— Ідзіце на поўнач, калі хочаце, — паўтарыў ён. — А я іду дамоў.
Яны зноў пачалі яго пераконваць, але станавілася надта небяспечна заставацца ў лесе, які пачалі ўжо прачэсваць два патрулі. Мэрэй не разумеў рашэння Роя, але гэта яго не датычыла. Зел прыгледзеўся да Роя і, здавалася, на імгненне нешта зразумеў. У яго самога была нават хвіліна хістання, а пасля ўзнікла цьмянае, але яўнае шкадаванне, што ён не можа ісці з Роем.
— Калі дабярэшся, — сказаў ён Рою, — хоць як-небудзь паведамі маёй старой, што я таксама падамся дамоў, як толькі спраўлюся з гэтай пушнінай. Скажы ёй, што на гэта мне спатрэбіцца некалькі месяцаў.
— Добра, Зел, — адказаў Рой.
— А на будучы год вернемся сюды? — спытаў Мэрэй.
— Цяжка сказаць, Сахаты, — няўпэўнена адказаў Рой, — але з табой я дакладна ўбачуся.
— Магчыма, — засмяяўся Мэрэй. — Магчыма.
Рой махнуў ім рукой, і ў яго ружжы бразнуў затвор. Затым ён пайшоў уніз па схіле прабіваць сваю апошнюю сцежку па белым возеры Фей. Ён меркаваў, што пакуль яшчэ нікога з іх не заўважылі. Гэта была перавага перад магчымымі праследвальнікамі. Ён зірнуў у чыстае неба з марным спадзяваннем на снег, які зацерушыў бы ягоныя сляды, але пры такім надвор'і — а яно магло трымацца яшчэ шмат дзён — ён ведаў, што пакіне за сабой выразны след, след дзвюх чалавечых ног, які цяжка схаваць у гэтай свежазаснежанай краіне. Ён вырашыў ісці на захад да Сярэбранай ракі, замест таго каб скіраваць адразу на поўдзень да ўчастка Скоці. Ён разлічваў, што калі да Сярэбранай ракі яго не дагоняць, ён можа спакойна ісці ўздоўж яе русла да самага Муск-о-гі. Таму ён павярнуў на захад.
— Калі хочуць злавіць, дык давядзецца палавіць, — прамармытаў ён, папраўляючы на лбе галаўную папругу, і з гэтымі словамі пачаў паход, які павінен быў стаць апошнім выпрабаваннем для яго дужых ног, апошнім выклікам заблытаным абставінам і чалавечаму закону, адным словам, — яго выніковым выклікам лёсу.
Ён адчуваў адносную бяспеку, пакуль трымаўся лясістых нізін, але неўзабаве яму давялося выйсці на адкрытую мясцовасць, каб перасекчы адзін хрыбет, а затым і наступны. Ён увесь час стараўся ісці за чарговым грэбенем, каб схавацца ад праследвальнікаў, і быў перакананы, што не страціць ніводнага шанцу, які давалі яму яго спрыт і знаходлівасць, як раптам яго аглушыла з'яўленне яшчэ дваіх людзей. Яны з'явіліся з зусім нечаканага напрамку і ішлі супрацьлеглым схілам нізіны. Ён упаў на снег у цень скалы, але яго мех высока тырчаў над снегам, і Рой, калі назіраў за імі, адчуваў сябе як паралізаваны страхам цецярук. Яны былі так блізка, што ён адрозніваў іхнія твары, і, без усялякага сумнення, гэта былі пушныя абходчыкі. У іх былі форменныя штаны, скураныя курткі і ўвесь рыштунак абходчыкаў. Яны яшчэ не заўважылі яго, але яму нельга было крануцца з месца раней, чым яны адыдуцца хоць на паўмілі. Асцярожна паварочваючы галаву, ён азіраўся ва ўсе бакі, пакуль не ўбачыў другую пару таго ж патруля. Ідучы ўлукаткі, яны разам з калегамі густа прачэсвалі ўсю мясцовасць, як гэта рабіў і першы патруль.
Другая пара была так далёка, што Рой ледзь мог іх адрозніць, аднак у адным з іх ён угадаў воблік, надта падобны на пушнога інспектара з Сент-Элена. Рой не быў цалкам перакананы, але і ад таго, што ён убачыў, кроў молатам застукала ў ягоных вісках. Ён усё яшчэ не мог скрануцца з месца, бо першая, бліжняя пара не сыходзіла з грэбеня, але калі яна, нарэшце, стала спускацца, заходзячы яму за спіну, ён ціхенька пералез цераз грэбень і пачаў хуткі спуск, скарыстоўваючы і сваю вагу і вагу свайго грузу, з адчаем і злосцю топчучы снег і ведаючы, што патруль вось-вось перасячэ яго сляды — вось тады і пачнецца сапраўдная пагоня.
Раздзел чатырнаццаты
Нізка нагнуўшы галаву і выпрастаўшы спіну, ён набіраў хуткасць, быццам паволі сталеючы шторм, дабіваючыся максімуму, нязменнага і на схілах, і ў нізінах, і праз лес, і ўздоўж хрыбтоў. Ён ведаў, што ніхто не здолее спаборнічаць з ім адзін на адзін, але яму даводзілася спаборнічаць з тэхнічнай перавагай праследвальнікаў: яны былі больш экіпіраваныя для праследавання, чым ён для ўцёкаў. Перш за ўсё, чацвёра на аднаго, а гэта былі амаль вырашальныя абставіны, калі трэба было прабіваць сцежку. Рою даводзілася, не збаўляючы тэмпу, самому таптаць сабе сцежку, часцей лыжамі. А чацвёра праследвальнікаў маглі рабіць гэта па чарзе, даючы адпачынак тром іншым. Ужо гэтая перавага пазбаўляла Роя надзеі пратрымацца больш за два-тры дні: пасля гэтага, калі не пачне ісці снег, яны дакладна дагоняць яго.