— Дзе ты прапаў? — аднойчы спытаўся ў яго Зел ціхім, светлым вечарам, калі яны засталіся ў хаціне ўдвух. — Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нібыта і не было!
Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.
— Відаць, блукаў недзе паблізу, — з сумам азваўся ён і адразу ж пашкадаваў пра гэта. — Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зірнуць, ці нікога няма вакол. Ды і холадна на гэтым балоце, не вытрымліваю.
— Вы з Сахатым толькі тым і заняты, каб блукаць невядома дзе, — прамармытаў Зел. — Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.
Але гэтай ноччу Мэрэй так і не вярнуўся. Зел занепакоіўся, а Роя гэта хоць і турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калі ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што і не вернецца за адзін дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмі вопытны лесавік. Іншым, больш гераічным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнік новых земляў, чалавек, які мог бы пракласці шлях, знайсці неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент і не надаць асаблівай увагі свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькі наступны пагорак альбо наступную даліну, ён і зараз, верагодна, затрымаўся на нейкім з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь даліне, замарозіў сябе на трыццаціпяціградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, які Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросціў Сахатаму.
— Ты пойдзеш шукаць яго? — спытаў Зел, калі прачнуўся марозным досвіткам.
— Не, — адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканічна.
Якраз апоўдні першага дня адсутнасці Мэрэя Рой заўважыў, калі выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схіле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечыні на крутым снежным схіле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў паміж двух ствалоў, і па нейкіх асаблівых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласці, што будаваў памост. І Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнік для пушніны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў і недасяжная для драпежнікаў.
— Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, — усміхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлічваць іхнюю пушніну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махінацыях Зела, пасля паціснуў плячыма і пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, і не раззлавала. Яму было абыякава, і дробны махляр Зел і яго пушны склад, — усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.
Некалькі разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вінтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасці ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагібельнай для іх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, і вярнуўся ён толькі праз суткі. Ён прыйшоў з першымі парывамі завірухі. Яго твар пунсавеў, калі ён нагой адчыніў дзверы і кінуў на падлогу бліскучую чорную шкуру вялізнага мядзведзя. Рой зачыніў дзверы, у якія рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся і строс з галавы і шыі тоўсты пласт снегу.
— Так атрымалася: ці мне загінуць, ці яму, — сказаў Мэрэй пра мядзведзя. — Вось я яго і забіў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезці, і я другім уляпіў яму ў горла. А тлусты! Стаіць раскірэчыўшыся, нібыта скунс, а такі тлусты, што і з месца не можа скрануцца.
— А што яшчэ прынёс? — спытаў Зел.
— Ат, дробязь, — сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькі скурак. — Лісяня ды кацяня, вось і ўся здабыча.
— І гэта за тры дні палявання! — заенчыў Зел.
Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хаціну, але зараз Мэрэй маўчаў, і гэта было папярэджанне Зелу і злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, які ляніва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, які гатовы кінуцца на дакучлівую нікчэмнасць і паваліць яго, затаптаць магутнымі капытамі. Рой бачыў гэта, і яму было ўсё роўна. Ён безуважна назіраў, чыя ж возьме, як назіраў бы за сустрэчай вавёркі і шашка, калі б яны задумалі падужацца. Для Роя гэта былі новыя адносіны да людзей, якіх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькі ведаў, што кожны з іх зараз самагодная адзінка і мяжа іхняй адчужанасці менавіта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылі, яны засталіся замкнутымі адзіночкамі: няма ў іх ні сяброўства, ні ўзаемнай дапамогі. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасці яго не кранала, і яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з іх.
Снег ішоў трое сутак, і часам напружанасць станавілася пагрозлівай. Чым больш спакойна і бесклапотна адмахваўся ад дакучлівай мухі Мэрэй, тым больш ядавітым і істэрычным станавіўся Зел. Паміж імі не ўзнікала сапраўднай спрэчкі, толькі дробныя сутычкі: каму галіцца першым альбо хто прынясе вады, ці хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калі Зел заявіў, што, як толькі скончыцца завіруха, ім трэба выбірацца з заказніка. Пушніны ў іх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулі ўвагу, і іх шукаюць.