Выбрать главу

— Яны ўзялі курс на Паўночны полюс, — адказаў Рой.

— Ну і пагулялі вы там уволю, — працягваў Самсон. — Шкада, што я не пайшоў з вамі.

Рой хацеў адказаць шчыра, хоць на хвіліну быць з імі шчырым. На яго твары можна было прачытаць гэтую праўду, і Скоці з Бобам прачыталі яе, але Рой толькі ўсміхнуўся Самсону.

— Праўда? — сказаў ён. — Адзін раз за год я думаў наведвацца туды для адпачынку. Наступным разам пойдзем са мною, Самсон. Там якраз патрэбен такі чалавек, як ты. Усе звяры там толькі і чакаюць, каб аддаць табе свае скуры.

— Праўда? Гэта мяне задавальняе, — важна адказаў Самсон.

— Мы з табой супраць усяго свету, — падхапіў Рой.

— І супраць інспектара, — нагадаў Скоці.

Рой рассмяяўся, як бывала раней, і са шчаслівым стогнам паваліўся на ложак.

— Ваша вялікасць, Скоці Малькольм! — сказаў ён. Так ён ляжаў, маючы асалоду, пакуль яго не напалохала мінулае. — Калі іспектар усё яшчэ на маім следзе, — сказаў ён, — мне лепш сысці на возера Т і прыкінуцца прыкладным траперам.

— Сёння ты нікуды не пойдзеш, — сказаў яму Скоці.

— Табе будзе дрэнна, Рой, — сказаў Боб.

— Ведаю, — адказаў Рой. — Толькі я ўсё адно пайду.

Яны так і не пераканалі яго, паказалі, дзе схавана пушніна, і прыбралі ў хаціне, пакуль ён адпачываў. Калі яны скончылі, ён апрануў сваю брызентавую куртку і выйшаў.

Самсон спытаў:

— А дзе тваё ружжо, Рой?

— Згубіў! — сказаў Рой.

— А вохці мне, ён утапіў ружжо ў тым возеры! — загукаў Самсон. — Ён згубіў ружжо!

— Даводзілася выбіраць: ружжо альбо жыццё, — спрабаваў абараняцца зніякавелы Рой.

Яны засмяяліся, Скоці і Самсон рагаталі аглушальна, а Індзеец Боб даволі абыякава назіраў, як белыя людзі разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасці.

— Ну як? Задаволены? — сказаў Рой. — Пайшлі!

Яны развіталіся каля хаціны; Скоці павёў Роя проста на возера Т, Індзеец Боб зноў пайшоў на паляванне, а Самсон накіраваўся на захад, да Літл-Рывера. Ён пайшоў з хаціны апошнім і, праводзячы доўгім позіркам камлюкаваты сілуэт Роя, не мог стрымаць захаплення, якое межавала з зайздрасцю.

Каб дабрацца да хаціны на возеры Т, Рою і Скоці спатрэбілася ўся рэштка дня, і па дарозе Рою, як ён і чакаў, стала блага. Але калі апынуўся ў хаціне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоці рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сіла. Кожны гук і пах былі для яго гаючым бальзамам, і не было рэчы ў хаціне, якая нездавалася б яму новай і свежай.

— А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзіў госць, — сказаў яму Скоці.

— Мядзведзь з лесу?

— Не зусім, — запярэчыў Скоці. — Прыходзіў Эндзі Эндрус, каб убачыць цябе.

— Убачыць мяне?

— Ага.

— А ён не сказаў, чаго хацеў?

Скоці пакруціў галавой.

— Сказаў, што зайшоў па дарозе.

— А чаго?

— Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.

Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкі слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкі бульбы, якую рэзаў Скоці. Ён ведаў, што Скоці ніколі не скажа яму, ці гаварыў Эндзі пра Джыні.

— Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.

— На казённым хлебе. Быў у арміі, — сказаў Скоці.

— Сказаў, што робіць у Сент-Элене?

— Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напіліся.

Раней Скоці любіў Эндзі, як і ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзі не любіць. Рой задумаўся — чаму. І зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносіцца да Эндзі. Ён ведаў Эндзі такім, якім ён быў дванаццаць гадоў таму, і такога чалавека ён не мог не любіць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзі не павінен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы і не мог выявіць свае сапраўдныя адносіны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвінавацілі. Няхай Эндзі сярдуе, хай скарыстае сілу — гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джыні і самога Роя выкліча толькі адпор, гэта ён ведаў дакладна.

— Ведаеш, — задумліва гаварыў Скоці. — У нечым Эндзі падобны да Мэрэя. Хоць ён і служыў у арміі, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у ім валацугу. Яму на ўсіх і на ўсё напляваць. Такі тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.

— І хай бы заставаўся ў арміі! — сказаў Рой, знаходзячы імгненна палёгку ў сваёй незадаволенасці, але яшчэ больш перакананы, што Эндзі шукае з ім сваркі.

Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справіўшыся з Эндзі, ён выявіў, што ў яго ёсць і іншыя, больш страшныя сумненні. У заказніку Рой ні разу не сумняваўся ў Джыні таму, што ніяк не мог уявіць сабе нейкія адносіны паміж ёй і Эндрусам. Калі ён уяўляў сабе яе, дык яе воблік звязваўся для яго толькі з ім самім. Гэтую ілюзію ён прынёс з сабой з заказніка. Зараз, аднак, усё змянілася. Так блізка ад дому і падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джыні, і гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытанні: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзі, ці задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна ні разу не сказала дрэннага слова пра Эндзі, ні разу не крыўдавала на яго за знікненне і, што важней, ніколі не была пастаўлена перад неабходнасцю выбіраць паміж імі. Дык што ж яна адчувае зараз? Ці мог Эндзі так проста ўвайсці ў дзверы яе кухні і замяніць сабой сезоннага, паўпрывіднага госця — яго, Роя? Рою не хацелася верыць у гэта, але ён ведаў, што не выключана і такая магчымасць. Эндзі вярнуўся, вось, магчыма, і ўсё, што зараз азначае для яго Джыні.