— Ну вось, нарэшце і адолеў мяне прыяцель-інспектар! — сумна ўсміхнуўся Рой.
Ён пасмяяўся з прыяцеля-інспектара і зрабіў тое, на што інспектар ніколі не пайшоў бы. Калі сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы ніводзін лесавік. Ісці па такой мясцовасці ў цемры было небяспечна не толькі само па сабе (калі спатыкнешся, можна адразу сарвацца і зламаць сабе шыю), было небяспечна і тым, што міжволі беручы ўлева, можна лёгка прыйсці менавіта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякіх арыенціраў, напралом, праз усе хрыбты і нізіны. Гэта быў шлях навобмацак, калі давяраеш толькі інстынкту і компасу — гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлівых імпульсаў. Рой так стаміўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзіным, чаго мог хацець чалавек. Ногі яго падкошваліся, і ён дарагой цаной плаціў за сумніўную перавагу адарвацца ад пагоні максімум на пяць-шэсць міль. Але зараз для яго гэта быў адзіны шанц, і ён ішоў і падаў у цемры, настойліва ішоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, які павінен жа быў калі-небудзь пайсці.
Чатыры мілі ён не змог адолець і, не прайшоўшы і трох, скінуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнік і вырашыў, што раніцай не ступіць і кроку. Хай прыходзіць інспектар. Хай будзе што будзе. Памітусіўся, і хопіць. Лёгка хацець прыстанішча ў Сент-Элене, калі яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопіць! І ён дазволіў сабе вялікую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзі, не давядзецца пераносіць усё тое горкае і пакутлівае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра інспектар можа з'явіцца і забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, і яго канец.
Апошнім намаганнем ён расклаў спальнік і, як толькі залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.
Раздзел пятнаццаты
Снег пайшоў пад раніцу, калі Рой яшчэ спаў, і снег не разбудзіў яго. Снегам занясло спальнік, яго выпрастаныя рукі, нават твар і ўсю галаву, а ён усё спаў, пакуль не развіднела. Тады ён расплюшчыў вочы і сеў.
— Ідзі, снег, ідзі! — закрычаў ён. І яшчэ раз, і яшчэ.
Ён строс снег з шапкі і ботаў, якія паклаў пад галаву, абуў іх і быў гатовы ў дарогу. Яго кароткія ногі гатовы былі таптаць снег, усё яго цела было гатова да пераходу, які павінен быў раз і назаўсёды адрэзаць яго ад пагоні. Ён не губляў часу на яду. Пажаваў кавалак смажанага зайца, закінуў свой занесены снегам мех за спіну, высмаркаўся проста ў снег і адразу ж стаў на лыжы.
Рой ведаў, што яшчэ далёка не ўцёк ад небяспекі. Спаў ён доўга, і патрулі маглі быць у яго за спіною, дастаткова блізка, каб выявіць яго сляды яшчэ да таго, як іх зацярушыць снег.
На першы хрыбет ён падымаўся вельмі асцярожна, заклапочаны тым, каб вызначыцца на мясцовасці пасля сляпога начнога пераходу. Свае назіранні ён рабіў пад прыкрыццём бярозавага зарасніку, і яго сэрца радавалася ад снежнай смугі, белага палатна на схілах, радавала яго і нізкае цяжкае неба, невыразны і засмужаны гарызонт.
— Ну, дзе ж вы, паляўнічыя? — у захапленні крыкнуў ён.
Яму хацелася крычаць ім: дзе вы-ы? Дзе дзеўся ўвесь ваш закон і парадак? Чатыры чалавекі і ўсе іх палявыя біноклі і шыкоўны рыштунак і правізія — усё гэта зараз было непатрэбнае. Адзінае, што магло яго знайсці і загнаць, гэта самалёт, але ў такое надвор'е і гэта малаверагодна, у такое надвор'е ён мог не баяцца, што яго заўважаць — ці то з неба, ці то з зямлі. Сама добрае надвор'е для лісы, казаў ён, і ліса схавае сляды.
Зараз ён дакладна ведаў, што яму рабіць. Ён павярнуў проста на ўсход, ідучы паралельна курсу, якога трымаўся да гэтага. Ён ведаў, што патрулі абшукаюць увесь раён, дзе згубяць яго след, але ці дадумаюцца яны вяртацца назад, каб лавіць яго ў сябе за спіной? Ён гэта ведаў і на гэта разлічваў і працягваў заблытваць след, ідучы проста на ўсход, нават без намёку на паўднёвы напрамак. Ён ішоў так усю раніцу, яго адноўленая энергія грэбавала стомленасцю ног, лыжы былі нібыта крылы на задубелых халодных нагах. Ён ішоў з максімальнай хуткасцю да той пары, пакуль не адчуў, што яго надзейна абараняе снег — снегапад, які ўсё мацнеў і заносіў яго сляды, як толькі з іх сыходзілі лыжы. Зараз ён сапраўды спяшаўся, бо ведаў, куды ідзе, і хацеў скарыстаць усе шанцы. Ён імкнуўся скараціць дарогу, ішоў па адкрытай мясцовасці, гэтаму спрыяла дрэнная бачнасць. Ён ведаў, што адарваўся ад праследвальнікаў, і спакойна пайшоў нацянькі па замерзлым ручаі, разлічваючы трапіць на возера і далей на карацейшую дарогу да далёкіх хрыбтоў Муск-о-гі. Шлях па ручаі быў круты, але гэта было толькі дадатковай праверкай яго майстэрства ездзіць на лыжах, адным з тых дробных выпрабаванняў, якія толькі падбадзёрвалі яго. Цяжар меха прыгінаў яго да зямлі, але ён не ўпаў і не пайшоў больш павольна.