Выбрать главу

— Дык ты сапраўды ў Штаты?

— Так, і зараз ужо назусім. Чаго мне вяртацца ў гэтыя правінцыяльныя гарадкі, тут мне няма месца, Рой!

Ён выразна адчуваў асалоду ўцёкаў і не пакідаў пасля сябе зусім нічога. Эндзі нічога не даваў, нічога і не патрабаваў. Ён проста сыходзіў — і сыходзіў так, нібыта і не вяртаўся, нібыта і раней ніколі не сыходзіў і ніколі тут не жыў. Ён яшчэ раз спытаўся ў Роя:

— Дык ідзём?

— Зараз не, — адказаў Рой.

Усё было зразумела, і Эндрус сказаў:

— Твая справа, Рой. Ты скончаны чалавек! — Ён памаўчаў, а затым засмяяўся сваім абыякавым смехам. І вось ужо ён пайшоў прэч, кінуўшы на развітанне: — Ну што ж! Значыцца, я спазніўся. Бывай, сябар. Бывай, Рой! — і не азіраючыся, не падумаўшы і хвіліну пра жыцці, якія пакідаў за сваімі плячыма, як тур, кінуўся проста праз гразь і ў тое ж імгненне знік у змроку. Рой паслухаў яго цяжкія крокі, але і гук іх растаў гэтак жа, як растаў у цемры Эндзі. Ён пайшоў — і ўсё было скончана.

А Рой усё яшчэ ў задуменні доўга стаяў ля вушака.

— Ідзіце, Рой, — паклікала яго Джыні. — Вячэра на стале.

Калі Рой увайшоў на кухню, уся няёмкасць яго з'яўлення тут зноў ахапіла яго. Ён сеў за стол, але ўспомніў, які ён брудны і растрапаны. Ён памыўся над ракавінай, выцер твар кухонным ручніком і хутчэй зноў сеў за стол, дзе чакала яго Джыні. Толькі зараз Рой заўважыў адсутнасць яе сына.

— А дзе Джок? — спытаў ён.

— Я адаслала яго ў Таронта да свайго бацькі, — сказала Джыні. — Я не хацела трымаць тут яго пры Эндзі.

— А ён бачыўся з Эндзі?

Яна адмоўна пакруціла галавой. Ей, здавалася, было нават непрыемна гаварыць пра Эндзі, але яна ўселася ў крэсла, паклала локці на стол і стала пільна пазіраць на Роя, прымушаючы яго зразумець, што зараз яны адны.

Пра вячэру забыліся.

— У Эндзі тут няма ніякага інтарэсу, Рой, — сказала яна. — Я яму спачатку спрабавала растлумачыць, але ён не слухае. Я і перастала.

Рой кіўнуў. Ён, зрэшты, зразумеў Джыні, яшчэ калі Эндзі быў тут. Яе прымушала маўчаць не тое, што яна прымала Эндзі, а тое, што ён для яе быў пустым месцам.

— Эндзі ўвесь час прыходзіў сюды? — спытаў ён, каб назаўсёды скончыць з гэтым.

— Я бачыла яго толькі два-тры разы, і ён прыходзіў сюды толькі пытацца пра цябе. Першы раз я спрабавала растлумачыць яму, але ён не слухаў. Тады я сказала яму, што не хачу яго больш бачыць. Я прагнала яго. Я ведала, што ён яшчэ ў горадзе, але не бачыла яго да мінулага тыдня. — Ён адчуваў злосць у яе голасе, і гэта надавала яму сілы.

— Пра што ён гаварыў? — спытаў Рой.

— Ні пра што. Зусім ні пра што, — сказала яна. Зараз яна была спакойная, клапатлівая, засцерагала Роя ад пакут сумлення, бо зараз у іх пачыналася барацьба з сабой. — Я сказала яму, што не хачу бачыць яго. Вось і ўсё. Вось і ўсё, што было, Рой, але яму было ўсё адно. Яго нічога не цікавіла, ён нават не слухаў мяне.

Рой усё яшчэ не верыў. Ён не рашаўся радавацца таму, што Джын Эндрус аб'явіла яму свой выбар. Яна дастаткова выразна сказала яму, што абараняла інтарэсы абодвух і сцвярджала іх права жыць так, як яны жылі, але ва ўсім гэтым было іншае.

— Не думаю, каб ён вярнуўся яшчэ раз, — сказала яна.

Тут Рой зразумеў, што становішча ў іх горшае, чым было раней.

Пакуль яны лічылі, што Эндзі прапаў і, магчыма, ніколі не вернецца, у іхніх адносінах была пэўнасць і яснасць. Зараз, калі ён усё ж вярнуўся і зноў пойдзе, становішча станавілася больш заблытанае, чым раней. Яны заўсёды будуць ведаць, што Эндзі ёсць, усё адно — далёка ці блізка. Зараз ён быў рэальнасцю, а не воблікам мінулага. Абыякавы разрыў Эндзі з гэтым мінулым зусім нічога для іх не мяняў; Эндзі нібыта злавіў іх у пастку, і Рой не бачыў ніякага выйсця, асабліва зараз, калі ў яго не было ўчастка. Сэм пайшоў, і ісці на поўнач не было сэнсу: нічога надзейнага не заставалася для яго ў Сент-Элене. Нават Джыні.

— Вячэра стыне, — сказала яна, здагадваючыся, пра што ён думае, і імкнучыся ўнушыць яму цярпенне. Няхай пазней сам ва ўсім разбіраецца.

— А дзе пушніна? — спытала яна.

— Я пакінуў яе ў Джэка.

Рой паспрабаваў есці, але кавалак станавіўся ў яго папярок горла, і ён пачаў прыглядвацца да Джыні так, як ніколі не глядзеў на яе раней. Ён глядзеў без звыклай ніякаватасці, нібыта меў нарэшце на гэта права.

— А ўсё-такі няхай бы ён лепш не вяртаўся, — сказаў Рой.

Гэта было сама большае, што ён мог сказаць, чым мог вымераць іхнюю бяду.

— Я ведаю, — сказала яна. — Але на гэты раз ён не вернецца.

Ён ведаў, што яна прапануе яму надзейнае сяброўства, абароненае ад любых чужых памкненняў. Гэта ён атрымаў, і ён ведаў гэта лепш, чым калі-небудзь. І ўсё адно гэта нічога не вырашала. Сапраўды скарб, схаваны ў тым, што яму прапаноўвалася, выслізгваў з ягоных рук. Затым зноў з'явілася злосць на Сэма, зноў успыхнуў ягоны бунт супраць лёсу; страта Сент-Элена і лесу ўвасобіліся ў адной гэтай жанчыне, у адной гэтай хаце, якая зараз належала банку.