Выбрать главу

Скоці Малькольм быў ідэаліст, ён верыў, што існуе агульнаабавязковы для ўсіх прынцып дабра і зла, што дабро і зло існуюць на свеце, проста існуюць, існуюць як вышэйшы закон. Для Скоці ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткім і злачынным кругаваротам: забі, каб не быць забітым; працэсам, які па самой сваёй сутнасці заганны, заганны ў цэлым і ва ўсіх сваіх частках. Кожны раз, калі гэтага патрабавала яго пачуццё дабра і зла, Скоці ўмешваўся ў гэты працэс. Ён забіваў саву, калі бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуціны і забіваў павука; ён забіў ласку, бо яна палявала за дробнымі мышамі. Ён не задумваючыся караў вінаватых, бо дакладна ведаў, што добра і што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямі, якія ўзрушвалі яго. Сёння ён мусіў забіць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забіць лісу, якая пагоніцца за ласкай.

Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоці заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую і неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за іншых і таму іх трэба вучыць. Гэта прыводзіла Скоці да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавідзіць і пагарджае, а іншых паважае як узор прыстойнасці і добрых паводзін. Ён усіх лясных звяроў надзяляў чалавечымі якасцямі: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якія яму падабаліся, ён забіваў неахвотна. Тых, якіх ненавідзеў, забіваў з задавальненнем. Ён ненавідзеў норку, таму што норка, гэтаксама як і ласка, была сама пражорлівым з маленькіх драпежнікаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр — як выключны разумнік; але лісой ён грэбаваў за яе хітрыкі, ваўка не любіў за бязлітаснасць, вавёрку за надакучлівасць, куніцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткі. У яго была тэорыя, што сама пакорлівыя насельнікі лесу — сама жывучыя і таму яны перажывуць драпежнікаў і заселяць зямлю. Ён сцвярджаў, што дзікабраз, які толькі тым і ўмее ўратавацца, што згортвацца ў калючы клубок, — цар лесу таму, што выйграваў барацьбу з праціўнікам. З ім не маглі справіцца нават пражэрлівасць і жорсткасць сама мацёрага забойцы лесу — расамахі. Расамаха магла забіць і з'есці дзікабраза, нягледзячы на яго іголкі, але адразу пасля гэтага яна і сама здыхала, вельмі пакутліва, бо іголкі з'едзенага дзікабраза раздзіралі ёй горла, лёгкія і страўнік. Для Скоці ў гэтым была паэзія справядлівай адплаты і зарука таго, што пакорлівыя ўзвысяцца і што пасіўная абарона адзіна правільная абарона. Ён дастасаваў гэта і да скунса, спрачаўся з Роем, што скунс ідэал жывёльнага свету. Скунс бясшкодны, адважны, усе ў лесе пазбягаюць яго проста таму, што баяцца, каб ён не абліў іх смярдзючым струменем з хваставой залозы; скунс своеасаблівы і незалежны, жыве адзін і не кантактуе нават са сваімі родзічамі, ён ахайны, надзейны, дужы. Скунсу прызначана было стаць ідэальным узорам дабра, як ваўку альбо норцы — узорам зла. Усё прадвызначана — каму наканавана нарадзіцца забойцам, а каму — яго ахвярай; і барацьба паміж імі — гэта барацьба зла з дабром. Вера Скоці ў дзікабраза і скунса прыводзіла яго да высновы, што пакорлівыя перамогуць, хоць і з яго дапамогай.