Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў і ўспрыняў як належнае, што Эндзі ніяк не хвалюе такое становішча. Ну ні кропелькі! Эндзі, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго міжвольны жарт быў выкліканы тым, што іхнія адносіны яго пацешылі, але за гэтым не было ні адабрэння, ні асуджэння, а тым больш выраку. Эндзі глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны працэс ляснога жыцця. Гэта здзівіла Роя, — спачатку з'явілася адчуванне палёгкі, а затым і трывогі. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносінах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, і, гледзячы на выцвілыя вочы сябра, ён бачыў у іх нешта халоднае і нечалавечае. І праўда: «Гэты хлопец — прыродны валацуга!» Нядзіўна, што ёні не гневаецца, і не асуджае. Эндзі Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.
— Не, я на цябе не крыўдую, — сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. — А што ты рабіў усе гэтыя гады?
— З адной заварухі ў другую, — сказаў Эндзі, — усё больш у арміі.
— Не разумею, навошта табе армія? — сказаў Рой.
— Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! — Відаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на імгненне заззялі, і яго захапілі ўспаміны.
— Ты ўсё яшчэ ў арміі?
— Не. Некалькі месяцаў, як пакінуў.
— Зусім? — Рою хацелася скончыць хутчэй.
— Нібыта так, калі толькі зноў не прагаладаюся, — Эндзі меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце і засмяяўся. — Я чуў, што ты быў у заказніку з Сахатым? — сказаў ён.
Джыні зірнула на яго.
— Цішэй, — сказала яна, — могуць пачуць.
— А як маюцца гэтыя валацугі, Сахаты і Зел? — спытаў Эндзі, які прапусціў міма папярэджанне Джыні, ён пазіраў на яе, як яна падышла да пліты і паставіла на агонь каву.
Рой таксама назіраў за Джыні. Яму хацелася ўстаць і самому зварыць каву, але ён прымусіў сябе сядзець на месцы.
— Нічога, жывуць. Яны пайшлі на поўнач, ратаваліся ад патрулёў.
— А чаму вярнуўся ты? — спытаў Эндзі.
Рой паціснуў плячыма.
— Ды вось рызыкнуў, — сказаў ён няпэўна.
— Тут цябе нічога не трымае, Рой? — загрымеў Эндзі.
Рой не адказаў.
— Ты ўпэўнены, што цябе тут нічога не ўтрымлівае?
— А што мяне можа трымаць? — нецярпліва агрызнуўся Рой.
Эндзі быў у захапленні.
— Не ведаю, Рой. Толькі ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусім як Зел. Гэта нядобра…
Рою гэта не падабалася, і ён усё менш ахвотна адказваў на пытанні і на грубаватыя жарты. Эндзі быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; і гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страціў першапачатковы план і мэту гэтай сустрэчы — стыхійны напор гіганта Эндзі зваліў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джыні і вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзі проста не было за што зачапіцца, Рой не ведаў, як да яго падступіцца.
— Рой, — працягваў між тым Эндзі, — табе трэба было б нешта зрабіць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусім зарос мохам. Сядзіш так, нібыта і не збіраешся ўставаць з месца. Хопіць, Рой, пайшлі і атрасем пыл гэтай мясціны з нашых ног. Давай, Рой!
Пачуўшы гэты гарачы заклік, Джыні перастала збіраць вячэру і зірнула на мужчын; але ў гэты момант яны не помнілі пра Джыні. У гэтых словах захавалася былое захапленне, аднак Рой не зусім разумеў намер Эндзі.
— Не сядзі ля дамашняй печы, Рой, апячэшся, — настойваў Эндзі.
Толькі зараз Рой зразумеў: Эндзі спрабуе ўратаваць яго, уратаваць яго ад Джыні. Сямейнае жыццё, хата, клопаты, словам, усё тое, што было ўвасоблена ў Джыні, ад усяго гэтага Эндзі паказваў Рою шлях выратавання. Гэта была праява такога сяброўства Эндзі ў адносінах да Роя і такой абыякавасці ў адносінах да Джыні, што Рой засмяяўся, гледзячы на Эндзі, як ён смяяўся б, калі б слухаў лухту прыдуркаватага Джэкі Прата.
— Ты і на самай справе валацуга! — не вытрымаў Рой. — Табе толькі і бадзяцца па свеце, толькі і лезці на ражон.
— Ну і што? Гэта праўда, Рой! Пойдзем?
Рой пакруціў галавой і зноў засмяяўся.
— Не, дзякую!
— Ды ну цябе, Рой. Прысохнуць твае штаны да гэтага крэсла. Пайшлі адсюль. Пайшлі ў бар і вып'ем. — Эндзі ўжо стаяў у дзвярах. Рой устаў. Джыні паставіла капцілку на камін і, не апускаючы рукі, глядзела: не на Эндзі, на Роя. — Пайшлі, Рой! — клікаў Эндзі.
Рой хістаўся і вагаўся.
— Не, я застануся, — сказаў ён.
— Перастань. Пайшлі! Я тут не буду доўга. Пайшлі, Рой. Хоць раз нап'ёмся як след!
— У мяне і так ажно трашчыць галава, — сказаў Рой. — Мо заўтра.
— Заўтра мяне тут ужо мо не будзе.