Выбрать главу

— «Лоўля сеткай альбо іншым чынам, акрамя вуды ці спінінга, строга забаронена», — сказаў Рой. Вось што гаворыць закон, і хоць гэта было не надта страшнае парушэнне, якое іншым часам сышло б з рук, зараз выяўленая сетка магла мець сур'ёзны вынік.

— Пайшлі, Зел, затопім яе, — сказаў Рой.

Яны ўжо спускалі човен на ваду, калі з хаціны выйшаў Ласон з цэлым абярэмкам нейкіх прыбораў.

— Ці не дазволіце пакарыстацца вашым чоўнам? — спытаў ён у Роя.

Рой не адказаў.

— Толькі дзеля некалькіх глыбінных пробаў, — патлумачыў Ласон і падняў на выцягнутай руцэ нейкі палатняны конус з медным цыліндрычным наканечнікам. — Толькі вось тут, побач, — дадаў ён у адказ на недаверлівы позірк Роя.

Рой даў яму човен і стаў сачыць, як лоўка ён вяслуе ўздоўж берага. Ласон спачатку агледзеў азерныя водмелі, затым выбраў месца і падвеславаў да берага. Рознымі шуфлікамі, чарпакамі і прыборамі ён узяў у бутэлечкі пробы вады, глею, наносаў, а пасля пераправіўся на другі бераг возера. Ужо сцямнела, і назіраць за ім азначала толькі прыцягваць увагу. Рой махнуў на яго рукой і павёў Зела назад у хаціну, каб ён дапамог другому біёлагу гатаваць смажаніну. А Бэрк зняў куртку і боты, абуў зручныя макасіны і стаяў над сама вялікім рондалям Роя, дзе былі ўжо тлушч і масла. Ён прынёс сюды свой правіянт, і на падлозе ля дзвярэй былі складзены бабёр, андатра, заяц і курапатка.

— Гэта з тых узораў, якіх мы сёння знайшлі, — сказаў ён. — Я пакінуў толькі тое, што спатрэбіцца, а іншыя пойдуць у кацёл. Для сапраўднай паляўнічай смажаніны не хапае толькі вавёркі.

— Вы што, і гэтага бабра пусціце ў кацёл? — спытаў Рой.

— Вядома. А вы супраць?

— Не, давайце! — сказаў Рой, яшчэ не зусім давяраючы таму, што гэты спецыяліст можа згатаваць смажаніну з бабра, андатры і вавёркі.

— Дык вам сапраўды патрэбна вавёрка? — недаверліва спытаў Рой, маючы жаданне паглядзець, як гэты прафесар будзе гатаваць смажаніну з вавёркі.

— А вы можаце здабыць вавёрку?

— А ў вас ёсць дваццацідвухкаліберная? — спытаў Рой.

— Ёсць у Ласона. Зараз яна ў вас пад ложкам.

Рой дастаў ружжо і выйшаў з хаціны, адчуваючы, што ўсё гэта радуе Бэрка. Рой яшчэ раз сказаў сабе, што гэтыя людзі паступова заваёўваюць яго давер, заваёўваюць, калі абыходзяцца з ім як з роўным, паводзяць сябе як і сябры-лесавікі, амаль што як браты-паляўнічыя.

Ён ведаў, што для гэтага ёсць свае прычыны, і хоць міжволі паддаваўся іхнім дружалюбным паводзінам, усё адно з недаверам пытаўся ў сябе — навошта ім спатрэбіўся яго давер. Усё ж яны прадстаўнікі ўлады, якія б у іх ні былі прафесіі. Праз некалькі хвілін Рой падстрэліў чырвоную вавёрку, калі яна на хваёвым суку вішчала на яго, свайго сябра і ворага. Калі ён вяртаўся ў хаціну, сустрэў Ласона, які ішоў ад возера. Човен быў перакулены на прычальнай скале. Усё так, усё зроблена, як трэба.

У хаціне Ласон паказаў здаравенную рыбіну.

— Бачыце, што я тут знайшоў, Кевін? — сказаў ён Бэрку.

— Ого, дык гэта ж чорны акунь, Уіл! — усклікнуў Бэрк. — Дзе вы яго знайшлі?

— Ды тут, у сетцы Роя, — сказаў той. — Я не спадзяваўся, што мы знойдзем чорнага акуня ў азёрах Муск-о-гі.

Рой чакаў асуджэння за сетку, але Бэрк толькі зірнуў на Роя так, нібыта гэта яго яшчэ больш пацешыла.

— А ці падстрэлілі вавёрку? — спытаў Бэрк.

Рой падняў вавёрку, трымаючы яе за хвост.

— Калі я зраблю замеры гэтага тыпа, — сказаў Ласон наконт акуня, — вы можаце дадаць яго да ўсяго астатняга. — Ён стаў на калені і выцягнуў акуня на разасланай газеце, змерыў яго і ўважліва агледзеў. — Дарэчы, — сказаў ён быццам між іншым, не падымаючы вачэй ад акуня, але гэта адносілася да Роя: — я затапіў вашу сетку на той выпадак, калі хто-небудзь сюды зазірне і пацікавіцца ёю. Я не памыліўся?

Рой памарудзіў з адказам, затым усміхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на роя гарачымі вачамі кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў і гумар і запал. Як паляўнічы, хоць зараз і пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сітуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нічога не сказаў: ні прабачэння, ні жарту. Відаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзі, і хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў і бландзін Ласон. Нават Бэрк усміхнуўся, распраўляючыся з бабром, і вочы ягоныя заблішчалі ад вострага адчування задавальнення.

— А чым вы, уласна, займаецеся? — спытаў Рой.

Ён назіраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзіраў і абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнічы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогі: седзячы ля печы, ён моцнымі ўдарамі рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткі, пасля выпатрашыў, страўнік паклаў у слоік. Гэтыя людзі ведалі сваю справу, і гэта падкупляла Роя.