Выбрать главу

Рой аднак не мог зразумець.

— Але, калі зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую іншую гародніну?

— Ды не цяжкая яна, — сказаў Сэм, — а ўся забалочаная, пракісла.

— Дык асушы яе.

— Ты ж ведаеш, толькі пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.

— А хіба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?

— У мяне толькі дзве рукі, — сказаў Сэм. — Вось чаму табе і трэба застацца. Мы наладзілі б асушку сядзібнага надзела, выкарчавалі б сорак чацвёртую расчыстку, маглі б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукі, Рой, а наняць я нікога не магу.

— А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.

Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлівым позіркам і адвіслымі грудзямі, прысела ля стала.

— Ён быў вельмі заняты, усё здаваў коней, — сказала яна, — а грошы траціў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць іншыя.

Сэм не спрачаўся з жонкай, і Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў іншым: ён няздольны зразумець, што фермерства — гэта разлік; разлік ва ўсім; ніколі не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, ніколі не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, ніколі не пакідаць жывёлу і сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага ні спрыту, ні жадання. Калі ён і страціў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаі.

— А як коні? Працуюць? — Роя гэта цікавіла асабліва, бо гэта ён купіў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купіў толькі два гады таму, затраціўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але і гэта не паспрыяла Сэму.

— Я прадаў запрэжку, — сказаў Сэм і ўпершыню зірнуў на Роя.

— Навошта, Сэм, — злосна ўсклікнуў Рой. — Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!

Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нічога не атрымалася.

Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзіўленне і гнеў ён нейтралізаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамі. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны і прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькі душэўны распад брата, але і распад дома, сямейнага кутка.

— А як жа ты справішся без коней? — сумна прамовіў Рой.

— Ніяк не спраўлюся, калі ты не дапаможаш мне. Пра гэта я і талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены і самотны, проста не падобны сам на сябе.

— А што, калі я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? — прапанаваў Рой. — Джэк зробіць усё, што можа.

— У яго і без мяне хапае клопату, — сказаў Сэм.

— Не хочам мы яго, — умяшалася Руф Мак-Нэйр. — Ён свінапас і лесаруб, адно слова — падзёншчык.

— Ён добры фермер, Руф, — прамовіў Рой.

— А для мяне ён заўсёды будзе батраком, і я не хачу, каб такія людзі дапамагалі мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такім ён быў, такім і застанецца.

Рой цярпліва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькі Руф — старога Боба Мудзі. Сёння ніхто з гэтай сям'і не затрымаўся на зямлі, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж карміла яго. Ён нават купіў два акры той зямлі, якую стары Мудзі мусіў прадаць, калі яго зрабілі банкрутам зямельныя банкі і зламалі пастаянныя спрэчкі, сваркі і грубасць сваіх жа дзяцей, у тым ліку і Руфі. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў іх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю і дробязнасцю, ніколі не падтрымліваючы яго ласкавым словам, спагадлівым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабіць Сэма такім, якім ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў іх адно ад аднаго, хіба што толькі ў тым, што Сэм быў канчаткова знясілены і амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ і зараз спрабавала падбухторваць яго. «Бедны Сэм, — падумаў Рой. — Яму патрэбна была ціхая, спакойная жонка, якая клапацілася б пра яго і паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова і кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становішча Сэма».

— Не хачу я яго, — паўтарала яна і зараз пра Джэка Бэртана. — Я яму і самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калі вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!

— У яго ж уласная ферма, — сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абараніць Джэка. — І гаспадарыць ён няблага.

— Яму інакш і нельга, маючы гэткую жонку: напладзілі цэлы вывадак.

Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынічнай усмешкай, былі падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, і ён адвярнуўся.