Сэм паківаў галавой.
— Джэк выкручваецца таму, што збірае хоць нейкі капітал — карчуе зямлю іншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другі і яго прыціснуць. Усе гэтыя карлікавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусім не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнікла таму, што некалькі пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулі Мак-Нэйра, прывалакліся сюды за лесарубамі і пачалі калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свіней і выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта і было выніковым, але яно скончылася адразу, як толькі лясныя кампаніі ўзялі ўсё забеспячэнне ў свае рукі. А пасля, калі лесарубы агалілі ўсю акругу і пайшлі, фермерства тут пазбавілася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысці і Мак-Нэйрам, ісці ў Манітобу, на Ніягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлі, чапляліся за лясную ўскраіну, як занесеныя снегам авечкі, якія баяцца скрануцца з месца, — Сэм носікам бота адчыніў дзверцы печкі і плюнуў на вуголлі. — Дык вось, я менавіта той Мак-Нэйр, які не затрымаецца тут, калі не атрымае дапамогі. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.
Рой прамаўчаў.
— Калі ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.
Рой ступіў некалькі цяжкіх крокаў, адчыніў дзверы кухні і цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкі. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам і прасядзеў там моўчкі, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх і адразу спусціўся ўніз з вялікім пакункам і двума звязкамі скурак з-пад матраца.
Руф Мак-Нэйр назірала за ім. Ведаючы, куды ён збіраецца, яна з'едліва прамовіла, калі ён адчыняў знадворныя дзверы:
— Вось пойдзеш так калі-небудзь да Эндруса і спаткаеш свайго Эндзі.
Рой прыпыніўся ля адчыненых дзвярэй.
— Кажуць, што яго бачылі! — гукнула яна следам.
Рой імкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапіліся ў яго і рвалі на часткі яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камяністых градах на палях і сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калі Эндзі Эндрус ужо дома, з Джын, і чакае, калі на дарозе з'явіцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, ідучы па гэтых мясцінах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але ні разу яшчэ не было і прыкмет на тое, што Эндзі дзесьці тут.
Дванаццаць гадоў таму апошні раз бачылі, як Эндзі Эндрус пешкі ішоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагі, але, відаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабіць. Пакінуўшы жонку і дваіх дзяцей, ён так і не вярнуўся. Нават паліцыя не змагла адшукаць яго — жывога ці мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзі, у тым ліку і Рой, верылі, што Эндзі жывы і калі-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслівы і хуткі на рашэнні, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцінстве яны з Роем і Джэкам Бэртанам былі тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, іх рэдка бачылі ў школе, яны вечна прападалі ў лесе, аблазілі ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацігадовымі юнакамі яны разам палявалі і ставілі пасткі, але Эндзі быў занадта няўрымслівы, каб праводзіць у лесе месяц за месяцам, і ён выправіўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай і выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага ні разу не пакідала. Ажаніўшыся, Эндзі зрабіў усё, што мог, каб наладзіць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закінутай, і Эндзі перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў — драўляны зруб на тры пакоі з прысядзібным участкам. Некалькі гадоў ён быў падзельнікам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калі працавалася, але так і не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлі. І Рой і Джэк Бэртан заўсёды лічылі, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калі ён уцёк, ім стала не хапаць яго, асабліва Рою. Акрамя таго, што ён страціў Эндзі-сябра, не стала і незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Іменна Эндрус забіраў у Роя ўсе лішкі пушніны — усе незаконныя і не ў сезон здабытыя скуркі — і спакойна збываў іх на пушніннай факторыі ў Бага — бліжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, і пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасці. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, і тлумачыліся яго паляўнічыя поспехі. Без незаконнай пушніны ён нядоўга пратрымаўся б на сваім паляўнічым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калі Эндзі збег, Рой апынуўся ў складаным становішчы. Сам ён не мог вазіць скуркі на факторыю, гэта было б надта адкрыта і небяспечна. На дапамогу прыйшла місіс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушніны за грошы — звычайныя камісійныя ў такіх здзелках. Рой згадзіўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацаніў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мініяцюрная гараджанка, якая так і не вызвалілася ад сваіх гарадскіх звычак і манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульні з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якім яе аўтарытэт гараджанкі і мініяцюрная знешнасць спаборнічалі з даверлівасцю інспектара і праставатасцю акружной паліцыі, — паядынак, які яна вяла тымі ж макіавелеўскімі метадамі, якімі змагаўся супраць інспектара сам Рой.