Выбрать главу

У апошнюю чаргу Рой заняўся куніцай і блізкай да яе куніцай-рыбачкай. Гэтыя каштоўныя пушныя звяры маглі трапіць у любую з яго пастак, у пастку на норак, у некаторыя сіло нават у пасткі на баброў і андатраў. Але паляванне спецыяльна на рыбачку альбо на куніцу патрабавала асаблівага вопыту і майстэрства. Яны не толькі рэдка сустракаліся, але, як правіла, ніколі не выяўлялі свайго жылля. Паляўнічаму даводзілася здагадвацца, дзе іх шукаць, здагадвацца пра іхнія звычкі. Абедзве мелі багатую шаўкавістую карычневую пушніну стойкага колеру, за яе заўсёды добра плацілі. Абедзве жылі на дрэвах, не карысталіся логавамі альбо норамі. Абедзве харчаваліся дробнай жыўнасцю — зайцамі, вавёркамі, мышамі, усім, што трапляла на іх востры зуб. Разважаючы пра іх, Рой згадаў, што за ўсё сваё доўгае жыццё ў лесе ён бачыў кожнага з гэтых звяркоў толькі пяць ці шэсць разоў, асабліва куніцу. Яна жыла ў самым гушчары і цемры хвойных нетраў і не пераносіла вады і сырасці. А рыбачку, наадварот, можна было звычайна знайсці каля балота альбо ручая, хоць і тут яна знаходзілася на вершалінах дрэў і спускалася толькі паляваць. Яны былі злосныя ворагі, і ў сутычках куніца звычайна перамагала свайго родзіча. Яны абедзве палявалі паасобку, пераважна ноччу. Пра іхнія звычкі ў Роя захаваўся толькі адзін успамін. Аднойчы на яго вачах рыбачка загрызла чырвоную вавёрку; убачыўшы Роя, рыбачка адкусіла ў вавёркі пушысты хвост і кінулася да бліжэйшага дрэва. Яна імгненна знікла ў лістоце і паляцела з верхавіны на верхавіну, трымаючы ў зубах вавёрку, але пазбавіўшыся яе хваста, які перашкаджаў бы так хутка бегаць.

Рой ладаваў свае пасткі на куніцу і рыбачку чырвонай вавёркай, але замест таго, каб замацоўваць пасткі на паваленым ствале альбо на зямлі, ён падвешваў іх так, што ў скачку за вавёркай куніца альбо рыбачка павінны былі абавязкова патрапіць у пастку. Ён паставіў пяць паўтарачных пастак, усе вакол Зялёных Азёр. Для рыбачкі ён выбіраў навіслыя над вадой елкі, для куніцы заходзіў глыбей у гушчар. Гэтым Рой закончыў ставіць ланцугі пастак для масавай лоўлі.

Але паставіць пасткі было толькі пачаткам. З гэтага дня яму трэба было настойліва і метадычна аглядаць пасткі, абыходзячы іх у строгай паслядоўнасці і замяняючы прынаду. Ён абышоў спачатку Чатыры Азёры, праверыў пасткі, а калі вяртаўся ў хаціну, праверыў яшчэ некалькі пастак. Затым зрабіў двухдзённы абыход Зялёных Азёр, па дарозе туды праверыў пасткі, выбраў тыя, што ля вады, а па дарозе назад праверыў астатнія. Яму давялося цягнуць на сабе ўвесь правіянт, прынаду, сакеру і злоўленую дзічыну. Абход даводзілася рабіць хутка, бо на Зялёных Азёрах у яго не было іншага сховішча, акрамя шалаша з галінак піхты, які ён змайстраваў пад вялікай сасной. Значыць, яму даводзілася нясці і спальны мяшок, а для чалавека, які прывык да зручнасці сваіх хацін, гэта было вялікай стратай. Але ён не здаваўся, спадзеючыся, што вынік апраўдае ўсе затраты. За два тыдні Рой злавіў чатырох баброў, чатыры андатры, адну норку і дзвюх ласак. Больш рэдкая дзічына — ліса, рысь, рыбачка, выдра — зусім не траплялася яму, хоць ён выявіў шмат слядоў лісы і рысі і ведаў, што рана ці позна ён зловіць іх. Але для гэтага патрабавалася шмат цяжкай працы, бясконцай працы.

— Вось табе і адзінаццаты нумар! Чым не аўталінія? — мармытаў ён сам сабе, калі знясілена вяртаўся ў сваю хаціну ля Чатырох Азёр. — Вось табе і канвеер! — Але ён працягваў гэта толькі тры тыдні, а пасля зразумеў, што пара спыніцца: пачаў выпадаць снег.

Усё пачалося з невялікай завірухі і парывістага паўночнага ветру. Чысты ранні сняжок пасцілкай лёг на лес, азёры і хрыбты гор, і ўжо з гэтага снегападу ў далінах утварыліся гурбы. Усю гэтую завіруху Рой пераседзеў у сваёй хаціне на Чатырох Азёрах. Калі завіруха сціхла, ён зрабіў апошні абыход — снег прымушаў яго спяшацца і хутчэй правяраць пасткі на Літл-Рывер, а затым скіраваць на поўдзень і паглядзець, што робіцца ў яго на возеры Піт-Піт. Абодва гэтыя ўчасткі былі закінуты ім амаль на месяц, і Рою трэба было вырашыць, ці варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзінах Роя.

Падчас апошняга абходу яго затрымліваў рыхлы снег, які даводзілася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькі баброў і некалькі андатраў. І ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лісу. Ліса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захліснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая і нагадвала сабаку на прывязі. Яна злосна пазірала на Роя, які ішоў па сцежцы. Рой спыніўся.