Аднак трывога Роя ўсё большала.
Ён ведаў, што рана ці позна, як толькі паблізу з'явяцца пушныя абходчыкі альбо леснікі, іхняя прысутнасць будзе выяўлена. І Мэрэй толькі спрыяў гэтаму. Падчас яго адсутнасці буйнакаліберная вінтоўка заяўляла пра сябе гучна і часта, і Рой пачынаў думаць, што лес назаўсёды праглынуў Сахатага. Рой вырашыў, калі Сахаты хутка не вернецца, ісці без яго, нават без іх абодвух, калі спатрэбіцца.
Але атрымалася так, што менавіта Зел і прымусіў іх зняцца з месца.
У адсутнасць Мэрэя Рой, у дадатак да лоўлі баброў, звычайна абходзіў і ягоныя пасткі на звярыных сцежках, і на адной з такіх сцежак яго дагнаў Зел. Быў моцны, пякучы мароз, і змерзлы Рой прысеў, каб перакусіць кавалкам халоднай ласяціны разам з рэшткамі марынаваных памідораў са слоіка Джын.
— Рой! — задыхаючыся прашаптаў Зел. — Рой, ідзі хутчэй, зірні сам. Лопніце мае вочы, калі зараз нейкія два д'яблы не пракладваюць сцежку па схіле. Пайшлі на вяршыню. Ідзі хутчэй!
Дажоўваючы ласяціну, Рой ішоў за Зелам да бліжэйшай вяршыні — крутога піка з пляцоўкай наверсе. Зел асцярожна запоўз на пляцоўку і паказаў Рою на асветлены сонцам пакаты схіл, як ён казаў, ён бачыў ці то дзве, ці то тры чалавечыя фігуры.
— Паслухай, Зел, — сказаў Рой. — Як ты мог што-небудзь убачыць на такой адлегласці? А мо гэта проста аленіха з дзіцем?
— Двухногая аленіха? — з'едліва адказаў напарніку Зел.
— На такой адлегласці што хочаш можа здацца!
— Пачакай, сам убачыш, — сказаў Зел. — Калі яны сапраўды пракладваюць сцежку, яны з'явяцца на тым жа схіле, толькі вышэй. Пачакай, зірні…
Рой скончыў ласяціну і пачаў назіраць за далёкім схілам. На ім была сотня адкрытых палосаў паміж купкамі соснаў, і на кожнай з іх маглі з'явіцца людзі, якія прабівалі сцежку. Калі яны з'явяцца на гэтым схіле, за пяць міль адсюль, значыць, яны ідуць на поўдзень, але Рой пакуль яшчэ не надта давяраў паведамленню Зела.
— Глядзі! — прашаптаў Зел і ледзь не падскочыў ад узбуджанасці. — Глядзі вунь на тую адкрытую палоску паміж сухімі клёнамі. Глядзі!
— А ты маеш рацыю, — сказаў Рой, бо ён выразна ўбачыў дзве маленькія чорныя фігуркі, гэта праўда былі людзі. Яны ішлі адзін за адным, высока падымалі ногі, і таму нават на такой адлегласці можна было беспамылкова сказаць, што яны чалавечага роду.
— І ні той, ні другі не Мэрэй, — сказаў Зел. — Занадта малыя.
— Мо гэта якраз тыя браканьеры, — выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.
— Абходчыкі! — заенчыў Зел і нагнуўся. Адна з фігур падняла рукі, быццам падносячы да вачэй бінокль. — Абходчыкі або леснікі! — паўтарыў Зел. — Трэба ўцякаць адсюль.
— Трэба паглядзець, што яны будуць рабіць, — хутка запярэчыў Рой і ўтрымаў Зела. — Паглядзім, куды яны пойдуць.
Пакуль яны гаварылі, чалавечкі падняліся на вяршыню і сталі азірацца, затым павярнулі на сорак пяць градусаў і пайшлі назад, на паўночны захад. Рой імгненна павярнуўся, пачаў узірацца ў паўночныя хрыбты і хутка ўбачыў тое, што і чакаў убачыць.
— Вунь там яшчэ двое, — сказаў ён Зелу і паказаў на поўначы яшчэ дзве фігуркі, якія на імгненне з'явіліся на хрыбце. — Бачыш, што яны робяць? — спытаў ён у Зела. — Чацвёрка праходзіць усю мясцовасць зігзагамі. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснікоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлі ў хаціну — і гайда.
— А як жа Сахаты? — спытаў Зел.
— А ты ведаеш, дзе ён зараз?
— Не, але трэба паспрабаваць знайсці яго. І як быць з пасткамі?
— Кінуць. Нам нельга марудзіць, калі яны пойдуць у наш бок. Пайшлі адсюль, і хутчэй. — Рой ужо таптаў снег сваімі кароткімі гумовікамі, выкідваючы наперад рукі, каб іхняя вага падштурхоўвала яго наперад.
— Калі мы пойдзем без Сахатага, — подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, — дык ён можа папасціся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзіць.
— Калі ты захочаш папярэджваць яго стрэламі, — сказаў Рой, — тады ўся гэтая хеўра адразу яс наваліцца на нас. Сахаты, відаць, ужо сам заўважыў гэтых законнікаў. Пайшлі… Хутчэй!
— А мне здаецца, што трэба даць некалькі стрэлаў.
У Роя быў вінчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё «не».
— Пачакай, вось выберамся з хаціны ў лес — тады іншая справа, — сказаў ён. — Будзем на сцежцы, тады страляй колькі хочаш.
Рой прыспешыў хаду, стараючыся ісці па нізінах і не чакаючы Зела. За сабой ён пакідаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было ісці ўслед.
— І дзе гэта Сахаты? — пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хаціны і ведаючы, што не пакіне яе, пакуль не зробіць хоць нейкай спробы знайсці Мэрэя альбо папярэдзіць яго. — І дзе падзеўся гэты валацуга?