Выбрать главу

Бэрк зноў прамаўчаў.

Пасля рысі прыйшла чарга мядзведзя.

— Мядзведзь забівае, — казаў Рой, — толькі тады, калі іншым шляхам не можа здабыць сабе ежу. Як і іншыя буйныя жывёліны, ён ахвотна суіснаваў бы мірна. Ведайце, што ён гатовы саступіць падчас сустрэчы са скунсам, ведайце, што ён дзеліцца са скунсам сваёй здабычай. Альбо норка… Аднойчы, — сказаў Рой, — я раскапаў яе нару, якая была дарэшты запоўнена жабамі, акуратна складзенымі адна да адной, як сардзіны. Альбо лось. Лася нельга ўтапіць, нават калі застрэліш яго на глыбокім месцы. Альбо рысь… Ведайце, што калі яна трапіць у ваду, дык плыве абавязкова па прамой. Альбо алень… Ці бачылі вы калі-небудзь, як алень раптам пакідае пашу і як віхор імчыцца праз зараснікі, а затым быццам нічога і не было, пачынае шчыпаць траву?

Расказ Роя быў бясконцы, але гэта захапляла Бэрка не менш, чым самога Роя, і ён ахвотна дзяліўся з Роем сваімі ведамі пра лясных звяроў, але ведамі крыху іншага кшталту: Бэрк расказваў, што бабёр, калі наесца водарасцяў, хварэе жыватом. Ён расказаў Рою, што мядзведзь кладзецца ў бярлогу з-за недахопу ежы, а не з-за нейкага інстынкту. Што на некалькі месяцаў затрымліваецца развіццё зародка мядзведзіцы: ён пачынае хутка развівацца толькі тады, калі яна залягае на зіму ў цёплую бярлогу. Што паласаты суслік, гэты класічны зімоўшчык, падчас зімовай спячкі зніжае пульс ад нармальных трохсот удараў да чатырох.

Веды Бэрка былі таксама бязмежныя, але ён выбіраў з таго, што было яму вядома, толькі лепшае, каб зрабіць уражанне на Роя. Ён патлумачыў, як ад шматлікасці альбо адсутнасці зайца і лемінга залежыць усё жыццё лесу, таму што яны з'яўляюцца галоўнай ежай драпежнікаў. Як заяц размнажаецца да пэўнай мяжы, а затым з-за нейкіх дзіўных прычын пачынае хварэць на страўнік, і гэта дзіўная хвароба зводзіць яго са свету амаль што цалкам, і тым самым часова затрымлівае ўвесь цыкл ляснога жыцця ажно да пачатку новага актыўнага размнажэння. Гэта быў найбольш яскравы прыклад жыццёвага працэсу ў лесе, і Рою падабалася, калі яму тлумачылі такімі спецыяльнымі тэрмінамі. Бэрк назваў яшчэ адзін прыклад: лемінг — маленькая паўночная мыш — качуе тысячнымі чародамі, калі размнажэнне становіцца несувымерным з наяўным харчам; лемінг качуе на поўдзень цераз азёры і рэкі і, нарэшце, тоне цэлымі мільёнамі ў рацэ Святога Лаўрэна, пераплысці якую яму не хапае сілы. Бэрк даказаў Рою, як наяўнасць альбо адсутнасць гэтых дзвюх жывёлін вызначае лёс іншай дзічыны, бо галадоўка распаўсюджваецца на ўсе віды жывёл. Ліса і рысь з-за адсутнасці зайцаў вымушана паляваць на норку, скунса і аленя. Воўк таксама пачынае ганяць аленя, нават лася, дабірацца і да дзікабраза, а часам зводзіць са свету і болей слабых сваіх суродзічаў. Церпяць усе віды мышэй, бо розныя драпежнікі настойліва ганяюцца за імі і на ніжэйшай рысе пэўнага цыкла знішчаюць амаль цалкам. Іх лёс падзяляюць курапаткі, якія становяцца галоўнай ежай для рысі, лісы і норкі, калі зайцоў альбо мышэй становіцца зусім мала. Парушэнне суадносін вымушае вушастую саву шукаць замену зайцу і мышы і нападаць на больш буйных жывёлін. Бэрк расказаў Рою пра ўвесь гэты працэс, і той зразумеў, што ніколі раней нічым так не захапляўся. Ён толькі час ад часу падыходзіў да печкі, каб паварушыць там дровы, альбо да дзвярэй, каб сплюнуць цераз парог тытунёвую жвачку.

Слухалі і іншыя, і Джэк разумеў, што зрабіў правільна, калі задумаў усё гэта. Джэк сядзеў наводдаль на лаве, паклаў доўгія рукі на стол і час ад часу круціў самакрутку. Зрэдку ён уставаў і падкручваў газоўку ці трос за плячо Зела Сен-Клэра, які часта драмаў і пачынаў храпці.

Калі ж Бэрк зноў змяніў гаворку на падрабязны роспыт пра дзічыну ў Муск-о-гі, Джэк зразумеў, чаго хочуць гэтыя людзі ад Роя, у прыватнасці, чаго хоча ад Роя Бэрк. Бэрку трэба было атрымаць падрабязныя звесткі пра дзічыну на ўчастку Роя, звесткі, якіх ён не атрымаў бы, калі б не заваяваў давер Роя. Бэрк цярпліва апрацоўваў Роя, пакуль не пераканаўся, што той можа расказаць усё, пра што яму хацелася даведацца. Ён задаваў Рою дакладна сфармуляваныя пытанні пра сляды лася і аленя, пра напрамкі і даўжыню іхніх сцежак, пра сярэднюю колькасць баброў на адну хатку, пра дакладную колькасць андатраў на балотах. Бэрк патрабаваў поўнага малюнка: чым харчуецца дзічына, дзе яна пераважна жыве (асабліва норка і ліса), ці ёсць у акрузе ваўкі і колькі іх. Гэта былі дакладныя, амаль што рэзкія пытанні, але задаваў ён іх так, што Рой міжволі адказваў на іх сумленна і дакладна.