Эндрус хацеў яшчэ нешта дадаць, але тут яны разам пачулі, як Джыні Эндрус за дзвярыма нешта гаворыць да сабакі, і абодва сядзелі моўчкі, пакуль яна не ўвайшла ў хату. Яна зірнула спачатку на Эндзі, затым на Роя. Пасля прычыніла дзверы, нібыта прымала выклік.
— Гэта з вамі прыйшла гэтая лайка? — спытала яна ў Роя.
— Са мною, — вінавата адказаў ён.
— Яна ўжо даўно швэндаецца па горадзе, — сказала місіс Эндрус. — Відаць, адбілася ад некага з індзейцаў.
Яна ні слова не прамовіла да Эндруса: нібы не заўважала яго, але, і не заўважаючы, прымала яго прысутнасць як непазбежнасць, і міжвольны позірк Эндзі даказаў гэта. Тым самым Рой быў нібыта адхілены, і ён з адчаем зірнуў на Джыні, каб пераканацца ў гэтым. Ён не рашыўся зірнуць ёй у твар, але назіраў за кожным рухам місіс Эндрус, за тым, як яна скідала чаравікі і здымала кароткую шэрую армейскую куртку. Калі скінула гэтую няўклюдную абалонку, яна стала той статнай і мілай жанчынай, якой ён прывык яе сабе ўяўляць, і тады ён зніякавела зірнуў ёй у твар. Кароткія кучаравыя валасы былі надта кароткія, твар пахудзеў: толькі гэта ён і заўважыў на яе тонкім твары, які заўсёды быў вуглаватым і вострым, і зараз нічога іншага ён на яе твары не прачытаў.
— Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнінай? — пачуў ён голас Эндзі.
— Так, — цвёрда сказаў Рой. — А Джыні прадае тое, што я злаўлю. — Яму трэба было хоць нейкім чынам уключыць у размову Джыні.
— Яна мне расказвала. — Эндрус пазіраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.
— Чаго ты вярнуўся, Эндзі? — незадаволена спытаў Рой.
— Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалі вяртацца, вось і вярнуўся.
— Табе не трэба было вяртацца! Эндрус паціснуў плячыма:
— Магчыма. — Ён пачынаў злавацца.
Рою хацелася, каб Джыні падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкі. Рой застаўся адзін.
— Ты хочаш застацца ў Сент-Элене? — спытаў ён у Эндзі з жаданнем як мага хутчэй усё высветліць і скончыць, злуючыся на Джыні і ідучы напралом.
Гэта для Эндзі было ўжо занадта.
— Ну і Рой, — закрычаў ён. — Што з табой сёння? Што з табой? — бушаваў ён. — Не, вы толькі падумайце! Я вось ужо колькі гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерці. Так, так! Джыні кажа, што ты і лічыў мяне мёртвым. І вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзіш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?
Рой ледзь дыхаў.
— Што са мной? — недарэчна паўтарыў ён.
— Ага, што з табой?
У гэтым сярдзітым воклічы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скінуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамі; і Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзі, Эндзі з халодным пустым позіркам, але недзе ўнутры — усё той жа няўрымслівы і непаседлівы Эндзі.
— Ты проста застаў мяне знянацку, — сказаў Рой, і губы яго скрывіліся ад усмешкі.
— Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кінешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзіны чалавек, які павінен узрадавацца мне. Ты горш за Джыні.
— А Джыні табе ўзрадавалася? — забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.
Круглыя вочы Эндруса абмацалі ўсяго Роя.
— Дык вось што цябе турбуе? — Эндзі адкінуў галаву і рассмяяўся так, што ажно закалаціўся стол, бразнуў рондаль на паліцы, заміргала лямпа. — Ну і дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джыні? — Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькі зараз успомніў пра яе, і пакруціў галавой. — Ах, Джыні! — сказаў ён. — Дык у чым справа? Хіба Рой не клапоціцца пра цябе? Хіба вы не валодаеце разам знакамітай пушной фірмай: Рой і кампанія? — Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвіліна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвінавачанне: некалькі з'едлівых слоў, паблажлівая ўсмешка.
— Аблапошылі Роя, — сказаў Эндзі, і ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.
— Перастань смяяцца, — сказала яму Джын Эндрус.
— Ведаеш, Рой, — сказаў Эндзі, зноў звяртаючыся да сябра. — Калі б у яе была сіла, яна схапіла б мяне за каршэнь і выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявіўся месяц таму. Тады яна зусім звар'яцела.
— Ты не маеш права асуджаць яе, — сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе і не верачы ні ў што.
— А я яе не асуджаю, — сказаў Эндзі і пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы і расправіўшы грудзі, як мяхі. — Але чаго ёй вар'яцець? Павінна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джыні?
— Не махай рукамі, — сказала яму Джыні, — а то высыплеш на сябе муку, і спыні гэтыя размовы.
— А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, — спытаў Эндзі, тупаючы ля пліты.