Рой ведаў: нішто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бітвы з вераломнымі хітрыкамі прыроды, зараз, калі ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыі свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бітва і за самога сябе: быць яму траперам ці валацугай, п'яніцай ці фермерам, чалавекам ці зверам. Але ў яго быў план; нейкія абрысы плана, з дапамогай якога ён павінен усё і назаўсёды ўладзіць, і ён збіраўся гэты план апрабаваць.
Ланцуг пастак Роя знаходзіўся па вялізным крузе працягласцю пяцьдзесят міль. Паўднёвай асновай яго і пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т і правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакідаў човен на тым беразе і ішоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнічая гаспадарка, багатая на бабра і андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялікая хаціна, з якой ён, перш чым ісці на захад да Літл-Рывер, як правіла, за тры-чатыры дні абыходзіў усе пасткі на рэках, якія ўпадалі ў возера. Часам да адыходу на захад ён паляваў на лася на балотах паміж Чатырох Азёр, але часцей здавальняўся аленем, якога забіваў на хрыбтах па дарозе на Літл-Рывер. Гэта быў хуткі вузкі ручай, на якім вадзіліся норкі, і тут праходзіла заходняя мяжа ўчастка Роя. На другім беразе пачыналася гаспадарка Скоці і Самсона, тут яны часам сустракаліся. Па гэтым ручаі Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Піт-Піт, згодна са своеасаблівым гукам, з якім рэчка ўлівалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хаціны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзін хрыбет, тым самым замкнуўшы круг ці квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень і зноў на ўсход. Як правіла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабіць інакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткі на норак, некаторыя здымаючы, іншыя нанава зараджаючы, — як і тыя, што напярэдадні паставіў са Скоці. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялізную ўпалую сасну, прыкрыў яго галінкамі, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свінінай і запіўшы салодкім чаем, ён закінуў за спіну важкі мех і пайшоў не на поўнач, а на ўсход і ішоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамі, рачулкі. На тым беразе яе была хаціна, і калі Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй і, нарэшце, высокі худы індзеец.
— Хэло, Рой, — сказаў індзеец.
— Хэло, Боб, — сказаў Рой.
Індзеец Боб: яго назвалі так таму, што сапраўднае імя было занадта складанае. Рой ведаў яго і ахвотна называў бы Боба па імені, радуючыся таму, як яно гучыць — Хома-Хомані: першая хмурынка на небе, — але гэтае імя Боба было не для белага, няхай сабе і для Роя.
Бо нават маленькая бронзаватварая індыянка — яго жонка — зараз называла яго Боб. Адзенне Боба таксама было адзеннем белага: шапка з зайца, скураная куртка, сінія палатняныя штаны, але індзейскія макасіны з аленя. Усё гэта сядзела на высокім худым, спакутаваным целе сухотнага чарнавокага, бледнага чалавека, які нагадваў Рою засохлы клён, з якога выцадзілі занадта шмат соку.
— Добра, што ты тут, — сказаў Рой.
— Я толькі што збіраўся ў Сент-Элен па муку і правіянт, — сказаў Боб.
— Хіба не позна? — спытаў Рой.
— Сёлета ўсё спазнілася, Рой.
— Спазнілася? — паўтарыў Рой, думаючы пра звера. — Ці проста сышло?
— Мала-мала спазнілася і мала-мала сышло, — сказаў Боб.
Гэта была пародыя на нібыта індзейскую гаворку, якой Боб карыстаўся як своеасаблівым пакепліваннем над белымі. Па-ангельску ён гаварыў як і ўсе ў Сент-Элене, як усе паляўнічыя, але час ад часу перадражніваў той жаргон, які белыя прыпісвалі індзейцам. Зараз ён не пакепліваў над Роем, якога любіў. Проста гэта быў міжвольны пратэст.