая.
Рой выпіў, выпіў і Скоці. Пра іншых яны забыліся, бо паміж Скоці і Роем была даўняя спрэчка, якую не маглі зразумець Мэрэй і Самсон. Спрэчка была такая сур'ёзная і глыбокая, што нікому з іх не трэба было зараз гаварыць. Яны ведалі думкі адзін аднаго і без гэтага. Стрэл, які забіў ласку, быў толькі чарговай праявай іхняй спрэчкі, і хоць абодва былі п'яныя, яны і зараз вялі спрэчку.
Рой быў матэрыяліст, аб'ектыўны назіральнік жыцця лесу. Уласны вопыт навучыў яго, што ўсе звычкі і навыкі лясных звяроў (лютыя альбо спакойныя) — гэта частка натуральнага працэсу, працэсу эвалюцыі і барацьбы за існаванне, што кожны звер мусіў забіваць, каб выжыць, хоць у далейшым ён і сам можа стаць ахвярай больш дужага драпежніка. Для Роя гэта быў натуральны працэс, тое, што варта прызнаць як існасць, няхай сабе гэта жорстка ці міласэрна, трагічна ці смешна. Ён прымаў гэта як аб'ектыўны факт і даўно перастаў шукаць у гэтым працэсе дабро ці зло, бо сам ён не ўдзельнічаў у гэтым. Рой ведаў, што чалавек стаіць збоку і над усімі іншымі. Ён уключаецца ў працэс толькі як валадар, бо прырода і ўсё ў ёй варожае да чалавека. Прырода знішчыла б людзей, калі б яны агульнымі намаганнямі не дабіліся перамогі над ёй і не сталі кіраваць ёю. Рой заўсёды ўключаў сябе ў гэтую агульную барацьбу з прыродай; часткай яе былі і пабудова гэтай надзейнай хаціны, і скарыстанне чалавечага спрыту падчас адлову звяркоў: пушніна на продаж, мяса на ежу — усё дзеля таго, каб выжыць у гэтай барацьбе з прыродай. Як істота грамадская, якая здольная да спачування і самаабмежавання, Рой, вядома, меў свае сімпатыі і антыпатыі і ў тым, што рабіў сам, і ў тым, што рабілі звяры, але, сімпатызуючы аднаму зверу, ён прымаў іх усіх і без патрэбы ніколі не ўмешваўся ў іхняе жыццё. Ён любіў назіраць за жыццём, не парушаючы яго рытму. Яму падабаліся мышы, але ён з задавальненнем назіраў, як ласка выконвае сваё прызначэнне, калі палюе на мышэй. Гэта была не жорсткасць, гэта быў закон жыцця. Часам Рой усё ж умешваўся, часам ён уключаў сябе альбо сваё ружжо ў гэты працэс, проста, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца, але нават і тады гэта было толькі развіццё працэсу, яго праверка. У астатнім Рой захоўваў найстражэйшы нейтралітэт. Часам жорсткасць таго, што адбывалася ў лесе, абурала яго, але ён ніколі не караў аднаго звера за жорсткасць у адносінах да другога. Гэта было б таксама праявай жорсткасці, яго жорсткасці, а ён не хацеў быць жорсткім. Ён забіваў мядзведзя, калі той нападаў на яго, аленя — калі патрэбен быў харч, бабра — за тое, што яго скурка патрэбна яму; але забойства дзеля забойства было яму агідна. І не менш агідным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясціла адных жывёл добрымі, другіх — дрэннымі, адных невінаватымі, другіх вінаватымі. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасці, і менавіта ў гэтым быў сэнс яго маўклівай спрэчкі са Скоці Малькольмам.