Выбрать главу

Рой нарэшце адважыўся на скачок.

— Я пайду з табой, — сказаў ён Зелу.

— У заказнік? — Зел не верыў сваім вушам.

— Іменна! — кінуў яму цераз плячо Рой. — Пройдзеш са мной праз Чатыры Азёры, і там я збяру свае бабровыя пасткі.

— Я спадзяюся, ты разумееш, што робіш? — хутка ўмяшаўся Джэк Бэртан.

— Вядома, разумею, — адказаў Рой. — На гэты раз цудоўна разумею.

— Не, не разумееш! — шырокімі крокамі даганяючы Роя, крыкнуў Джэк. Нейкі час яны ішлі моўчкі, затым Джэк сказаў: — Няма сэнсу ўцякаць ад гэтага, Рой. Рана ці позна, але табе давядзецца вярнуцца ў Сент-Элен. — Надта занепакоены Джэк не захоўваў межы прыстойнасці і дадаў: — Усё роўна, будзе там Эндзі ці не.

Рой на гэта не адгукнуўся, як маўчаў ён і на ўсе звароты Джэка да яго розуму. Чым больш распальваўся Джэк, тым больш спакойным станавіўся Рой; калі прыйшлі ў хаціну, ён пачаў збіраць у дарогу правіянт, паказваючы тым самым, што рашэнне яго цвёрдае. Зел аж са скуры вылузваўся, дапамагаючы яму, і Рой нагрузіў у мех Зела ўсё тое, што не ўлезла ў яго ўласны.

Нарэшце Рой поўнасцю адчыніў засланку, каб хутчэй згарэлі дровы, а затым усе яны рушылі ў напрамку Чатырох Азёр; але Джэк пайшоў не толькі дзеля таго, каб закончыць паляванне, але і з надзеяй адгаварыць Роя ад яго неразумнай задумы.

Усю рэшту дня Рой здымаў свае пасткі на Чатырох Азёрах і хоць часам пасміхаўся, што Джэк ходзіць за ім, як прывязаны, і імкнецца ўгаварыць, але жарты ў яго неяк не атрымліваліся.

— Дарэмна стараешся, — спакойна сказаў ён, калі яны ўладкаваліся на начлег у хаціне на Чатырох Азёрах. — Я мушу ісці.

— Ты з глузду з'ехаў, — сказаў Джэк.

Рой чуў, як хрыпіць Зел Сен-Клэр.

— На мой розум, дык табе лепш спыніцца ў Сент-Элене, — сказаў Джэк.

— Мо я і не супраць, — з горыччу азваўся Рой, — калі б было за што зачапіцца.

Джэк яшчэ ніколі ў жыцці не чуў такой горычы ў словах Роя, і хоць ён і раней здагадваўся, як падкасіў Роя Сэм, а зараз у дадатак і Эндзі, але толькі цяпер ён раптам зразумеў, як недаацэньваў глыбіню пачуццяў Роя. Цяпер ён ведаў, што на гэтую авантуру Роя штурхаюць менавіта падзеі ў Сент-Элене, але ён таксама ведаў, што апошняй кропляй была размова з Бэркам і Ласонам. Усё гэта турбавала Джэка, і ён не ведаў, як яму падступіцца да даўняга сябра. Упершыню ў жыцці ён не мог зразумець, што з Роем адбываецца.

— Ты ж ведаеш, — нагадаў яму Джэк, — Сэм яшчэ не з'ехаў.

— З'едзе, — абыякава азваўся Рой. — Ён паедзе!

Джэк здаўся. Больш ён не прамовіў ні слова ажно да наступнай раніцы, калі яны падышлі да хрыбта, па якім Зел і Рой павінны былі пайсці да хаціны Скоці і Самсона.

— Я пастараюся, каб Сэм застаўся, — сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя. — А Эндзі, магчыма, і з'едзе.

— Фермер Джэк! — гукнуў Рой і памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце. — Да вясны? — крычаў ён, не азіраючыся і згінаючыся пад цяжарам заплечнага меха. — Вясной убачымся! — А сам сабе дадаў вельмі спакойна: «Калі давядзецца!»

Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгі, але больш лёгкі шлях да Літл-Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлі на сцежку да хаціны Скоці і Самсона. Хутка вечарэла, і Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканоміць час. Ён паскорыў крок, і ўсё адно было ўжо зусім цёмна, калі яны падышлі да разнасцежаных дзвярэй хаціны, з якой клубамі валіў дым.

— Хто гэта там? — сустрэў іх голас Самсона.

Скоці быў здзіўлены, але Мэрэй вітаў іх:

— Хэло, Рой, хэло, Зел, — у яго словах не было здзіўлення, толькі звычайнае вітанне — і нічога больш.

— Дык ты тут? — напаў на яго Зел. — Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.

— А я якраз збіраўся ісці па цябе, — сказаў Мэрэй, дапамагаючы ім скінуць мяхі.

— Позна ж ты сабраўся, — разышоўся Зел.

Мэрэй не стаў з ім спрачацца, і ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць — ці ўзяць Зела, ці пакінуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.

— Значыць, і ты сабраўся? — сказаў Скоці Рою.

— Падобна на тое, Скоці, — неахвотна адказаў Рой.

— Гэта няправільна, Рой, — пакруціў галавой Скоці.

Рой не спрачаўся, не называў Скоці прападобным.

— Правільна ці няправільна, — сказаў ён, — якая розніца?

— Што і казаць, падманеш ты інспектара, — сказаў Самсон.

Мэрэй пазіраў на Роя і бачыў толькі лепшага звералова Муск-о-гі. Але сітуацыя яму падабалася.

— Гэта праўда, Рой, — сказаў ён, — інспектар надта здзівіцца, калі даведаецца, што ты залез у заказнік! Ён, вядома, перакананы, што ты ловіш больш за норму, але ўсё-ткі лічыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзівіўся б ён, калі б убачыў цябе з намі! Уяўляю! — Яны не ўслухоўваліся ў няспешную гаворку Мэрэя, і ён не меў прэтэнзій.