Выбрать главу

— Табе пашанцавала, Лью! — закрычаў яму Скоці. — Участак твой!

Стары нічога не адказаў, толькі акуратна склаў лісток, нібыта гэта быў на самай справе законны дакумент на права валодання.

Затым падышоў Самсон, азірнуўся на Скоці і пацягнуў.

— Пуста, — сказаў ён. — Нічога няма.

Скоці міргнуў і асцярожна выцягнуў руку. Ён спачатку ўсміхнуўся, паказваючы падпісаны лісток, але затым зніякавеў.

— Я не вінаваты, — сказаў ён Самсону. — Праўда, не вінаваты!

— Рой, — хутка паклікаў Бэрк і падаў шапку.

Рой зірнуў на Бэрка і згадаў шалёную гонку па возеры Т, калі прыляцеў самалёт біёлагаў. У ягоных пальцах зараз было возера Т і яго хаціна, і ўвесь Муск-о-гі, і на імгненне ён убачыў, як вяртаецца туды і зноў шукае шчасце нават на ўсечанай тэрыторыі, у Муск-о-гі, які страціў палову свайго насельніцтва і большую частку дзічыны.

— Гэта ваша шапка, Рой, — сказаў Бэрк. — Смялей цягніце!

Рой пацягнуў — і Рой выйграў, і пачуліся вітанні ў гонар Роя, і ён зразумеў — перад ім толькі адно рашэнне: як і раней — лес. Не было ні Сент-Элена, ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Пасля ён зразумеў, што выбраў сабе лясную адзіноту, і пачаў назіраць за Індзейцам Бобам.

Індзеец не прывык гуляць пры вырашэнні жыццёва важных пытанняў, азарт не быў характэрным для яго народа. Рабіць стаўкі яго прымушалі толькі вымушаныя адносіны з белымі людзьмі, але і тут закон адбіраў у яго аднолькавы шанц, як закон адбіраў, напрыклад, права ўжываць спіртное. Але зараз яму была навязана сама буйная гульня ў ягоным жыцці, і ён паглядзеў на Бэрка з пагардай індзейца не толькі да аднаго Бэрка, але і да ўсіх Бэркаў на свеце.

Боб прайграў, але, паміраючы, яго вочы і смяротна белыя губы нічога з ягоных пачуццяў не выявілі.

Тры іншыя надпісаныя лісцікі былі хутчэй трагедыяй, чым спрыяннем лёсу, і апошні выцягнуў п'яніца ірландзец, якога лес паступова губіў і зараз мог загубіць канчаткова.

— Так, з гэтым вырашылі, — сказаў інспектар, і ў яго быў выгляд чалавека, які таксама нешта страціў. — Застаецца дадаць няшмат. Новыя ўчасткі на поўначы па-ранейшаму адкрытыя і будуць адкрытыя да мая. Калі хто-небудзь з вас хоча паляваць там, я прыму заяву і абяцаю, што вы атрымаеце ўчасткі. Я ведаю, што гэта далёка і што амаль немагчыма жыць тут, у Сент-Элене, а паляваць там. Гэта, вядома, ужо не мой раён. Але я паспрабую дабіцца, каб быў вызначаны зручны шлях па рацэ Ўіп-о-Ўіл, каб за кошт урада былі ачышчаны волакі і нешта накшталт сцежак, каб кожны хоць раз за сезон мог дабрацца сюды пешкі і на лодцы. Я не ўпэўнены, што мне гэта ўдасца, але вось містэр Бэрк згодзен паклапаціцца пра гэта ў дэпартаменце. Дык вось, калі нехта хоча атрымаць участак на поўначы, запішыцеся ў мяне. Здаецца, усё.

Яны разыходзіліся няспешна, бо такі сход наўрад ці паўторыцца, і кожны меў што сказаць іншаму. Выключэннем быў Рой, і Рой пайшоў першы. Ідучы міма інспектара і Бэрка, ён спыніўся, каб узяць сваю шапку. Бэрк падаў яе Рою.

— За паляўнічае шчасце! — з усмешкай прамовіў ён, відаць, чакаючы, што Рой на гэта неяк адгукнецца.

Рой узяў шапку і ў прыязным позірку Бэрка ўбачыў магчымасць уласнага адраджэння. Ён мог вярнуцца да сваіх азёр, і лясоў, і звярыных сцежак. Мог вярнуцца да змены паляўнічых сезонаў і аднавіць свой паядынак са стыхіямі і з пушным інспектарам.

У адказ на заахвочвальную ўсмешку Бэрка ў ім расло жаданне мець усё гэта, і ўсё адно ён ведаў, што не вернецца. Калі няма для яго Сент-Элена, няма і Муск-о-гі, і вобраз Муск-о-гі стаў цьмяным. Рой адзеў шапку на галаву.

— Як палявалі, Рой? — спытаў інспектар.

— Добра.

— Пушніна, вядома, першагатунковая?

— Розная.

— А каму прадалі? — спытаў інспектар.

— Яшчэ пакуль нікому, — сказаў Рой і раптам прыняў рашэнне. — Ведаеце што, інспектар, — прамовіў ён. — Калі не будзе пярэчанняў, аддайце мой участак Індзейцу Бобу. Вы не будзеце супраць?

Інспектар не адразу зразумеў Роя.

— Навошта? — сказаў ён. — Вы атрымалі яго, а Боб возьме сабе ўчастак на поўначы.

Рой страціў цярпенне.

— Я адмаўляюся ад свайго ўчастка. Перадайце яго Бобу, калі, вядома, ён захоча.

Рой ведаў зараз, што жаданне адмовіцца ў яго ўзнікла яшчэ ў той момант, калі ён убачыў у руках індзейца чысты белы лісток. У гэты момант уласная перамога Роя стала для яго крахам, і зараз ён без шкадавання аддаваў участак Бобу. Яго не клапаціла, што ён парушыў закон ці паляваў у заказніку. Ён аддаваў участак Бобу таму, што не мог вярнуцца ў Муск-о-гі, аддаваў як усвядомлены ім доўг перад індзейцам і перад любым чалавекам, перад усімі людзьмі, якія ў сваю чаргу былі ў даўгу перад ім і выручылі б яго ў выпадку патрэбы.