Выбрать главу

— Як гэта яны вас тут пакінулі? — спытаў ён.

Джыні нібыта здзівілася пытанню, але пасля павольная ўсмешка паказала, што яна зразумела. Яна ўстала, абышла вакол стала і села каля Роя з падкрэсленай рашучасцю. Затым паглядзела на яго быццам з неразуменнем.

— Я думала, што Джэк расказаў…

— Што расказаў?

Яна зноў памаўчала.

— Спадзяюся, гэтым разам было добрае паляванне?

Рой ведаў цану гэтым яе спакойным словам: ён бачыў горад Таронта, чуў званок трамвайнага вагона, які вадзіў яе бацька, бачыў усіх гэтых гарадскіх жанчын, якія спяшаліся да сваіх пішучых машынак ці да прылаўкаў, каб абслугоўваць народ.

— А што? Чаму гэта так важна?

— Вось чаму. Я патраціла тыя шэсцьсот даляраў. Я купіла гэтую хату і ўчастак на чатыры акры. На аўкцыёне. Ён ішоў асобна, вось я і купіла яго, Рой.

Рой ляпнуў сябе па тоўстых каленях.

— Вы купілі старую хату?! — сказаў ён.

— Купіла.

Ён гатовы быў кпіць над лёсам, смяяцца. Раптам ён усё зразумеў. Яму вярталі ўсё яго жыццё, а Эндзі нібыта і не было. Вось яна, пэўнасць, якую ўвесь час у яго адбіралі. Джын уцягнула яго назад у жыццё, яна дала яму адзіна магчымы адказ — і менавіта тут, у Сент-Элене. Але свет зноў пагрозліва насоўваўся на яго.

— Чатыры акры гразі! — сказаў ён. — Вы хочаце зрабіць з мяне фермера? — Ён быў гатовы зноў растаптаць усё гэта.

— Не, Рой, не, — сказала яна. — Не кажыце, што я хачу зрабіць з вас фермера. Проста я купіла хату, вось і ўсё.

— Правільна, Джыні, — хуценька адказаў ён.

— Я зусім не хачу зрабіць з вас фермера, — паўтарыла яна.

— А ці ведаеце вы, што я не маю больш паляўнічага ўчастка, — сказаў ён.

— Я ведаю. Я бачыла ў горадзе Скоці і іншых.

— А мо і мне варта стаць фермерам, — бесклапотна прамовіў ён.

— Вы скончылі б, як і ваш брат Сэм.

Зараз ён цудоўна ведаў усё, усё, што паслалі яму багі, але яму хацелася падражніць яе.

— А што, калі я пайду на поўнач? — сказаў ён. — Тады вы, вядомая рэч, выправіцеся ў свой Таронта?

— Вы можаце ісці куды хочаце, — спакойна адказала яна. — Я выкупіла гэтую ферму. Я і буду ўтрымліваць яе. А вы ідзіце куды хочаце!

— І вы думаеце справіцца з фермай? — ён стараўся запалохаць яе. — Вы думаеце, што адна справіцеся з чатырма акрамі?

— І з гэтым спраўлюся, — сказала яна.

— Праўда, — сказаў ён супакоена. — Бадай што справіцеся!

— А як вы? — спытала яна са сваім гарадскім лаканізмам.

— Што я… — пачаў ён.

Яна чакала.

Затым ён раптоўна пайшоў да дзвярэй.

— Я хутка вярнуся, Джыні, — сказаў ён.

— Куды ты? — гукнула яна наўздагон.

— Пайду паталкую з інспектарам, — азваўся ён і ў тое ж імгненне знік за дзвярыма.

Яна назірала, як ён спускаўся з ганка, а індзейскі сабака — за ім. Яна чула, як ён клікаў сабаку, бачыла, як ён, высока ўздымаючы кароткія ногі, з плюханнем ішоў па гразі, нібыта гэта была паляўнічая сцежка, і чула, як ён смяяўся сваім ранейшым смехам.