А валацуга тым часам быў у хаціне, скідваў з паліц пустыя слоікі, зрываў са сцен скуры, адзенне і розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром і быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба і цукру.
— Я так і думаў, што вы хутка з'явіцеся, — спакойна сказаў ён Рою. — А дзе Зел?
— Ідзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?
— Вядома. Я за імі два дні сачыў. Сёння раніцай я праскочыў проста ў іх пад носам. Ну, вы сабраліся? — Мэрэй набіваў свой мех нейкім адзеннем. — Дапамажы мне спусціць гэтае смецце ў возера, — папрасіў ён.
Рой дапамог яму аднесці да палонкі ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро, бутэлькі, кацялок, гаршкі, сапсаваныя пасткі, пустыя каробкі ад патронаў. Яны звязалі вяроўкай усе гэтыя здрадніцкія доказы іхняй прысутнасці і затапілі ў возеры, затым вярнуліся ў хаціну, дзе ўжо збіраўся ў дарогу Зел.
— Калі ты вярнуўся? — спытаў ён у Мэрэя.
— Не вельмі даўно, — адказаў Мэрэй.
— Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзіць нас? — дапытваўся Зел.
— Вось зануда! — сказаў Мэрэй. — Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хаціну. Я ведаў, што вы і самі заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.
Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусім не так злаваўся і спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся і пачаў мяняць шкарпэткі, пакуль яго спадарожнікі хутка заканчвалі ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правізіі і пушніны.
— Ведаеце, што можна было б зрабіць? — сказаў Мэрэй, няспешна і з веданнем справы скручваючы папяросу. — Можна было б знайсці тут у лесе надзейную мясціну і залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуі.
— Залягай на здароўе! — адрэзаў Рой.
— А які сэнс пакідаць заказнік, пакуль мы не вычарпалі ўсіх яго магчымасцяў, — сказаў Мэрэй. — У лесе гэтыя малойчыкі нас не знойдуць. Яны, відаць, і міма гэтай хаціны пройдуць і не заўважаць.
— Магчыма, — сказаў Зел. — Але з мяне хопіць, Мэрэй. З мяне хопіць!
У Роя ўсё было сабрана і падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзваліць за спіну цяжкі груз. Калі дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захістаўся ад неверагодна цяжкай ношы.
— Крыху паквапіўся, — сказаў ён Зелу.
— Што ты гаворыш? — падазрона спытаў Зел, але адказу не было.
Затым Рой дапамог узваліць мех Мэрэю.
— Можаш заставацца, калі хочаш, — сказаў Рой, — але я адчуваю сябе як загнаная ліса. Мне трэба пакідаць паміж мной і абходчыкамі як мага больш адлегласці. Так што рушым!
Мэрэй старанна зачыніў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, ці няма там правізіі. Яе засталося ў іх вельмі мала, па разліках Роя — не больш як на тры дні.
— У які бок пойдзем? — у апошні момант спытаў Зел.
— Можна прайсці праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, — сказаў Мэрэй.
— На поўнач? — здзівіўся Рой. — Навошта на поўнач?
— Туды шлях свабодны, Рой.
— Свабодны шлях у невядомае, — азваўся Рой. — Я пайду на поўдзень.
— Няма сэнсу выходзіць з лесу на поўдзень, — пярэчыў Мэрэй. — Там нас чакае палова ўсіх абходчыкаў заказніка, і яны сядуць нам на шыю, як толькі мы з'явімся.
— Ён мае рацыю, Рой, — сказаў Зел, — не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калі адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якіх мы можам выйсці з лесу і пакінуць іх з носам.
— Ну выйдзеш ты з лесу, — сказаў Рой, — а што далей? Як ты разлічваеш патрапіць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогі.
— Сент-Элен? — сказаў Мэрэй. — А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?
— Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, — падтрымаў яго Зел.
— Магчыма, — сказаў Рой і не стаў ім тлумачыць, што поўнач азначае для яго новую пагрозу адзіноты. Яго спадарожнікі былі ўжо адлучаны ад Муск-о-гі, ім было ўсё адно. Але Рой ведаў, што для яго адзіная надзея — гэта вярнуцца на свой участак і пасля ў Сент-Элен так, каб ніхто і не здагадаўся, што ён быў у заказніку. Пайдзі ён на поўнач, і яму спатрэбяцца месяцы адседжвання і розныя хітрыкі, каб дабрацца назад у Сент-Элен, а за гэты час напэўна выявіцца яго злачынства. Да Мэрэя і Зела гэта не мела адносін, бо яны і без гэтага ўжо толькі цені людзей. Але калі ён, Рой, зараз не вернецца ў Сент-Элен, інспектар, вядома, здагадаецца, што справа нячыстая. Значыць, гэта было пытанне бяспекі — але не толькі. Рашэнне яго было цвёрдае. Трэба ісці на поўдзень, небяспечна гэта ці не. Ён мусіць вярнуцца да свайго ўласнага існавання. Мусіць. Ён павінен жыць ва ўласнай хаціне, з яе звыклым укладам, з цвёрдай пэўнасцю, якую яна яму давала, з грамадскім абавязкам, які яна на яго ўскладвала. Побач за ракой павінны быць Скоці і Самсон, а там за лесам — Сент-Элен. Ён мусіць вярнуцца і сустрэцца з Эндзі. Ён ведаў і гэта, нават калі са сціснутымі зубамі ішоў на рызыку быць злоўленым, прарываючыся на поўдзень. Але ён павінен быў выбраць гэты шлях і прарвацца міма абходчыкаў, якія яго чакалі.