Часам Джэка палохала, што Рой падвядзе сябе некаторымі сваімі адказамі, але Рой, хоць і захапіўся пытаннямі Бэрка, нічога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеянні. Ды і Бэрк не настойваў ні на адным рызыкоўным пытанні. Калі Рой быў блізка да таго, каб выявіць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкі баброў у іхніх хатках і пра летнія звычкі норкі іменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесці гаворку на іншую тэму. Але Роя нельга было збіць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, які ведаў пра дзічыну не менш за самога Роя. А Рой любіў лес гэтак жа, як і Бэрк, ён разумеў не толькі барацьбу і раўнавагу ў прыродзе, але і ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як і Рой, Бэрк не імкнуўся ўвесці ў жывёльны свет нейкія «павінен» альбо «не павінен» і не разглядаў звяроў з пункту погляду іх карысці для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такім, якім ён быў, і гэта больш за ўсё іншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былі гэтыя звесткі, гэты падрабязны і дакладны малюнак становішча з дзічынай у Муск-о-гі як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню і спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; і як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткі, якія патрабаваліся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гі. У запале Рой неаднаразова быў блізка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлі, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасці.
Затым прыйшла чарга Роя задаваць пытанні, не проста пытанні пра дзічыну, але галоўныя пытанні пра сваё існаванне. І Бэрк быў менавіта той чалавек, які мог развеяць сумненні і трывогі Роя. Бэрк мог даць вычарпальны і канчатковы адказ на пытанні, ці сапраўды дзічына Муск-о-гі сыходзіць на поўнач, ці вернецца яна, ці скончана тут лоўля, ці гэткае ўжо безнадзейнае паляванне ў Муск-о-гі, як ён даказваў сабе з году ў год.
Ды не проста было задаваць такія пытанні.
— Скажыце, — спытаўся Рой для пачатку, — ці заўсёды лось і алень жылі ў Муск-о-гі, ці яны прыйшлі сюды са Штатаў?
— Па маіх звестках, — сказаў Бэрк, — першая белахвостая лань была адзначана бліз Сент-Элена ў тысяча восемсот восемдзесят шостым годзе, а першы лось — прыкладна ў тысяча восемсот восемдзесят дзевятым. І прыкладна ў той жа час апошні лось быў зарэгістраваны ў штаце Ню-Ёрк, такім чынам, зусім верагодна, што лось прыйшоў сюды са Штатаў, ды і алень таксама.
— Але як магло здарыцца, — спытаў Рой, — што аленя тут стала нібыта больш. Зараз у Муск-о-гі аленяў больш, чым дваццаць гадоў таму. Няўжо яны ўсё яшчэ прыходзяць з поўдня?
— Сумняваюся, — адказаў Бэрк. — Колькасць аленяў зараз расце на поўдні таксама, як і тут. Гэтаму садзейнічала тое, што зводзяцца першабытныя лясы. Аленю патрэбна паша, і ён ахвотна жыве ў маладым лесе, на высечках, таму са знікненнем лесу аленя становіцца больш.
— А чаму становіцца менш лася?
— Бо лось — насельнік балот. Ён больш разборлівы ў выбары месца, Рой. Чалавеку лягчэй дабрацца да яго, таму ён і сыходзіць на поўнач, усё глыбей і глыбей, куды не ступала нага чалавека. Яго, як і мядзведзя, выжылі з такіх цудоўных, вядомых мясцін, як Муск-о-гі.
— А астатняя дзічына? — спытаў Рой. — Яна таксама сыходзіць на поўнач?
— Не, — адказаў Бэрк, усведамляючы, што яго адказу напружана чакаюць усе тры паляўнічыя, асабліва Рой. — У Муск-о-гі дзічына знішчаецца альбо проста вымірае. На поўначы дзічыны больш, але не таму, што яна прыходзіць з Муск-о-гі. Не, Муск-о-гі губляе дзічыну па волі прыроды і паляўнічага. Яна не можа аднавіць страты. І зараз у яе няма на гэта шанцу.
— А будзе?
Бэрк разумеў, чаму Рой чакае адказу на гэтыя пытанні, але, зірнуўшы на яго сваім вострым позіркам, вырашыў, што нічога не трэба хаваць.
— Не, — разважна прамовіў Бэрк. — Страты незаменныя. Пэўны час дзічына яшчэ будзе, але большасць пушнога звера, такога, як бабёр, норка і андатра, будзе змяншацца, пакуль некаторыя з іх не вымруць канчаткова, а іншыя стануць рэдкасцю. Гэта непазбежна, калі, вядома, урад не закрые палову Муск-о-гі для палявання і лоўлі, а затым установіць дзе-небудзь заказнік для бабра і андатры.
— А ці хочуць гэта зрабіць?
Бэрк устаў і нервова прайшоўся па хаціне, бразгаючы ў кішэні нажом і ключамі.
— Не ведаю, што зробіць урад, Рой, — сказаў ён. — Але нешта мусіць зрабіць. Ён можа закрыць усе ўгоддзі альбо толькі палову — я гэтага не ведаю.
— А калі?
Бэрк паціснуў плячыма.
— Мо ў будучым годзе, а мо праз год. Але, відаць, хутка.