— А ты не мог бы затрымацца? — спытаўся ён.
— Я павінен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькі ўзяць харчу на зіму.
Брат і так ведаў гэта, але Рой імкнуўся быць цярплівым.
— А ты не мог бы застацца тут да зімы? — спытаўся Сэм.
— Навошта? — Рой быў здзіўлены.
Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.
— Табе трэба застацца і дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькі да зімы, толькі некалькі тыдняў.
Яны абодва гаварылі стрымана,і зараз былі вельмі падобныя. Сэм быў толькі на паўтара года старэйшы за Роя і на нейкія два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкі і знешнасцю яны былі падобны адзін да аднаго, толькі Сэм быў больш рыхлы і марудлівы. Але яны па-рознаму адносіліся да жыцця. Рой не меў ні прыгнечанасці, ні спагады да сябе, ні горычы. Сэму ж былі ўласцівы ўсе тры гэтыя пачуцці, і калі яны выяўляліся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзіць.
— Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, — паволі адказаў ён.
— Але чаму? — спытаўся Сэм. — Што дадуць табе гэтыя некалькі тыдняў?98
— Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькі, што я ледзь паспяваю іх абысці, але здабыча такая малая, што рана ці позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.
— Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, — сказаў Сэм і цыркнуў слінаю ў агонь. — Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавіта таму табе і трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гі закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сілу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзін год? Чаму?
— Я паляўнічы, Сэм. Ты — фермер.
— Проста я старэйшы сын! — самотна прамовіў Сэм. — А ты фермер лепшы, чым я, такім фермерам я не стану ніколі.
Рой не любіў, калі яму гэта казалі, але ведаў, што гэта праўда. Калі пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацігадовым юнаком вярнуўся з Францыі, два гады гаспадарыў на ферме. І гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захірэць, ачысціў ладны ўчастак зямлі, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, і ён узрадаваўся, калі старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымі рукамі і пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, і ферма належала яму. Іхняя маці памерла, пакінуўшы іх яшчэ зусім малымі, бацька памёр, калі яны абодва былі на фронце, а малодшы брат хутка пакінуў Сент-Элен і пачаў працаваць на рудніках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, і гэта ён мусіў працаваць на зямлі, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калі на гэта можна выкраіць час і калі яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусім не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, і Сэм гэта добра ведае.
— Ну толькі зараз, толькі адзін раз, Рой, — прасіў Сэм. — Дапамажы мне падрыхтавацца да зімы.
— Калі я застануся да зімы, — сказаў Рой, — тады я ўжо не здолею пайсці.
— А навошта табе ісці! — настойваў Сэм.
Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.
— А хіба ў цябе дрэнна ідзе гаспадарка, Сэм? — спытаўся ён. — Не павінна. — Ён прамовіў гэта як мага спакайней.
Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справіцца з пачуццём горычы.
— Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на іншага, ва ўсякім разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымліваеш грошы. А выручка з фермы — яе і не бачыш.
— Хіба ты нічога не атрымаў ад ураджаю?
— Атрымаў, але, калі за ўсё заплаціў, грошай не хапіла нават на насенне, не кажучы пра нейкія закупкі ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоімку за трыццатыя гады, і нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцім годзе.
Рой ведаў пра гэтыя даўгі, але які фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзілася выкручвацца, плаціць, калі ёсць чым, а не — дык залазіць у даўгі, праклінаючы высокія адсоткі і падаткі і зямельныя банкі, якія абдзіралі іх да ніткі. І ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павінен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусціць апошнюю свінню. За ўвесь той доўгі час, што Мак-Нэйры апрацоўвалі зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з іх прадаваў апошнюю свінню, і дзеля чаго: на гарбату і цукар. Такое мог зрабіць толькі чалавек, даведзены да мяжы адчаю.
— На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабіцца, — працягваў Сэм. — Можна пракарміцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако і хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.
— А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, — сказаў Рой.
— Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калі на ўсё іншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшаніца і няма кармоў. Усё лета зямля мокла, і палова сена згніла.