— Боб, — сказаў Рой, — я хачу пайсці на Зялёныя Азёры, туды, дзе мая гаспадарка ўкліньваецца ў тваю. Ты не супраць, калі я прайду па тваіх землях, каб трапіць на азёры?
— А чаго ты туды пойдзеш, Рой?
— Я хачу вылавіць там усё, што мне ўдасца. Я засяду ў сваёй хаціне на Чатырох Азёрах і расстаўлю пасткі па ўсёй акрузе, столькі пастак, каб здолеў толькі запомніць іхнія месцы. Звера там мо і небагата, але калі ён ёсць, то я вазьму яго да рэшты. Масавы аблоў! Я хачу аблавіць нават Зялёныя Азёры. Я там ніколі не ставіў пастак, сабраць там можна небагата, але яны, зрэшты, усе ў адной жмені, і чым яны горшыя за тутэйшыя вялікія азёры?
Зялёныя Азёры, маленькія, акружаныя амаль непраходнымі зараснікамі, праўду кажучы, былі Рою непатрэбныя. Ён назваў іх зараз афіцыйнай назвай, але часцей называў Нікчэмнымі Азёрамі, Непрыдатнай зямлёй, Спустошанай акругай.
— Магчыма, там ёсць пушны звер іменна таму, што я яго там не лавіў, — сказаў ён. — Ва ўсякім выпадку, паспрабую, але для гэтага мне трэба прайсці па тваёй зямлі, каб не блукаць па гэтых лясах.
— Вядома, — адказаў Боб. — Прашу цябе.
— А ці ёсць сцежкі проста да Зялёных Азёр?
— Ёсць адна старая паляўнічая сцежка, але лепшы шлях туды па хрыбце.
— А табе не будзе непрыемна, калі ўбачыш мяне на хрыбце?
— Зараз я рэдка хаджу туды, — сказаў Боб. — Надта далёка.
— Хочаш, я падстрэлю табе якую-небудзь дзічыну на мяса, калі сустрэну, вядома? — спытаў Рой.
— Там шмат аленяў, — сказаў Боб. — Убачыш, страляй.
Прапануючы забяспечыць Боба мясам, Рой хацеў адплаціць за дазвол на праход па яго ўчастку. Мяса было амаль адзінай ежай індзейскай сям'і. Боб паляваў як і ўсе, але ён не мог дазволіць сабе незаконнага палявання. За гэта яго — індзейца — чакала такая ж адплата, што і белага, але для індзейца страта ўчастка была стратай самога жыцця. І вось Індзеец Боб неяк перабіваўся на законнай норме. Гэта давала магчымасць штогод купляць крыху правіянту ў краме, але большую частку харчу ён выдзіраў з зямлі, тут, ля свайго ручая, вырошчваючы крыху кукурузы і азёрнага рысу, трымаючы курэй, свіней, коз і ловячы летняй парой столькі рыбы, колькі мог правяліць альбо захаваць на зіму ў сваім пограбе.
— Чаму ты не папросіш участак у бабровым заказніку Джэймс-Бэй? — спытаў Рой у Боба.
Як і некаторыя іншыя заказнікі Канады, Джэймс-Бэй быў буйным лясным заказнікам, закрытым для ўсіх трапераў, акрамя абмежаванай колькасці індзейцаў; гэта была гаспадарка, дзе кішэлі маладыя бабры; абароненыя законам бабры хутка размнажаліся і давалі гарантаваны ўлоў.
— Не ведаю такой зямлі, Рой, — адказаў Боб.
Рой ведаў: Боб хацеў гэтым сказаць, што Муск-о-гі яго дом, дом яго продкаў. Ён не хацеў пакідаць яго, як Рой не хацеў пакідаць Сент-Элен.
— Ты маеш рацыю, — разважліва прамовіў Рой. — Джэймс-Бэй — гэта вельмі далёка адсюль.
— Скончыцца тым, што я стану фермерам, расчышчу вось тут лес і буду фермерстваваць, — сказаў Боб. Як і Рой, ён ведаў, што звяры сыходзяць на поўнач і хутка зусім знікнуць. Як і Рой, ён ведаў, што ніколі не здолее пакінуць лес, і чым пакідаць яго, ён быў гатовы паспрабаваць фермерства ў лесе.
— А што скажа крымінальны кодэкс наконт гаспадаркі на поўначы? — спытаў у яго Рой. — Ты ж мог паспрабаваць атрымаць участак на поўначы?
— Цяжка адказаць, Рой. Адна справа, калі чытаеш закон, зусім іншая, калі яго парушаеш, асабліва крымінальны кодэкс.
Крымінальным кодэксам звычайна называлі палажэнні пра індзейцаў. Рой чытаў гэтыя палажэнні, чытаў іх у хаціне Боба, дзе яны віселі як яшчэ адна насмешка Боба над белымі. Рою яны здаліся такімі падобнымі на палажэнні пра звяроў, што ён прыйшоў да высновы, што індзейцаў захоўваюць як звяроў, як асколак натуральнага і пажаданага ляснога жыцця, якому нельга было даць знікнуць зусім.
— Ну што ж. Я пайду, Боб, — сказаў Рой.
Выгляд індзейца пачаў засмучаць яго. Думка, што Індзеец Боб асуджаны заставацца тут, — усё адно, будзе да рэшты вылаўлены гэты ўчастак ці не, — заўсёды засмучала Роя.
— Калі ты збіраешся ісці на поўнач на новыя землі? — спытаў індзеец Роя.
Рой пачаў ужо пераходзіць рэчку.
— Яшчэ не ведаю, Боб. Гэта будзе залежаць ад многіх абставін. Але хутка гэта высветліцца.
— А Сахаты таксама недзе блізка? — перамагаў Боб шум парогаў.
— Блізка. А што?
— Нехта ставіў пасткі на маёй плаціне ля старых карчоў. Відаць, Сахаты.
— Ты так лічыш? — спытаў Рой. Зараз яму таксама даводзілася крычаць.