Выбрать главу

— Эх ты, палахлівая ліса, — задумліва прамовіў Рой, — сёння ты перамудрыла.

Іншыя звяры, якія траплялі ў пастку, адчайна вырываліся; але чым мацней яны вырываліся, тым мацней зацягвалася пятля на шыі, і чым мацней яна зацягвалася, тым мацней яны вырываліся, пакуль пятля не душыла іх да смерці. А гэтая ліса? Рой зразумеў, што яна таксама спрабавала вырвацца, але хутка зразумела, што барацьба для яе небяспечная. Тады яна прыціхла і пачала чакаць, ці не ўдасца перахітрыць пастку. Яна і зараз хітра пазірала на Роя, ці не ўдасца ёй перахітрыць яго.

Гэта быў адзін з тых выпадкаў, калі Рою цяжка забіць звера. Ён заўсёды здзіўляўся знаходлівасці, яго здзіўляла настойлівая барацьба звера за жыццё, здзіўляла ўсё, што магло перахітрыць механічную вераломнасць пасткі. Але ішла вайна, і ён быў яе ўдзельнікам. Заставалася толькі выклікаць лісу на супраціўленне. Рой так і зрабіў, ён пачаў трывожыць яе доўгім сасновым суком, а калі яна стала адсоўвацца ад палкі і мацней зацягнула пятлю, Рой двойчы моцна стукнуў яе па галаве, так моцна, што палка зламалася. Ліса была мёртвая, а Рой — пераможца міжвольны — стаяў і захапляўся чыстай шаўкавістай поўсцю.

Больш нічога ў сваіх пастках ён не знайшоў, а на Зялёных Азёрах у пастку трапіла толькі адна норка. Ні бабра, ні андатры, ні выдры, ні куніцы, ні рыбачкі. Рой сяк-так пераседзеў марозную ноч у занесеным снегам шалашы на Зялёных Азёрах, а затым шпаркім тэмпам рушыў па снезе назад да хаціны на Чатырох Азёрах, раздумваючы, ці ўдалася справа з масавай лоўляй, ці варта тут вылаўліваць усё, што толькі можна, за кошт усіх іншых участкаў.

У хаціне ён падлічыў сваю здабычу.

Усяго было злоўлена шэсць андатраў, пяць баброў, дзве норкі, чатыры ласкі і ліса. Вывад зразумелы. Для такога напружанага палявання вынік быў мізэрны, хоць, калі гаварыць шчыра, гэта была неблагая трохтыднёвая здабыча. Але Рой не апраўдваў выключную стаўку на інтэнсіўную лоўлю ў гэтым месцы на шкоду ўсім іншым. Акрамя таго, Рою здавалася, што ў далейшым ён не набярэ тут і гэтага. Ён злавіў чатырох баброў на Зялёных Азёрах, і болей там баброў не было, іх неабходна выкрэсліць з далейшага палявання. На Чатырох Азёрах заставаўся яго звыклы рэзерв — паўтара дзесятка хатак і некалькі новых збудаванняў маладых баброў. Але пры такой інтэнсіўнай лоўлі гэтага было мала. На Чатырох Азёрах трэба спыніць паляванне, калі ён мае намер захаваць там хоць некалькі баброў і андатраў. Мо і варта было праводзіць тут інтэнсіўную тыднёвую лоўлю, але не больш за тыдзень. Таму ён пакінуў усе свае пасткі на ранейшых месцах, але ўжо дакладна ведаў, што павінен ісці на Літл-Рывер, уніз да возера Піт-Піт і назад у сваю хаціну. Трэба рухацца, пакуль снег не выпаў па-сапраўднаму, а рэкі і азёры не скавала лёдам.

Перш чым пакінуць Чатыры Азёры, Рой прайшоўся па яловых балотах паміж азёрамі. Ён шукаў сляды лася, ведаючы, што Джэк Бэртан, калі назапашвае мяса на ўсю сям'ю, аддае перавагу буйному ласю, а не дробнаму аленю. Рой знайшоў сляды, памёт і абадраную кару на дрэвах там, дзе вялізны самец стараўся спыніць сверб сваіх раскідзістых маладых рагоў. Але самога лася ён так і не знайшоў. Ён убачыў шмат слядоў аленяў, але за ўсе тры тыдні не сустрэў ні аленіхі, ні цяляці. Гэта было нязвыкла і трывожна, і па дарозе на Літл-Рывер ён пільна сачыў, ці не з'явіцца на хрыбце алень альбо лось у даліне. Ён прыкмеціў адну белахвостую аленіху на схіле каля Літл-Рывер і паспеў выстраліць, але ўбачыў толькі, як мільганула і знікла ўдалечыні яе белае люстэрка.

— Ну што ж, хоць адзін алень ёсць у гэтым лесе, — сказаў ён. — Пакіну яго для Джэка. Для фермера Джэка, выратавальніка Сент-Элена.

Рой гучна засмяяўся ад уласнага жарта, і яго зычны смех рассыпаўся па ўсім лесе. Ён пайшоў на поўдзень да возера Піт-Піт і дамоў, гадаючы, ці застане ў сваёй хаціне Сахатага, ці ён пайшоў ужо ў заказнік.

Раздзел сёмы

Мэрэй пайшоў, але ў хаціне быў Джэк Бэртан.

— Як Сэм? — спытаў Рой, калі ўбачыў, хто ў яго ў гасцях.

Джэк прычыніў дзверы, на якія ціснула намеценая завірухай гурба; яго цела, падобнае на жэрдку, здавалася, расло з бёрнаў падлогі.

— Сэм ўсё яшчэ на ферме, калі ты пытаеш пра гэта, — сказаў ён. — Але не ведаю, ці доўга ён там будзе.

— Ці прыняў ён работніка?

— Так, але быў вельмі сярдзіты на цябе за тое, што ты пайшоў моўчкі. І Руф таксама сердавала. — Словы Джэка гучалі змрочна. — Ён усё яшчэ гаворыць пра сыход.

— А каго ты наняў ім у памочнікі?

— Білі Эдвардса.