— Пра Эндзі нічога не чуваць? — спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркі ў газету і ўкладваючы іх у куфар ля акна.
На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круціла галавой.
На гэты раз яна ўзяла газету з палічкі над камінам і падала яе Рою.
— Не ведаю, ці Эндзі гэта, ці не, — сказала яна, паказваючы на заметку. — У яго ёсць іншае імя?
Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкі Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесіяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа і за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.
— Падобна на Эндзі! — з адабрэннем зазначыў Рой.
— Дык гэта ён?
Рой сказаў:
— Не, Эндзі завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элістэр Гардон Эндрус. Хіба яна не ведае?
— Я не ведала іншага імя, акрамя Эндзі, — сказала яна. — Дзякуй Богу, што ён не ў турме.
— Бедны Эндзі, — сказаў Рой.
Ён гартаў газету далей. Гэта была «Таронта стар энд Джорнел».
— Дзе вы гэта ўзялі? — спытаўся ён.
— Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.
Рой успыхнуў і шпурнуў газету, нібыта гэта была сама Руф.
— Руф сказала мне, што Эндзі бачылі тут.
— Нехта сказаў ёй, што Эндзі працуе на рудніках у Сэдберы, — патлумачыла яна. — Але Эндзі ніколі не працаваў бы на рудніку. Праўда?
Рой паціснуў плячыма і не адказаў.
Місіс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, і сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважліва кантралявала свае жэсты і адразу пачала прыбіраць на кухні. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзінота Роя ў лесе рабіла надта высокай яго патрабавальнасць да іншых, асабліва да яе. А Джын ведала, што яна даволі неахайная: не ў адзенні, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоікаў на стале, у якія яна наліла ўжо воцат са спецыямі, каб марынаваць радыску, рэпу, буракі і зялёныя памідоры. Яна засунула тазы з рэшткамі гародніны пад стол і разгладзіла на буфеце дарожкі з цыраты. Хацела падмясці падлогу, але перадумала.
Рой назіраў за гэтым і зразумеў, чым гэта выклікана. Усё, што яна зараз рабіла, было крыху знарочыстым. Яна нібыта пакеплівала з яго ўяўленняў пра чысціню і парадак. Яна дабілася свайго, ён памякчэў і ўжо быў гатовы рассмяяцца, калі ў кухню зайшоў яе чатырнаццацігадовы сын.
— Хэло, містэр Мак-Нэйр, — прамовіў ён. Пры іншых абставінах ён назваў бы Роя па імені, але пры маці гэта быў містэр Мак-Нэйр.
— Добры вечар, Джок, — сур'ёзна адказаў Рой і зазначыў, як і штогод, якім падобным на Эндзі расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, відавочная незалежнасць — усё гэта было ад Эндзі.
— Учора я сустрэў інспектара, — сказаў Джок, — ён спытаўся ў мяне, ці ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька і што ў горадзе яго няма, а калі ён з'явіцца, вы ўсё адно яго не зловіце. — Джок засмяяўся, засмяялася і яго маці.
— А што ён хацеў, той інспектар? — спытаў Рой. Больш ён нічога не прамовіў, і яго пытанне прагучала занадта заклапочана.
— Ён хацеў проста даведацца, ці вярнуліся вы, — сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабіў Рою непрыемнасць і што Рой ніколі на яго не пакрыўдзіцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любіў Роя. Кожны год ён упрошваў маці адпусціць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта ні слова.
— Як школа? — спытаў Рой.
— Да Каляд закончу.
Рою хацелася спытаць у яго, ці не збіраецца ён паступіць у які-небудзь тэхнікум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасці з тым, як Джок рос і адбіваўся ад рук, Джын Эндрус некалькі разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнічаць па-бацькоўску, не адносна адказнасці, а проста ў якасці цвёрдай рукі. Але Рой адмовіўся ад усялякага ўмяшальніцтва. Ён любіў Джока як сына Эндзі — і ўсё тут. Больш глыбокія, бацькоўскія пачуцці былі затрачаны ім на малодшую сястру Джока — Джульету. Яна пражыла толькі восем гадоў, і за гэты кароткі тэрмін Рой палюбіў дзяўчынку як уласнае дзіця, і Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на маці, але ў яе была асаблівая дзіцячая высакароднасць, і яна лягчэй прынараўлівалася да людзей, асабліва да Роя. Лепш за яе ён ніколі нікога не ведаў. Калі аднойчы ён вярнуўся дамоў і даведаўся, што яе адвезлі ў акруговую бальніцу, адкуль яна і не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, і вельмі надоўга жыццё яго зрабілася змрочным.