— Яно то так, — пярэчыў Зел, — але хутка скончыцца масла і сала. — Зел быў галоўным кухарам: ён рабіў гэта лепш за ўсіх. — Ды і мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж дні Мэрэю пашчасціла злавіць маладую лань; ён спрабаваў злавіць і другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, відаць, спалохала большую частку аленяў, якія чулі кожны іхні след на сваіх сцежках і станавіліся яшчэ больш чуйнымі. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то і дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца і пяць, і шэсць, але заўсёды яны паказваліся толькі на імгненне, былі далёка і адразу ж знікалі.
— Не плач, — сказаў Мэрэй Зелу такім тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваіх сяброў. — Не плач, будзе табе лань, калі гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.
— Гэта твайму жывату патрэбна шмат! — усклікнуў Зел. — Гэта ты ляжыш на адзіным ложку, а нам з Роем даводзіцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоці, калі раней ты збіраўся зайсці па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткі былі ўжо сабраныя!
Мэрэй нічога не запярэчыў, ён моўчкі адчыніў дзверы і высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла і ён не спыніў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хаціне было даволі змрочным і без гэтых сварак.
У хаціне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дыміла, а падчас моцнага ветру вялікая сасна пачынала хістацца і ўся хаціна з рыпеннем хісталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, і папаўненне запасу лягло на Роя, а зімой гэта было складана і цяжка. У іх было толькі адно вядро і для мыцця і для пітной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлічваў Мэрэй, калі выбіраў гэтае месца, аказалася гнілаватым, гарбата і кава аддавалі зямлёй і грыбамі, а Рой гэтага не любіў. Ім даводзілася эканоміць газу, і таму ў хаціне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.
На долю Роя выпала і падтрыманне чысціні: даводзілася прыбіраць рэшткі пасля разборкі жывёлін, якія затоптваліся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлівы смурод ад пушніны і кухарства. Каб зносіць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хаціна, а Мэрэю толькі і трэба было ад хаціны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цікавіла толькі як месца для харчавання і сну. Мэрэй быў неахайны і абыякавы, а Зел толькі неахайны, і ў іхнім таварыстве Рой лавіў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклівы. У хаціне ён быў маўклівы і кожны дзень з палёгкай сыходзіў уніз па заснежаным схіле, у марозны халадок возера Фей.
Краіна гэтая не траціла для Роя сваёй зачараванасці і — Рой гэта ведаў — ніколі не страціць. На заснежаных плато, калі ўзіраўся ў далёкія лясы і азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хаціне. Усё часцей і часцей Рой выбіраўся з азёрнай катлавіны, далей ад бабровай лоўлі на хрыбты і цераз іх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыі, у думках пракладваючы сцежкі вакол асобных пікаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбіраючы месцы, адно лепшае за другое, для хаціны, для волаку і для бліжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.
У гэтыя імгненні Сент-Элен уяўляўся яму толькі ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлікая дзятва. У малюнку, які ўзнікаў у яго ў думках, не было ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Яна, відаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знікала са свядомасці, калі ён нечага пазбаўляўся, справядліва і назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблік, тым больш хацелася Рою ўявіць сабе Джыні Эндрус і тым большы неспакой гэта выклікала.
Вось пра што ён думаў, калі халодным змрочным днём сядзеў на вяршыні невялікай гары і пазіраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазірнуць паўзверх хрыбта. І як сягаў яго позірк, ён у думках пракладваў па лясах і плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калі побач з ім з'явіўся Мэрэй, і Рой ажно падскочыў, бо яго засталі знянацку. Ён быў падобны на аленя, які хоча кінуцца ў лес.
— Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку даліны, — спакойна прамовіў Мэрэй і сеў побач з Роем на сук піхты. — Што ты тут робіш? Падпільноўваеш дзічыну?
Рой пакруціў галавой і адчуў, як напружаны мускулы шыі і як сціснулася цела.
— Не, — сказаў ён, — проста я прыкідваў, як пракласці шлях адсюль проста ў Сент-Элен.
— Лепш за ўсё ісці вакольным шляхам, праз участкі Скоці і Індзейца Боба, — сказаў Мэрэй. — Калі нацянькі, то давядзецца доўга ісці па адкрытай мясцовасці. А што? Хіба ты збіраешся раз на тыдзень хадзіць туды?
— Не, проста так. Забаўляўся, — сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэніць яго планы ператварыць краіну Срэбных Даляраў у арганізаваную сістэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такіх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, і не толькі згодна з яго ўласным уяўленнем, але і ў вачах Роя і нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзіўся ў гэтай краіне як неад'емная яе частка, і для Мэрэя не існавала ні Сент-Элена, ні інспектараў, ні наогул чалавечых законаў.