Выбрать главу

Раздзел шаснаццаты

Ён ужо амаль траціў прытомнасць ад слабасці, і ў яго з'явілася думка, што прыйшоў канец, як раптам ён убачыў на сцежцы Індзейца Боба. З'яўленне індзейца яго ўразіла, як уразіла б усё знаёмае, бо ўвесь свет нібыта адышоў ад яго пасля трох дзён напаўмеханічнага слізгання па снезе і прытоптвання снегу. Свядомасць была амаль што выцеснена пакутлівай аднастайнасцю гэтага вымушанага прасоўвання наперад крок за крокам, дзень за днём. Але з'яўленне на сцежцы Індзейца Боба было такім рэальным, што прывяло да вяртання і іншых рэальнасцей, у тым ліку і ўласнага знясілення і адчаю. Калі ён паспрабаваў спыніць свае апухлыя вочы на высокай фігуры індзейца, дык ледзь не ўпаў.

— Я і думаў, што гэта ты, — сказаў яму Боб.

Рой ледзьве пачуў яго словы.

— Хэло, Боб! — сказаў ён і захістаўся на сваіх лыжах. Мех прыціскаў яго да зямлі і разломваў яму спіну.

Боб не быў упэўнены, што Рой не п'яны. У Роя быў выгляд сапраўды п'янага.

— Што з табой, Рой? — спытаў Боб. — Табе дрэнна?

— Так, Боб. Так, так, дрэнна. Праваліўся пад лёд. Некалькі дзён таму. А ці далёка да хаціны на Чатырох Азёрах?

— Некалькі міль, — сказаў Боб і падняў мех Роя. — Вызваляй рукі, — сказаў ён, — і ідзі за мной.

Рой паслухаўся, і, калі груз быў зняты з плячэй, яму стала яшчэ цяжэй трымацца на нагах. Зараз у гэтым амаль не было сэнсу.

— Пайшлі, Рой, — прапанаваў Боб. — Не адставай!

— Ідзі, — сказаў ён Бобу. — Ідзі, а то я ўпаду і памру.

Індзеец узваліў на свае плечы яго вялізны мех і пачаў пракладваць сцежку, спачатку павольна, але затым прыспешчваючы крок. Калі Рой падаў, Боб не падымаў яго, а толькі чакаў, каб ён сам устаў, ведаючы, што сама нязначная дапамога можа даканаць Роя. Рой і сам добра ведаў гэта, але ўсё адно сварыўся, што Боб не дапамагае яму, і даходзіў да шаленства, што той не звяртае ўвагі на яго сварку.

Боб вёў яго сама лёгкім шляхам, які быў і сама доўгім, але Рой валокся амаль механічна, нібыта яго прыцягваў магніт. Ён зноў страціў усялякае адчуванне рэальнасці, яго абуджалі толькі пакутлівыя спускі на лыжах. Ён бачыў перад сабой дзве доўгія нагі ў руху, і яны вялі яго ўжо за межамі ўсялякай вынослівасці. Калі ногі, нарэшце, спыніліся, перад імі ўзніклі абрысы ягонай хаціны на Чатырох Азёрах. У яго яшчэ хапіла сілы скінуць з ног лыжы і перакуліцца цераз парог, але калі ён бразнуўся на бярозавы ложак, апошні атам яго энергіі быў зрасходаваны і ён адразу праваліўся ў глыбокі сон.

Рой заўсёды жыў у свеце рэальнага, і пячатка падсвядомага не пакінула на ім свайго кляйма. Але гэтай ноччу падсвядомасць, нібыта наганяючы страчаны час, адразу паквіталася з выразнасцю яго думак. Рэальныя падзеі апошніх дзён і нерэальны свет кашмараў спляліся ў адзін балючы клубок. Цудоўная рэальнасць свету, гуку і дотыку пакінула яго і саступіла месца чорным, пакутлівым вобразам зямлі, якая расколвалася, курчылася, вырывалася з-пад яго ног. Яшчэ больш дзіўнымі былі вобразы людзей, якія вырасталі ў дрэвы, у звяроў, у горы. Роя яны мучылі і прыгняталі, а затым адна вялізная гара, якая вырасла пад самае неба і выцягнула наперад скалістую руку, аглушыла яго ледзяной дубінай. Наносячы ўдар, гара раптам ператварылася ў Эндзі, і з адчуваннем цяжкай рукі Эндзі ён прачнуўся.

— Так, значыць, паляўнічы вярнуўся дамоў, — пачуў ён.

— Скоці! — Рой яшчэ ніколі так не радаваўся чалавечаму голасу.

— Ага, ён!

Рой адчуваў, як яго рот распаўзаецца ва ўсмешцы.

— Калі ты ўстанеш, — сказаў Скоці, — я маю, чым цябе пачаставаць. Здаецца, ты згаладаў.

Рой сеў і ўбачыў, што на яго пазіраюць Скоці, Самсон і Індзеец Боб. Засмяяцца ён не мог, бо распухлі губы і язык. І ён толькі ўсіхнуўся, адчуваючы цяпло хаціны ля Чатырох Азёр. Зараз ён усё разумеў. Міжволі ён азірнуўся: дзе ж Эндзі? Але Эндзі тут не было.

— Прывітанне цёплай кампаніі, — сказаў ён.

— Мы з Самсонам прыйшлі ўчора вечарам, — растлумачыў яму Скоці. — Трэба было зрабіць апошні абход тваіх бабровых пастак, перш чым здымаць іх.

— Здымаць? А мо яшчэ рана?

— Ведаеш, запахла смажаным, Рой, — сказаў Самсон. — З той пары, як ты пайшоў, сюды зазіралі розныя людзі.

— Інспектар? — спытаў Рой.

— Не. Яго і духу не чуваць.

Рой цяжка ўздыхнуў.

— Ён гнаўся за мной. Хіба ты не заўважыў учора, што за мною гналіся? — спытаў ён у Індзейца Боба.