Выбрать главу

— Як справы з бабрамі? — спытаў у яго аднойчы раніцай Мэрэй, калі збіраўся ў звыклы паход. — Усё яшчэ хапае?

— Ледзь спраўляюся з імі, — адказаў Рой.

Мэрэй усміхнуўся:

— Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхі і назад?

Рой ведаў, што Мэрэй хітруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаі была і свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненні. Раней Рой ніколі не мірыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць і рабіць. Ён нават мог уявіць сабе Эндзі і Джыні і маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.

Эндрус, вядома, зазлуе. Часамі на яго не было супынку, і колькі разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака і ўдары галавой, якімі Эндзі частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзі звар'яцее. Ну і што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзі не прывык стрымліваць свой язык, вось ён і вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокі, знявагу, кпіны. Ён мог абразіць Роя, зрабіць яму балюча, больш балюча, чым хто іншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасці, схаваным падмане, халодным разліку. Рою, які сам ніколі не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзі вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, і Джыні таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробіць Эндзі ў адносінах да Джыні? Ці кіне ён у твар ёй тыя ж знявагі, ці пакажа яе як распусніцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так і турзала ўскочыць і выставіць Эндзі контрабвінавачванні. Якое права мае Эндзі вяртацца і патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсім вінаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у іхняе жыццё, ён здрадзіў ім. Але ці гэтак будзе разважаць Джыні? Яна павінна адчуваць тое ж, што і Рой! Яна ведае, што паміж імі існуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якія б ні былі на гэты конт законы краіны.

Калі б Роем кіравалі абурэнне і ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакінуў бы хаціну і накіраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькі знікла пачуццё лёгкасці, прынесенае фаталізмам, Рой зноў станавіўся грэшнікам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзі Эндруса вінаватым аказаўся ён сам, і Джыні, і ўвесь свет. Джыні была для яго страчана, як страчана была дзічына ў Муск-о-гі, і Сэм, і страчаны Сент-Элен. Нічога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.

— Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, — сказаў яму неяк Мэрэй, калі выходзіў з хаты. — Ты нечым заклапочаны?

Рой нічога не адказаў, паціснуў плячыма і пайшоў на сваё возера Фей.

Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркі стала для яго дакучлівай павіннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такімі спосабамі, якіх ніколі раней не дазваляў сабе, як занадта згубных і спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сіло, і ён пачаў ставіць іх петлі з дроту зусім блізка да выхада з хатак і на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знішчэнне. Гэткія спосабы палявання ў Муск-о-гі заўсёды выклікалі ў Роя агіду, але зараз ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнікае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сіло для лоўлі бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькі адкрыты цынізм, накшталт хуткасці і спрыту, з якім ён спраўляўся з сіло, каб хутчэй пакінуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак і планаў, якія зараз займалі большую частку ягонага дня. Калі яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, і чым бліжэй знаёміўся ён з гэтай краінай, тым большым станавілася нецярпенне закончыць аблоў, правесці яго інтэнсіўна, нават бязлітасна, каб толькі хутчэй вызваліцца і цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краіны Срэбных Даляраў.