Выбрать главу

Магчымасць пагаварыць з Роем адзін на адзін з'явілася ў Джэка на другі дзень, калі яны ўдвух на чоўне зрабілі невялікі аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нічога не сказаў, і Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлілася толькі адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапаціла Джэка.

— Некалькі дзён таму інспектар выправіўся ў абход, — сказаў Джэк.

— Куды?

— Не ведаю. Ведаю толькі, што ён пайшоў з Сент-Элена.

— Што, шукае сабе прыгоды?

— Так, і мо менавіта тут, — сказаў Джэк. — Ты ведаеш, што будзе, калі ён застане Зела і Сахатага ў цябе ў хаціне?

— Я заўсёды магу сказаць, што не клікаў іх.

— Гэта не дапаможа, — засцярог Джэк. — Тады табе канцы.

— Мне і так канцы, — сказаў Рой. — Ніводнай скуркі з цэлага возера.

З возера Т яны вярнуліся з пустымі рукамі, і Джэк пераканаў Роя папаляваць з ім на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткі, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зімні запас. Яны пайшлі на другую ж раніцу і пешкі прайшлі маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Піт-Піт і Літл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакінулі ў хаціне чакаць вяртання Мэрэя, і толькі ўдалечыні ад Зела і хаціны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калі яны залезлі на Снежную Скалу — найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялі там, пазіраючы на хрыбты, што раскінуліся ва ўсе бакі, на пашу ласёў і недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзічынай, і яны спыніліся тут паснедаць.

— Здаецца, я павінен сказаць табе, што Эндзі Эндрус вярнуўся, — сказаў Джэк.

— Эндзі? — перапытаў Рой. — Вось д'ябал!

— Ён з'явіўся тыдзень таму, — дадаў Джэк.

— А дзе ён з'явіўся?

— У Джыні. Да яе і прыйшоў.

— І ён быў там, калі ты адыходзіў?

Джэк кіўнуў.

— Здаецца, што так, — сказаў ён.

Рой доўга не мог прамовіць ні слова, маўчаў і Джэк. Джэк не раз прыкідваў, ці варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней ці пазней Рой ўсё адно даведаецца, і сядзеў як на іголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, які выбар патрэбна будзе зрабіць Рою. У яго і так была пагроза страціць родную хату, існавала неабходнасць пакінуць лес і заняцца фермерствам, а таксама непакоіла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страціць і сваю Персефону[3].

Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэнні. Па-першае, праседзеўшы зіму тут, ён мог на будучы год пайсці на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавіта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калі Эндзі вярнуўся, калі Сэм не адмовіўся ад свайго намеру кінуць ферму, калі Рой асабліва востра адчуваў ціск лесу, — было верагодна, што ён не заглыбіцца ў глуш, пакідаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джыні Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калі яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страціў абедзве свае апоры, і другое мажлівае для яго рашэнне было пайсці з Зелам і Мэрэем у заказнік з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол і дзялянку і гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк імкнуўся звесці Роя ад Сен-Клэра і Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хаціну, Зел і Мэрэй будуць ужо далёка. І ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымліваць Роя ад вяртання ў хаціну.

— Значыць, Эндзі ўсё-такі вярнуўся, — спакойна сказаў Рой. — Ну што ж! — Ён вытрас рэшткі гарбаты ў агонь кастра.

Джэк затаптаў агонь і сабраўся ісці далей.

— Ну як Эндзі? — марудна прамовіў Рой.

— Патаўсцеў, — сказаў Джэк. — Ён быў у арміі.

— Відаць, без грошай?

— Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалік для Сэма. Ён і сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькі.

— Што-небудзь казаў?..

Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.

— Не, нічога.

— І збіраецца застацца?

— Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзі.

— Ён застанецца, — сказаў Рой. — Ва ўсякім выпадку, да майго вяртання.

Ведаючы Эндзі, Рой быў здзіўлены, што той не з'явіўся проста да яго ў лес, каб высветліць адносіны. Эндзі заўсёды дзейнічаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа і лбом у сцяну.

— Як ты думаеш, ці прыйдзе ён у лес? — спытаў Рой.

— Не ведаю, — адказаў Джэк. — Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.

Джэк зрабіў усё, каб папярэдзіць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калі Эндрус зразумее сапраўдны сэнс «дзелавых адносін» Роя і Джыні, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.

вернуться

3

Персефона — у антычнай міфалогіі жонка гаспадара падземнага свету, якую муж адпускаў на зямлю да яе маці Дэметры толькі на некалькі месяцаў за год.