Першыя тры дні яны ішлі прыкладна па прамой. Мясцовасць ім была добра знаёмая, і ніякіх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправіліся цераз Серабрыстую раку і падняліся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышыні не было ва ўсім Муск-о-гі; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кінуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, які адразаў Муск-о-гі ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенціры, і толькі калі дабраўся да самай вяршыні, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад імі паўстала зусім новая для іх краіна, не падобная на іхнія ўчасткі. Пазіраючы на яе з радасцю і хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краінай Срэбных Даляраў.
— Глядзіце, якія азёры! — захоплена ўсклікнуў ён. — Вось гэта краіна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусім не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокіх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гі, гэта была краіна кантрастаў. Тут былі і адгор'і, і высокія пікі, і глыбокія даліны. Былі і плато, якія выцягнуліся вузкімі палоскамі паміж гор, пляскатыя і гладкія, яны таксама былі ўсеяны азёрамі і сасновымі лясамі. У параўнанні з больш мірным пейзажам Муск-о-гі тут ўсё было ўздыблена і скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары і побач ззялі на сонцы здрадніцкія снежныя схілы.
— Яно мо і прыгожа, — сказаў Мэрэй, — але на такім схіле сам чорт галаву скруціць. А зараз, калі яны заледзянелі, на іх і нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? — спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зірнуў цераз два хрыбты і плато на густы сасновы лес.
— Пастарайся вывесці нас туды найбольш дакладна, — сказаў Мэрэй. — Якраз там мая хаціна. У канцы вунь таго азярца.
Гэты апошні адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсіх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ і звычайны азарт гонкі з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краіне прыносіў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнім пераходзе давялося абыходзіць шмат лясных гушчароў і зараснікаў, і хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў іх проста да месца. Шлях гэты ім варта было добра запомніць, бо яны не рызыкавалі пазначаць свой шлях, як бы цяжка ні было знайсці яго пасля. Яны былі ў заказніку, і чым менш слядоў заставалася пасля іх — тым лепей. Заказнік не меў мяжы альбо іншых апазнавальных знакаў, але яны ведалі, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, і чым далей яны адыходзілі ад хрыбта, тым больш паглыбляліся ў заказнік. Да таго часу, як Рой вывеў іх глыбокай далінай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дыміўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самі яны былі ў глыбіні заказніка.
— Вось тут і пачынаецца сама цяжкае, — сказаў Мэрэй, калі яны ўвайшлі ў лес. — Зараз мне трэба знайсці свае прыкметы, — і ён пайшоў першы.
Нават малеча Зел узбадзёрыўся, і, калі напалоханая лань вылецела на іх з сасновых зараснікаў і адскочыла ўбок, ён гукнуў:
— Глядзіце, як уцякае!
Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.
— А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык і за сотні міль адсюль? — сказаў ён Зелу.
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусціў на сябе абыякавасць.
— Колькі міль адсюль да бліжэйшага кардона? — спытаў ён у Мэрэя.
— Каля паўтары сотні, — адказаў Мэрэй. — Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснікоў.
— І наогул больш верагоднасці сустрэць тут леснікоў, а не пушных абходчыкаў, — сказаў Рой. — Тут ёсць што аберагаць. Які лес!..
Вакол іх узвышаліся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такія вялікія, што стаяць даволі рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмі густым. Пад нагамі снегу мала, ён, відаць, яшчэ не паспеў прабіцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, ціха.
У далёкім канцы гэтага лесу, на ўскраіне плато, сярод вялікіх дрэў схавалася маленькая хаціна Мэрэя. Яны выявілі яе, толькі калі падышлі зусім блізка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскіравана вялізнымі ніжнімі галінамі, якія хавалі і страху і сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
— І колькі часу ты яе будаваў? — здзіўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глінай і непадуладныя ветру.
— Амаль усё лета, — адказаў Мэрэй, — і палову восені.