Выбрать главу

— Скажы яму, калі ён будзе шукаць свае пасткі, што яны вісяць на сухім дрэве ля плаціны.

Тут не было злоснай задумы, індзеец паступіў менавіта так, як паступіў бы любы трапер, знайшоўшы на сваім участку чужыя пасткі, ён зняў бы іх і павесіў. На другі раз ён меў права забраць іх сабе.

— Добра, Боб. Убачымся, калі я буду вяртацца.

— Шчаслівай дарогі, Рой.

Рой перайшоў раку і па закінутай сцежцы пайшоў на поўнач, да Чатырох Азёр.

Яшчэ завідна дабраўся ён да сваёй хаціны, скаціўшыся з апошняга схіла, як перагружаны састаў, які цісне на паравоз і падганяе яго. Пакуль ён запальваў лямпу і раскладаў цяпельца, мышы разбегліся па кутках і адтуль назіралі, як ён распакоўвае правіянт і хавае яго ў моцную скрыню, скрэмзаную слядамі іхніх зубоў. Рой стаміўся; калі павячэраў, ён прытушыў агонь, паваліўся на ложак і адразу ж заснуў.

Раніцай Рой хутка і лоўка распачаў свой масавы аблоў.

Перш за ўсё ён праверыў пасткі на Чатырох Азёрах, зняў аднаго бабра і адну андатру. Затым пачаў расстаўляць пасткі ва ўсіх хоць крыху прыдатных мясцінах. У яго хаціне на Чатырох Азёрах было дзесяць старых пастак сістэмы Ньюхаўс; ён іх падрамантаваў, пачысціў і расставіў на бабровых гацях, на харчовых пляцоўках андатры і ля хатак. Ён паставіў паўдзесятка пастак першага нумара па берагах і на пясчаных мелях. Гэтыя прызначаліся для норак, якія кожную ноч блукаюць па беразе ў пошуках рыбы і жаб. Калі справіўся з Чатырма Азёрамі, Рой зрабіў двухдзённы пераход убок, на поўнач ад участка Індзейца Боба, да Зялёных Азёр. Гэта былі глыбокія азёры, не надта зручныя для баброў, але тут маглі вадзіцца норкі і можа быць выдра. Перш за ўсё трэба было разведаць звера, адшукаць красамоўныя кучкі акрываўленых пёраў ля жылля норак, недаступныя сховы ласак, слізкія гліняныя схілы, па якіх выдра, гуляючы, з'язджае ў ваду. Ён выявіў мала слядоў выдры і норкі, але там, дзе яны былі, паставіў пасткі, паставіў хітра, скарыстаўшы дзеля прынады рыбу, злоўленую сеткай у Чатырох Азёрах. На адным з Зялёных Азёр былі дзве невялікія бабровыя гаці, і тут ён таксама паставіў тры пасткі проста ля хатак.

— «Забаронена законам, — гучна спяваў Рой, калі ставіў свае пасткі, — любому грамадзяніну ставіць пасткі бліжэй чым пяць футаў ад жылля бабра». Ну што ж, пан губернатар, я, здаецца, парушаю закон, але майце ахвоту з'явіцца тут і злавіць мяне на месцы злачынства. Майце ахвоту з'явіцца і паглядзець, як даводзіцца беднаму чалавеку выкручвацца, каб злавіць нейкага бедалагу-бабра.

Калі Рой расставіў усе свае пасткі, ён пачаў ладзіць іншыя, больш хітрыя.

Ён добра ведаў параграф пра гэты від пастак, і паколькі адзінай крыніцай друкаванай паэзіі для Роя была мова палажэнняў пра дзічыну, ён ахвотна цытаваў на памяць вытрымкі з закону. Параграф быў вельмі просты, ён абвяшчаў, што любому грамадзяніну забараняецца законам карыстацца гэтым відам пастак для любой мэты на ўсёй тэрыторыі акругі Сент-Элен.

Рой ладзіў пасткі ў разліку на любога звера, які ў іх трапіць, няхай сабе гэта рысь, ліс, куніца-рыбачка альбо нават воўк. Шкуры ваўка ішлі за бясцэнак, але за ваўка старэйшага за тры месяцы плацілі дваццаць пяць даляраў прэміі; і хоць Рой лічыў гэта толькі суровай помстай закону ў адносінах да чацвераногага паляўнічага, ён не губляў гэтай магчымасці.

— Ідзе вайна, — казаў Рой звярынай браціі на паляўнічых сцежках, — і нехта ў ёй павінен перамагчы. Нехта павінен перахітрыць іншага, таму асцерагайся, жорсткі воўк, крывасмок-норка, насцярожаная ліса, рысь-чашчавік. Нехта з вас павінен перахітрыць іншага.

Рой быў вельмі хітры. Ён не лічыўся спецыялістам па звярах, якія бегаюць і якіх цяжка злавіць, але ён мог перахітрыць іх, бо ведаў іхнія звычкі. Усе звяры хадзілі па сцяжынках, пратаптаных буйнымі звярамі, такімі, як алень альбо лось. На такіх сцежках і ставіў Рой свае пасткі. Асабліва хітра ставіў іх на лісу. Звычайна Рой перагароджваў звярыную сцежку ствалом; ён падкочваў ствол да месца з дапамогай рычага, да якога дакранаўся толькі ў пальчатках, цалкам пазбягаючы ўсялякага чалавечага паху. Перагарадзіўшы дарогу, ён закручваў адзін канец доўгага дроту вакол цяжкага ствала, а затым прыладжваў пятлю так, што ліса павінна была трапіць у яе, калі б захацела абысці ствол. Сіло майстравалася са стальной раяльнай струны, моцнай і пругкай, а каб і на ёй не заставалася слядоў дотыку чалавека, Рой націраў яе воскам. Некаторыя траперы карысталіся для гэтага мускусам бабра альбо пацука, але Рой лічыў, што перша чым звабліваць чуйны нос ліса гэтым падманлівым пахам, лепш нейтралізаваць сіло нейтральным пахам воску. Ён яшчэ ніколі не правяраў гэтай сваёй тэорыі, але зараз, расставіўшы шмат пастак вакол Зялёных Азёр і Чатырох Азёр, а таксама на хрыбтах і ў далінах, ён мусіў праверыць сапраўдную іх вартасць і сваё ўласнае паляўнічае майстэрства.