Выбрать главу

— Яшчэ не выплакаў свайго воцату! — сказаў Мэрэй.

— А ты наогул не хочаш мець ніякіх стасункаў ні з чым, — з'едліва азваўся Зел, і твар яго скрывіла ад злосці. — Ты страціў рэшткі чалавечага аблічча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становішся лясным зверам і Роя цягнеш туды…

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкі.

— А ты таксама страціў сваё ранейшае аблічча, Зел, — сказаў Мэрэй. — Пара табе садзіцца на зямлю ў Сэнт-Элене і заняцца фермерствам. Відаць, інспектар адбіў табе ўсе бэбахі. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмі прыдатнае!

— Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзіць кулю ў патыліцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, — адказаў Зел. — І калі ты думаеш, што я спалохаўся інспектара, можаш ашчаджаць сліну, гэтаму інспектару засталося нядоўга гуляць. А калі хочаш каму-небудзь параіць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свінарніку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Іхняе маўчанне яшчэ больш распаліла шаленства Зела.

— Ты спытай у Роя, што ён будзе рабіць, калі Эндзі зразумее, хто займаў яго месца апошнія дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, і яно адразу ж прасвістала ў паветры і стукнулася ў сцяну хаціны, але Мэрэй своечасова спусціў з ложка тоўстую нагу і сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукішках, Рой быў падобны на «вадзянога быка», мускулы на шыі набрынялі і, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкія рукі віселі па баках, быццам гнеў яго знясіліў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў і ўздыхнуў.

— Ну, — сказаў ён і выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. — Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусім чорна. — Ён дастаў бутэльку спірту, пераступіў цераз скурчанага на падлозе Зела і стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. — Не прадыхнуць ад воцату! — дадаў ён, наліваючы ў два кубкі. — Вось вам. За тое, каб згінулі, нарэшце, закон і парадак.

Не закон і парадак, а думкі пра Сент-Элен, вось што трэба было заліць Рою віном. Удар Зела здзівіў яго мацней, чым ён мог чакаць, і, здавалася, перарэзаў апошнюю нітачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, і ўзяўся за бутэльку, адкінуўшы ўсялякія цуглі, і горыч праглынула ў ім рэшткі цвярозага гумару.

Раздзел дванаццаты

Калі завіруха, заваліўшы ўсё снегам, нарэшце сціхла, Рой узяў ружжо і на лыжах выправіўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў і застрэліў аленя. Хоць Рой разабраў тушу і павесіў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забіваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў іх яшчэ заставаўся вялікі запас ласінага мяса. Але, калі ён і ўсвядоміў на імгненне ўсю непатрэбнасць імкнення забіць, гэтая думка згінула ў радасным адчуванні, што ён зноў на паляванні, і ён не сыходзіў з хрыбтоў, працягваў падпільноўваць дзічыну, ён быў гатовы забіваць усё, што трапіць яму на мушку, забіваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нічога, акрамя паляўнічага азарту.

Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзіўным. Вялікая заснежаная краіна, краіна доўгіх закругленых ліній, якія недзе ўдалечыні пераходзілі ў снежны гарызонт. Пад нагамі то цвёрды граніт, то мяккія гурбы. А лясы і азёры нібы вялізныя сховы цішыні. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, і кожны раз, як яно чулася, гэты гук вібраваў і праходзіў праз ногі Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогі, частка таго, што і трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзіў так далёка, што даводзілася вяртацца, каб паспець да цемры.

Рой закінуў усе свае пасткі на возеры, і гэта непакоіла яго. Што гэта за лоўля, калі пасткі цэлымі суткамі заставаліся са здабычай, але яшчэ горш было пакінуць іх пасля завірухі. Завіруха замяла пасткі, і, акрамя збору здабычы, трэба было пераставіць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынуліся глыбока ў снезе.

І гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова і агледзець пасткі, бо ён заўважыў дым на ўсходзе і падняўся на адну з бліжэйшых вяршыняў. Але і адтуль ён не мог вызначыць, ці далёка дым, бо снег і шэрае неба скрадвалі адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны і ў гэткі змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць і Мэрэй, і падчас вячэры ў хаціне ён спытаў: