Выбрать главу

Мэрэй паціснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.

— Па-мойму, так, — сказаў Рой. — Мы з Зелам можам весці аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлівая. А пакуль мы зоймемся гэтым, — звярнуўся ён да Мэрэя, — ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставіць сіло на сцежках звяроў і наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лісіцы, норкі і рысі. Як вы думаеце?

Яны згадзіліся і прапанавалі сякія-такія ўдакладненні. Усю пушніну вырашылі зносіць у хаціну, скуркі было вырашана дзяліць пароўну, кожны сам мусіў разбіраць сваю долю, і дзялёжку праводзіць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былі выпрацаваны абавязковыя для ўсіх правілы паводзін. Не раскладваць агню для падвячорка, ніякіх кастроў па-за хацінай. Але перш за ўсё і важней за ўсё — не страляць. У іх усіх з сабой былі вінтоўкі, але тут гук стрэлу разносіцца на дзесятак міль, і стральба магла выклікаць да іх цікавасць. Мэрэй лічыў, што гэта лішняя засцярога, але здаўся настойлівасці Зела і ўгаворам Роя. Ніякага палявання, ніякай стральбы, як бы спакушальна блізка не з'яўляўся алень. Амаль зусім сцямнела, а яны ўсё стаялі на схіле над возерам Фей. Нібыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, і Рой апошнім пакінуў яго, калі яны, нарэшце, сабраліся вярнуцца ў хаціну.

Раздзел адзінаццаты

Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца і задаволіў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнічаць на возеры Фей так, нібыта збіраўся раскінуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальніка і ніколі не браў з бабровай супольнасці больш за тое, што маглі аднавіць ацалелыя сем'і. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзічыны на сваіх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў іншых звераловаў, якія выбіралі свае бабровыя хаткі падчыстую. Зараз гэта ўжо быў інстынкт, і гэтак жа інстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставіў пастак там, дзе, ведаў, былі малыя альбо цяжарныя самкі. Затое ён актыўна лавіў там, дзе было верагодна злавіць найбольш сама старых і буйных самцоў.

Пасля першай жа разведкі вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купін, вакол рэдкіх зараснікаў елкі і на тысячы створаных бабрамі астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалі ў яго апошнія дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гі. Гадамі прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзічыны, і ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным і падманутым. А тут ён, нарэшце, кінуў выклік прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закіпела кроў — стукнула ў ногі, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяці квадратных мілях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калі-небудзь даводзілася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавіць сваімі дваццацю пасткамі за шэсць гадзін кароткага зімовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павінны быць шмат і іншых звяроў, якія палююць на бабра: ліса, рысь, норка. І хутка Рой пачаў ставіць пасткі на драпежнікаў вакол усяго балота, імкнучыся стварыць адзіную сістэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямі міляў і шырынёй на паўмілі; напачатку гэта яму ўдалося зрабіць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць і зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.

Кожны вечар усе яны вярталіся ў хаціну на строме, і па меры таго як накаплівалася пушніна, удача станавілася ўсё больш відавочнай. Каб справіцца са сваім уловам, ім даводзілася займацца скурамі вельмі позна. Як і Рой, Зел аб'явіў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавіць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавіў сваімі пасткамі баброў і ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела і Роя быў такім жа разнастайным, як і здабыча Мэрэя на яго паляўнічых сцежках. Мэрэй прыносіў менш пушніны, што было натуральна, бо пасткі і сіло на паляўнічых сцежках не маглі, вядома, даць столькі, колькі сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.

— Гэта не тое, — уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. — Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калі б хапала пастак. Калі б узяцца як след, мы праз два тыдні маглі б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш і не панесці. Эх, мала ў нас пастак!

— Ты заўсёды спяшаешся, — сказаў Мэрэй. — Твая пушніна нікуды ад цябе не ўцячэ.