Было толькі адно месца, дзе ён мог з'явіцца, і ён пайшоў туды. Апоўдні Рой быў ужо такі п'яны, што не мог вылезці з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на паліцы з надпісам: «Мука і бабовыя», — часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцінай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карціна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, які заклікаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку іхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карціны, але агульнае ўражанне ў яго было, і галава паслужліва дапаўняла дэталі, якіх не хапала.
— Моцна трымаецца за сваё, — паўтарыў ён. — Моцна трымаецца стары гарадок.
— Чаму ты не ідзеш дамоў? — пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня. — Ідзі, Рой. Ідзі дамоў.
— У мяне няма дома, — адказаў Рой. — Няма ў мяне хаты.
— Дык ідзі да Джэка Бэртана.
— Джэк пайшоў! — закрычаў ён. — Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкі.
Амерыканец адчапіўся, і Рой усю ноч праспаў на паліцы. Ён прачнуўся толькі раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць і ісці да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая інстынктыўная абачлівасць затрымала яго.
Ранкам Скоці і Самсон знайшлі яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукішках, падставіўшы галаву пад промні яркага сакавіцкага сонца.
— Вось дзе ён, наш знакаміты звералоў! — сказаў Самсон.
— Мы шукалі цябе, — сказаў Скоці. — Калі ты прыйшоў у горад?
Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланіць вочы, якія ён падняў на Скоці. Шапкі не было.
— Я вярнуўся нядаўна, — сказаў ён.
— Ну што ж, якраз своечасова, — сказаў Скоці, стройны і чысценькі, у гарадскім пінжаку і свежаадпрасаваных габардзінавых штанах. — Нас усіх склікае інспектар.
— Каго склікае? — спытаў Рой і, нарэшце, устаў.
— Усю кампанію, — патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада і валасы былі падпраўлены, і ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялізны рост, і яго чырванашчокі здаровы твар ажно свяціўся. — Гэты інспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.
— Прыяцель-інспектар! — сказаў Рой і насупіўся. — Не хачу бачыць інспектара! Прыяцеля-інспектара! — крычаў ён. — Прыяцель-інспектар!
— Пайшлі, Рой. Калі ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.
— Што ён хоча? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Скоці, — ён выклікаў сёння ўсіх трапераў Муск-о-гі. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсці самому і паглядзець. Які сэнс хавацца?
Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасці, нейкаму завяршэнню.
— Дзе мая шапка? — сказаў ён. — Дзе яна, Самсон?
Самсон знайшоў яе ў бары і нацягнуў Рою на галаву. Ішлі моўчкі. Рою не было што гаварыць, Скоці быў надта засмучаны выглядам Роя і яго бедамі. Час ад часу Самсон пазіраў на Скоці, круціў галавой і некалькі разоў падтрымліваў Роя, калі той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы інспектара, Рой спыніўся ля снежнай гурбы і пацёр мокрым снегам твар і рэдкія валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысціў з каленяў гразь, але, калі яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзілі да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.
У маленькай канторы інспектара ўжо сабраліся іншыя дзесяць трапераў Муск-о-гі. Са з'яўленнем Роя, Скоці і Самсона ў зборы былі ўсе трынаццаць. Тут былі людзі, якіх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавілі ў Муск-о-гі амаль побач. Усе даўнія сябры, якія віталі адзін аднаго грубаватымі жартамі сапраўдных лесавікоў.
— Хэло, Рой, — казалі яны. — Вось ён, граза каліфарнійскіх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!
Ніхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, і некаторыя не глядзелі на яго: яны ўжо ведалі пра Сэма. Яны ведалі пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ ні з кім не гаварыў пра дэзерцірства брата, і ніхто з іх не пачынаў гэтай гаворкі; ніхто не хацеў быць надакучлівым. «Ну як, яшчэ не злавіў ён цябе, Рой?», — звыкла гаварылі яны, ведаючы, што Рой любіць, калі яму нагадваюць пра паядынак з інспектарам.
Рой адказваў усім, але ў яго жартах не было запалу, і ён быў задаволены, калі яго пакінулі ў спакоі ў кутку побач з Індзейцам Бобам.
— У цябе ўсё нармальна, Рой? — спытаў індзеец.
Рой кіўнуў.
— Нармальна, Боб, — сказаў ён. — Як у бабра на плаціне!
Больш яны не размаўлялі, чакаючы з'яўлення інспектара.
Разам з грузнай фігурай інспектара ў пакоі з'явіўся яшчэ адзін камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк — той заолаг, які быў у Роя на пачатку зімы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукі, абяцала рашучыя меры.