— Дык вось чым ты займаўся! Лавіў тут дзічыну і будаваў таемныя хаціны! — сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся і дастойна ацаніў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавік ад нараджэння, і ўсякая лясная справа ішла спорна. У хаціне было нават акно і складзена прымітыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, і Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоці, які ў сваю чаргу адхапіў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасці, ды так і не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў і гліны, была шэдэўрам. У паглыбленні сцяны быў змайстраваны ачаг з невялікай печчу, і конусам быў складзены комін, абшыты бляхай з бідонаў. Рой адзначыў, што комін, злеплены з камянёў і гліны, быў выведзены каля сама вялікага дрэва так, што дым слаўся па ствале і рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.
— Здаецца, ты сабраўся тут асесці надоўга, — сказаў Рой.
— Так, гэта не на адзін год, — адказаў Мэрэй. — Я думаю лавіць у гэтым заказніку кожную зіму, ды і кожную вясну таксама, калі не перашкодзяць абходчыкі.
Сумненні адносна Мэрэя, якія прыгняталі Зела ўсе чатыры дні іхняга шляху, на час рассеяліся, калі ён убачыў хаціну, якая здзівіла яго і выклікала захапленне.
— Тут можна чакаць другога прышэсця, — сказаў ён Мэрэю, — і ніхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзілы-абходчыкі.
Мэрэй скінуў свой вялізны цюк пастак і правізіі, і ён з грукатам упаў на падлогу.
— Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, — сказаў Мэрэй. — Яны вядомыя прайдохі. Пусці іх па следу, і яны табе што захочаш знойдуць.
Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражніць Зела, але ў Мэрэя не было ніякага жадання адпомсціць свайму надакучліваму напарніку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, і гэта беспамылкова ўздзейнічала на Зела Сен-Клэра.
— Але ім нялёгка будзе знайсці гэтае месца, — супакойваў Зела Рой.
— Толькі сачыце за іхнімі самалётамі, — папярэдзіў Мэрэй, а затым дадаў: — Пайшлі, я пакажу вам возера.
Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей — строма. Пад ёй у крутой катлавіне знаходзілася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзіне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабілі бабры, калі перагарадзілі каля вусця некалькі горных ручаёў.
— Так, гэтае месца вартае ўвагі, — сказаў Рой. — Амаль што возера Фей. — Ён назваў яго як мага далікатней не толькі таму, што быў зачараваны ім, але і з-за яго крылатых абрысаў. — Шкада, што мы не прыйшлі сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысці.
— А што я табе казаў, — абыякава зазначыў Мэрэй. — Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калі б мы плылі сюды на чоўне да марозу, гэта сэканоміла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.
Рой паглядзеў на тонкую нітку далёкай ракі, на тысячы бліскучых азёр, на бязмежны далягляд, які адкрываўся з гэтай вышыні. Гэта былі вялікія канадскія лясы, якія распасцерліся далёка за межамі Муск-о-гі. Гэта былі прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзікія, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краіны, блукаць без перашкод па яе лясах і гарах, адчуваць дзікую магутнасць гэтых ветраў — вось што прадчуваў зараз Рой.
— Не магу зразумець, — сказаў ён разважліва сваім сябрам, — як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? — І ўсмешка паволі скрывіла яго губы.
Мэрэй зарагатаў, што здаралася з ім вельмі рэдка.
Зел прапусціў словы Роя міма вушэй.
— Дык як мы распачнем паляванне? — спытаў ён, фарсіруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.
— А як атрымаецца, — адказаў Мэрэй.
— Паслухай, — не сунімаўся Зел, — лепш за ўсё было б вылавіць тут усё, што можна, і як мага хутчэй. Трэба ставіць пасткі густа, каб лавіць звера больш, а затым змывацца. Як ты лічыш?
— Навошта такая спешка? — спытаў Мэрэй.
— Тым разам ты не спяшаўся, таму і трапіўся, — укалоў яго Зел.
Мэрэй задумліва зірнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.
— А як лічыш ты, Рой? — паспешна спытаўся той.
Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён і сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краіну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкі і асцярожнасці, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, і думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш і без спешкі. Але рэшта цвярозасці і ўсведамленне, што лепш яму не станавіцца на нейчы бок, вызначылі яго адказ.
— Мне здаецца, што лавіць трэба хутка, — сказаў ён, — але наладжваць шалёную гонку не варта.