Выбрать главу

— Мы проста блукаем па розных мясцінах і глядзім, як жывецца дзічыне і рыбе, — сказаў Бэрк. — Ласон іхтыёлаг. — Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнічым нажом. Адначасна ён зірнуў на Роя, каб пераканацца, ці спадабалася яму гэтае слова, і Рой зразумеў, што яно якраз яму і прызначана.

— Ён спецыяліст па рыбе, — патлумачыў Бэрк.

— А вы? — спытаў Рой.

— А я заолаг, — сказаў Бэрк.

— Значыць, спецыяліст па дзічыне?

— Вы маеце рацыю.

— А што вы робіце тут у Муск-о-гі? — спытаў Зел Сен-Клэр.

— Глядзім, як тут жывецца рыбе і дзічыне, — паўтарыў Бэрк.

Ласон зірнуў на Сен-Клэра і зразумеў, што трэба супакоіць і француза.

— Вам, сябры, няма чаго баяцца, — сказаў ён. — Мы на самай справе не маем нічога агульнага з інспектарам.

— Вы ангелец? — спытаў Рой у Ласона.

— Нібыта напаўангелец, — адказаў бладзін.

Яго гаворка толькі часткова нагадвала ангельскую, і, як мог зразумець Рой, у астатнім ён размаўляў як канадзец. Ён значна адрозніваўся ад свайго старэйшага спадарожніка. Ва ўсім, што Бэрк назіраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. І знешнасцю, і ўчынкамі Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, і за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схільны смяяцца, ён хутчэй смяшыў іншых, нечаму ўсміхаўся цішком. Гэта быў чалавек, які выклікаў захапленне, і Рой бачыў, што малодшы спадарожнік аддаваў яму належнае.

— Ну вось, з гэтым усё, — сказаў Бэрк і кінуў кавалкі бабровага філе ў рондаль. — Зараз возьмемся за пацука.

У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь і апошняй — маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбіраў толькі лепшыя кавалкі, але і так рондаль быў поўны мяса і прыправы з цэлых бульбін, цыбулін, морквы і жменькі пахучай травы.

— А смажаніна будзе тлустая, — сказаў Рой.

— Трэба ж нагульваць тлушч на зіму, — сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.

Гэтак сказаць мог бы і сам Рой, і гэта яшчэ павялічыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьці ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму і падабаліся, і ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.

Ён так і не знайшоў адказу аж да таго часу, калі дзверы хаціны адчыніліся і з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокі палалі чырванню і распухлі, ён аж згінаўся пад цяжарам сваіх рэчаў і рэчаў Роя.

— Фермер Джэк усё ж прабіў сцежку.

— Гэта твой цюк прабіў мне спіну, — сказаў Джэк.

— Узяў таго лася? — спытаў Рой.

— Не. — Джэк зірнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася і аленяў. — Заўтра я яго абавязкова вазьму, — сказаў Джэк Рою. — Лось адбіўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў і аленя.

Госці слухалі, але маўчалі.

Рой сказаў:

— Гэта спецыялісты па дзічыне і рыбе, Джэк.

Ён прамовіў гэта, каб падвесяліць Бэрка. Гэта тлумачыла іхняе з'яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоціўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя і здзівіўся. Ён не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзі і Сэма, пра Сент-Элен і пра Джыні. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой і быццам сам Эндзі з'явіўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.

Хутка Джэк зразумеў, што на Роя напала маркота. У такім настроі Рой быў слабы і безразважлівы. Зел ужо тут, Мэрэй вось-вось з'явіцца, значыць, усё яшчэ існуе небяспека, што яны ўгавораць Роя ісці з імі ў заказнік. Адзінай даступнай Джэку контрмерай было жаданне зноў зацягнуць Роя ў лес. Ён пачаў з размовы пра ласёў.

— Ведаеш, Рой, — сказаў Джэк, — я чуў, як гэты лось на хрыбце двойчы паклікаў, як цяля, нібыта чакаў, што яму адкажуць.

— Занадта позна для лася, — безуважна адгукнуўся Рой.

— А я табе кажу, што чуў, — настойваў Джэк.

— Ну калі чуў, значыць, клікаў, — заключыў Рой.

Але тут размову пра лася падхапіў Ласон.

— І на самай справе, сёлета, здаецца, мала ласёў, — сказаў ён Рою. — Як на вашым участку?

— Малавата, — адказаў Рой. — Усяго становіцца мала.

Джэк, уласна, не гэтага хацеў, але наведвальнікі яўна нечага чакалі ад Роя. Яны падхапілі гэтую тэму і пачалі распытваць Роя пра дзічыну, паляванне, але без вялікага поспеху. Рой еў смажаніну і адказваў неахвотна. Нарэшце Бэрк перавёў размову ад становішча дзічыны на яе звычкі. Паволі і паступова ён уцягваў у гаворку і Роя. Паціху, пакрысе Бэрк раскатурхваў яго, то жартам, то пакепліваннем, і ўсё больш уцягваў яго ў сутнасць гаворкі. У ёй прыняў удзел і маленькі Зел Сен-Клэр, і менавіта ён пераважыў. Ён ляжаў на ложку Роя і нават не здаваўся такім кволым, бо добра пад'еў.