Выбрать главу

Ручай ужо станавіўся шырокім перад упадзеннем у возера, і па характары вусця ён бачыў, што вясной гэта паўнаводны, бурлівы паток. Хоць гэта і павінна было перасцерагчы яго, ён працягваў ісці проста па ручаі ў возера. Занадта позна ён заўважыў палонку на водмелі, куды пад вуглом упадала другая замерзлая рэчка. У тое ж імгненне ён адчуў, што лёд пад ім прагінаецца. Калі лёд трэснуў, ён яшчэ спрабаваў збочыць, але зразумеў, што ўсё гэта дарэмна: лёд раскалоўся і праглынуў яго. З задушаным крыкам ён з размаху стукнуўся аб край лёду і адчуў, як холадам сціснула галаву.

Апускаючыся на дно, ён зразумеў, што не выплыве, калі не здолее вызваліцца ад мяха. З усіх сіл стараючыся дастаць нож, ён боўтаўся, адчуваючы, як ледзяная вада ахоплівае ўсё яго цела, цесна абдымае неверагодным холадам. Дастаць нож не ўдавалася, не было часу. Ён выпусціў з рук ружжо, і гэта быў зараз яго адзіны ўсвядомлены ўчынак, хоць ён і ведаў, які гэта смяротны грэх. Смех сяброў-паляўнічых гучаў у ягоных вушах, калі ён нарэшце прабіў галавой ледзяную плёнку і шумна выдыхнуў з лёгкіх паветра.

Ён трымаўся за лёд і разважаў, як яму вылезці з вады з мехам на плячах і з лыжамі на нагах. Ахвяраваўшы ружжом, ён не хацеў ахвяраваць і пушнінай. Марудзіць было небяспечна, але ён уважліва даследаваў моц лёду. Затым павярнуўся да яго краю спіной, каб мех аказаўся на лёдзе, і вызваліў рукі. Адштурхнуўшы мех далей ад палонкі, ён сам выкаціўся на лёд, быццам мокры цюлень на лыжах. Ляжаў на лёдзе і асцярожна падштурхоўваў перад сабой мех, так ён дабраўся да моцнага лёду. Тады ён дастаў сякеру і, пакінуўшы мех на беразе, кінуўся да бліжэйшых дрэваў. Яму было так холадна, што, здавалася, ногі вось-вось хруснуць і адломяцца. Усё цела білі дрыжыкі.

Васьмі такіх хвілін было дастаткова, каб забіць чалавека, і Рой ведаў, што бегчы далёка няма калі. Ён адразу прыкмеціў сярод дрэў лепшае паліва — стары дупляны корч, сухі і трухлявы. Ён захапіў на распалку сухі піхтавы сук, знямелымі рукамі падцягнуў яго да карча, раскалоў і расшчапіў корч і запаліў піхтавы сук васковай запалкай са сваёй воданепранікальнай запалачніцы. Піхта загарэлася, смала ўспыхнула, пырснула ва ўсе бакі, і корч адразу ахапіла полымя. Рой стаяў блізка да агню, зрываў сваё адзенне і адчуваў, як полымя ліжа яго твар. Калі абгарэў сук, полымя апала, але пачаў разгарацца корч, і Рой стаяў выцягнуўшы да яго рукі. Адна рука пацяплела, ён яшчэ пашчапаў ахоплены агнём корч і, калі агонь успыхнуў мацней, убачыў, што на руках гараць валасы. Цяпла ён амаль не адчуваў, але адчуў пах гарэлага мяса і тады зірнуў на ногі, якія былі амаль што ў агні. Тлушч выступіў на скуры і сцякаў па лытках, станавіўся пухірамі і шыпеў, як сала на ражне. Ён хуценька адступіўся і павярнуўся да агню спіной.

Ён ведаў, што скалечыў сабе ногі. Было недаравальным глупствам стаяць так блізка ад агню, але вернутае цяпло было варта таго. Ён нагнуўся і пакачаў адзенне па снезе, каб выціснуць з яго хоць крыху вільгаці, а затым устаў і, стоячы голым на снезе, засмяяўся:

— Вось каб зірнуў на мяне зараз інспектар!

І дадаў, назіраючы за тым, як ад агню падымаецца струмень дыму:

— Эх, інспектар, інспектар!

Інспектар і яго патрульныя, верагодна, заўважаць гэты дым, і Рой ведаў, што зноў страчана яго перавага. Ён не мог спяшацца, бо яму патрэбен быў час, каб пацяплела цела і адзенне. Ён разлічыў, што на гэта спатрэбіцца рэштка дня і ўся ноч, але выходзіць трэба вельмі рана.

Пакуль яшчэ было светла, ён галяком зрабіў некалькі кароткіх адлучак, каб набраць паліва і падцягнудь мех. Вада не трапіла ўнутр меха, і там знайшліся сухія шкарпэткі, сухі быў і спальнік. Ён залез у яго, уладкаваўся каля самага агню і спаў прыхваткамі, часта прачынаўся, каб падкінуць дроў у агонь.

Яшчэ да світання ён выбраўся ў дарогу. Па мяккім снезе ішоў настойліва, але павольна. Цяжкі шлях, хмурны, марудны і цяжкі. Снег перастаў, і патрулям было лёгка высачыць яго ад месца начлегу, але ён упарта і панура цягнуўся да бліжняй хаціны ў Муск-о-гі. Калі ён можа ісці, нягледзячы на абадраныя, пакрытыя пухірамі ногі, здубянелае цела, усё большы голад і знясіленне, тады ён усё ж выжыве. Зараз яго мала непакоіла, зловяць яго патрулі ці не. Яму былі патрэбны цяпло і сховішча. Яму патрэбна было чалавечае жытло, каб схавацца ад суровай раз'юшанай прыроды.